Гамілія на VII ВН, год А

"Не пакіну вас сіротамі, — кажа Пан, — іду і прыйду да вас, і ўзрадуецца сэрца вашае."

Дарагія браты і сёстры! 

Сённяшняе Евангелле - гэта прыгожы урывак з архісвятарскай малітвы Езуса Хрыста. Гэтая малітва вяртае нас на момант да падзеяў Вялікага Тыдня. Атмасфера, падчас Апошняй Вячэры была незвычайна драматычнай: архісвятарская малітва Езуса, абмыванне ног Апосталам, прадказанне здрады, развітальная мова. Усё гэта несумненна перакрочвала звычайныя катэгорыі чалавечага пазнання і дзейнасціі. 

Апосталы, дзякуючы Божай ласцы, разумелі, што, спажываючы хлеб і віно, якое сталася Целам і Кроўю Хрыста, яны ўдзельнічаюць у жыцці і смерці самога Езуса. Яны таксама выразілі сваю згоду, каб весці такі ж лад жыцця як і Езус, жыцця аддадзенага Айцу і ахвяраванага за людзей.

Аднак таямніца Вячэрніка сягае глыбей: у гэтай таямніцы Езус Уваскрослы будзе шмат разоў спатыкацца са сваімі вучнямі. А па волі самога Хрыста, ад тога моманту, гэтыя падзеі Мукі, Смерці і Уваскрасення будуць перажывацца няспынна “аж да сканчэння свету”.

У Кожным пакаленні, пачынаючы ад Апосталаў, Езус вучыць таямніцы паяднання чалавека з Богам. Самым важным у гэтай таямніцы з’яўляецца тое, каб мы ўсвядомілі сабе прысутнасць і блізкасць Божай любові. Любові Бога, які з’яўляецца Айцом. Гэта значыць, што наш Збаўца блізка, Ён у нашым жыцці, хоць часам мора праблемаў не дазваляе нам гэтага ўбачыць. І толькі тады наш адказ дасканалы, калі ў ім выражана жаданне з даверам прыняць гэтую любоў.

Перажыванне таямніцы сувязі чалавека з Богам засяроджваецца вакол асобы Езуса Хрыста. Ён, які з’яўляецца Адзіным Пасрэднікам збаўлення, праз свайго Духа моліцца ў кожным з нас да Айца і ахвяруе самога сябе за нас. Езус праз сваё жыццё, словы і чыны вучыць нас уменню адчытаць і рэалізаваць намеры Айца, Яго волю. Каб кожны меў вечнае жыццё. Як Адвечны, Адзінародны Сын, уваходзячы ў глыбіню Божай любові, Езус усё аддае Айцу і усё да Яго накіроувае.

Узгадаем зноў словы з паслання св. Яна Апостала: “І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу.” Вельмі глыбокая думка малітвы Езуса выражана італьянскім мастаком Карло Парызі, якая называецца : “Хрыстус у разважанні” На карціне Езус паказваецца з лёгка схіленай наперад галавой і складзенымі малітоўным чынам рукамі. Таямніца гэтага вобразу заключаецца ў закрытых вачах Хрыста, якія нібы вядуць у глыб Яго асобы. Тут мы можам заўважыць знак таго, што Езус бачыць і разважае замыслы і справы Айца. Калі ўгледзімся у гэты вобраз, можам лепш зразумець словы малітвы Езуса: “...Словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне...”

Яшчэ ў з’яднанні з Богам вельмі важна ўсведамляць тое, што Бог з’яўляецца Першым, хто праз сваю ласку аказвае нам сапраўдную любоў, ва ўсім нашым жыцці. Так як сёння ў архісвятарскай малітве Езуса – Бог дзейнічае праз пераказ Слова, якое з’яўляецца праўдай, дзейнічае праз тое, што нас аберагае ад зла, дзейнічае праз радасць, якая ёсць радасцю поўнай і праз ахвяру з Сябе, са Свайго Адзінароднага Сына, каб мы былі асвечаныя ў праўдзе.

Дарагія! Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект, а менавіта, кожнае спатканне чалавека з Богам, вядзе да таго, што чалавек становіцца адкрытым на іншых людзей, у нейкім сэнсе выходзіць у свет. А тое, што нашыя адносіны між людзьмі ў свеце не будуць пазбаўлены нават мінімальных канфліктаў, сведчаць словы Езуса: “свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету.” І мы жывучы ў свеце дасвядчаем кожнага дня, што свет носіць складаную шматзначнасць праўды. Тое, што так любіць свет, што ставіць у прыклад як дабро і праўду, не заусёды з’яўляецца дабром і праўдай на самой справе, не заўсёды згаджаецца з дабром і праўдай, аб'яўленай нам праз Езуса Хрыста. 

Дарагія браты і сёстры! Малітва Езуса заахвочвае, каб мы трывалі ў адзінстве і праўдзе, так як Езус трывае ў сваім Айцу. Ён жадае, каб нашыя сэрцы былі пераменены. Сапраўды, нам самім цяжка змяніць стан нашых сэрцаў уласнымі сіламі, але Езус можа вырашыць гэтую праблему. Якім чынам запытаеце? Аб гэтым пісалі яшчэ некаторыя прарокі, між іншым, Ерамія і Эзэхіэль: “Спашлю Вам майго Духа і забяру ад вас сэрцы каменныя, а дам вам сэрцы цялесныя” Езус, з неба, спасылае нам Свайго Духа, каб тая любоў, якая ёсць у Яго сэрцы, была таксама ў сэрцы Яго Абранніцы-супольнасці Касцёла. Езус зараз хоча спаслаць свайго Духа ў маё і тваё сэрца, каб з каменнага ўчыніць любячае. Каб былі адно. Бо Пан не пакінуў нас сіротамі, але прыдзе і ўзрадуе нашыя сэрцы. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В