Гамілія на ІІІ ВН, год А

"Пане Езу, тлумач нам Пісанні, няхай палае сэрца нашае, калі да нас прамаўляеш."

Дарагія Браты і сёстры! 

Сёння Езус Хрыстус запрашае нас, як калісьці сваіх вучняў, прайсці з Ім шлях з Ерузалема да Эмаус. І хоць геаграфічная адлегласць гэтага падарожжа дзесьці каля 12 кіламетраў, аднак нас Хрыстус запрашае прайсці яго ў духоўным плане. Настаўнік з Назарэту жадае паказаць нам сэнс згубленай надзеі.

Дарагія! Нашае сэрца прагне такога жыцця, якое здольнае тут на зямлі забяспечыць нам супакой і напоўніць нас сапраўднай радасцю і шчасцем. Мяркую, што такое жаданне ўласціва кожнаму з нас. 

Як жа часта мы сумуем аб спакойным жыцці: без цярпення, без цяжкасцяў, без праблемаў, каб усё складвалася так як мы гэтага хочам. Даволі рэдка мы можам спаткаць такіх людзей, якія на працягу некалькі год або некалькі дзесяткаў год цешуцца такім спакоем і радасцю, такім жыццёвым шцілем. Найчасцей такое жыццё можна заўважыць у асобаў мала веруючых, няверуючых, або абыякавых да рэлігійнага і духоўнага жыцця. У жыцці сапраўднага хрысціяніна такіх доўгіх перыядаў шчасця і супакою амаль няма. 

Вельмі часта, калі пачынаем рэалізоўваць нашыя прагненні у сваім жыцці, то заўважаем, што рэалізаваць іх не так проста і гэта нас можа прыгнятаць, знеахвочваць ці нават расчароўваць. Бо нейкія нашыя чаканні ў жыцці не апраўдаліся. І тады мы апынаемся перад абліччам няздзейсненай або незрэалізаванай, а можа нават згубленай надзеі.

Мае дарагія, падобнае было і ў жыцці вучняў Езуса Хрыста. Яны спачатку былі перакананыя ў тым, што вось надыходзіць той доўгачаканы момант для іх Айчыны, калі яны ўрэшце змогуць пазбавіцца Рымскага прыгнёту і цешыцца свабодаю і незалежнасцю. Гэта было іх марай, іх чаканнем. Вучні марылі аб такой свабодзе. Яны нецярпліва чакалі тога моманту, калі ўлада рымскага намесніка, урэшце будзе знішчана, калі адыдзе варожжы гарнізон рымскіх легіянераў, чакалі, калі народ самастойна будзе вырашаць лёс сваёй краіны, сваю будучыню. І здавалася, што гэты момант вельмі блізка.

З’явіўся Месія, які абвесціў, што валадарства Яго ўжо хутка наступіць. У Яго было 12 апосталаў, вялікая колькасць вучняў, а значна больш, у Яго было як мы цяпер можам сказаць – паклоннікаў ці фанатаў. І ў адну ноч усё зруйнавалася. Месію арэштавалі, найбліжэйшыя вучні спаралізаваныя страхам разбегліся хто куды, а рэшта не хацела наогул Яго знаць. Прайшло ўжо тры дні “а мы спадзяваліся” кажуць вучні па дарозе ў Эмаус. 

Можна ўявіць сабе гэтую карціну: ідуць маркотныя вучні звесіўшы галовы, задуменныя і засмучаныя. Да іх далучаецца Езус, якога яны спачатку не пазналі, а прынялі за аднаго з вандроўнікаў, які прыйшоў да Ерузалему і не ведаў што адбылося ў гэтыя дні.

Аднак Хрыстус ім пачынае тлумачыць, што іх прагненні аб шчаслівым жыцці на зямлі, аб стварэнні ідэальнага грамадства: справядлівага, з вялікімі перспектывамі - гэта нішто іншае як будаванне паветраных замкаў. Бо жаданні вучняў сканцэнтраваны толькі на зямным і таму назаўсёды застануцца толькі жаданнямі, якія па сваёй сутнасці няздольныя даканца заспакоіць сэрцы. Але не так павінна быць! Не такія скарбы належыць вам шукаць. Бо так трэба было, каб Месія цярпеў, так трэба было каб Яго замучалі. Так трэба было…”

Дарагія браты і сёстры Езус паказвае сваім вучням і нам з вамі сэнс згубленай надзеі. Вучні ўжо што раз лепш Яго пачынаюць разумець, сэрцы іх палаюць радасцю, але яны яшчэ не даканца адкрылі вартасць таго, што сказаў ім Езус. Толькі калі яны запрасілі Яго на вячэру падчас ламання хлеба, адкрыліся ім вочы і пазналі што гэта ЕЗУС. Пасля чаго Настаўнік знік. 

Тады вучні зразумелі, што сапаўды не так важна ці бацькаўчына вольная ці не, ці кіруе ёй рымскі намеснік, ці не; ці войска чужынцаў знаходзіцца на іх зямлі ці не. Чалавек, нягледзячы на ўсе свае абмежаванні можа быць шчаслівым, калі вартасці, якімі ён жыве вечныя і толькі тады яны робяць яго шчаслівым. Вучні зразумеўшы гэта, адразу, нават не дакончыўшы вячэраць, спяшаюцца назад да Ерузалему, каб спаткацца з тымі, хто ўжо ўдзельнічае ў гэтым шчасці. Шчасці Уваскрослага Хрыста.

Нашыя чалавечыя прагненні, нават тыя найпрыгажэйшыя, заўсёды будуць ацэньвацца паводле чалавечай меры. Аднак Бог жадае ашчаслівіць нас паводле сваёй меры –Божай. Ён прыгатаваў нам дары ў тысячу разоў большыя, чым мы прагнем. 

Вучні вяртаючыся з Эмаус былі ўпоўні шчаслівымі, хоць і не было гэта па прычыне рэалізацыі іх прагненняў. Бо шлях да шчасця не праходзіць абавязкова праз раэлізацыю таго, што мы хочам, або аб чым марым, толькі праз тое, што прагне Бог для нас. І толькі Ён адзіны мае магчымасць нас па-сапраўднаму зрабіць шчаслівымі. І чалавек так доўга будзе мучацца на зямлі пакуль не зразумее гэтую праўду, пакуль ёй не пачне жыць. Бо калі мы жывем выключна сваімі прагненнямі, то нашае жыццё становіцца падобным да пешаходнага пераходу: чорна-белым, а наша надзея не паспяваючы нарадзіцца тут жа знікае.

Дарагія браты і сёстры! Хрыстус заклікае нас, каб мы пераглядзелі сваё жыццё. Колькі было ў ім радасці, колькі расчаравання. Колькі было надзеі ў нас, калі мы распачыналі вучобу, калі планавалі сямейнае жыццё, а колькі надзеі мы мелі на выхаванне дзіця, на пераезды, засяленні, надзеі звязаныя са здароўем, з выздараўленнем… Столькі было надзеі. 

Але надышоў момант, калі не ўсе гэтыя нашыя прагненні нам удалося рэалізаваць. І можа неаднойчы мы задавалі сабе пытанне: чаму так са мною сталася? За што мяне Бог карае?... Дарагія Бог не карае… Асабліва праз няўдачы Бог жадае паказаць нам скарб, якога ніколі не з’есць моль, ані пашкодзіць іржа. Гэты скарб збудаваны на моцным фундаменце, а гэтым фундаментам з’яўляецца ўваскрослы Езус. Асабліва прысутны сярод нас падчас гэтай нядзельнай Эўхарыстыі. А кожнае расчараванне, кожная згубленая надзея мае незвычайна глыбокі сэнс. І толькі Бог ведае, чаму не споўніліся некаторыя нашыя прагненні і мары і толькі Ён хоча, каб гэтыя нашыя прагненні былі больш сапраўднымі і дасканалымі. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В