Гамілія на Нядзелю Добрага Пастыра
“Я — добры пастыр, — кажа Пан, — і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне.”
Дарагія браты і сёстры! Чацвёртая Велікодная нядзеля у літургічным годзе мае назву Нядзелі Добрага Пастыра. І мэтай гэтай нядзелі з’яўляецца тое, каб мы ўсвядомілі, кім для нас з’яўляецца Езус Хрыстус і якое месца Ён займае ў жыцці кожнага з нас.
Найлепш ілюструе гэта вобраз пастыра, які мы сёння чулі ў Евангеллі. “Я-добры пастыр-кажа Езус”. Магчыма сёння мы не так разумеем, што значыць быць пастырам у даслоуным сэнсе, прынамсі не так разумеем, як калісьці, бо у нашай культуры гэтую прафесію рэдка можам спаткаць. Але варта задумацца, які глыбокі змест закладзены ў гэтым вобразе.
Дарагія, як ведаем, усё пазнаецца праз параўнанне, таму значна лепш можам зразумець вобраз добрага пастыра, калі створым пэўны кантраст і параўнаем добрага пастыра са злым – наймітам. Такі пастыр-найміт працуе толькі дзеля грошай. Авечкі яго моцна не цікавяць, толькі магчымасць хутчэй выканаць працу і атрымаць за яе ганарар. Вось што самае галоўнае для найміта. Таму такі пастыр не будзе клапаціцца пра авечак, не стане ён іх абараняць у сітуацыі пагрозы ці небяспекі, але хутчэй за ўсё кінецца на уцёкі, каб ратаваць сябе. Бо у сваёй працы ён не з любоўю знаёмы, але з выгадай.
І у выніку нейкай небяспекі, авечкі застаюцца самі, без аховы і клопату. Найміты бываюць вельмі інтэлігентнымі і без скрупулёзу. Яны могуць шмат чаго абяцаць, каб толькі атрымаць уплыу і ўладу. Толькі ў іх выпадку гэтая улада існуе дзеля самой улады або каб мець з яе асабістую карысць. Таму у выпадку найміта, адкрываецца вялікае поле да крывадушніцтва, маніпуляцыі, хлусні, зняволення і г. д. Гэта плёны дзейнасці найміта, а не добрага пастыра.
Прыкладаў такога роду найміцтва, жыццё і гісторыя паказвае шмат. Не абавязкова трэба ўзгадваць нейкія вялікія здрады, махінацыі, ці генацыд, што мела месца ў гісторыі, некаторыя магчыма нават сведкі гэтага. Але быць наймітам - гэта не столькі рабіць шкоду ці яўнае зло, колькі праяўляць занядбанне добрых рэчаў, сваіх абавязкаў. Таму найміцтва ў сферы веры таксама актуальнае і датычыць кожнага, паколькі кожны мае абавязкі веры. Навошта так старацца і мучацца – сказау бы той, да каго “авечкі не належаць”, сказаў бы той, хто не паважае і не любіць людзей, хто з імі проста не лічыцца. Які павінен для іх працаваць, але працуе для чагосьці іншага….
Таму дарагія браты і сёстры, адной з умоваў, якая стварае добрую глебу для службы іншым з’яўляецца “прыналежнасць” сувязь з людзьмі, якія давяраюцца маёй апецы і клопату. Вельмі яскрава гэта бачна ў сям’і: бацькі, якія любяць сваіх дзяцей, з’яўляюцца найлепшымі пастырамі. Часамі ў школе з’яўляюцца падобныя настаўнікі, якія выхоўваюць і навучаюць ад сэрца. Прыклад гэтага ёсць і ў розных парафіях. Вельмі выдатна бачна з боку: які святар аўтэнтычна любіць сваіх верных, а які толькі для іх працуе.
Калі так, то варта ствараць такія умовы, якія спрыяюць будаванню і умацаванню менавіта такой паслугі, паслугі з любові. Адносінаў, якія спрыяюць еднасці і паразуменню. Добры пастыр павінен ведаць сваіх авечак, іх патрэбы, магчымасці, іх праблемы. Ён павінен таксама адчуваць любоў і давер сваіх авечак, павінен ведаць, што і ён ім патрэбны, а яны патрабуюць яго і яго паслугі. Калі чалавек не адчувае сябе патрэбным і любячым, цяжка яму знайсці ў сабе іскарку энтузіязму і руплівасці.
Дарагія! Можа нам здавацца, што сапраўдны пастыр працуе нягледзячы на тое, ці патрэбны ён авечкам ці не. Што сапраўдная паслуга не павінна мець ні кроплі асабістай прывязанасці. Канешне, калі паглядзець толькі тэарытычна, то так. Але менавіта тут праходзіць тая ледзь заўважальная мяжа паміж пастырам і наймітам. Найміту хопіць вызначанага спісу абавязкау, штосьці у сэнсе парадку дня, дзе канкрэтна вызначана гадзіна і тое, што трэба ў гэты час зрабіць. Не больш не менш. Але добраму пастыру гэтага не хопіць: ён сам цікавіцца, што можа зрабіць і што зрабіць павінен. А гэтага ні які рэгулямін, ні які спіс акрэсліць не здольны, бо гэта справа любові. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment