Казанне на Божае Цела_2014
Стары Запавет, а дакладна Кніга роду, вельмі маляўніча прадстаўляе першага чалавека ў раі, яго адносіны з Богам, нічым не знішчаную гармонію якая існавала ва ўсім, што было Ім створана. І надыходзіць важны момант, калі першы чалавек становіцца перад сур'ёзным выбарам упершыню. Кніга роду апавядае аб двух дрэвах, якія зхнаходзіліся ў раі.
Першым было дрэва жыцця. Плады гэтага дрэва былі даступныя першаму чалавеку і гарантавалі яму вечнае жыццё. Другое ж дрэва, натхнёны аўтар называе дрэвам пазнання дабра і зла. Насамрэч было гэта дрэва смерці. Сам Бог выразна зазначыў, што пасля спажывання пладоў гэтага дрэва, чалавек памрэ.
Першыя людзі ведалі таямніцу жыцця, але невядомай для іх была таямніца смерці. Ведалі і дасвядчалі ўзнёсласць і прыгажосць дабра, але не падазравалі, якая ёсць горыч зла. Бачылі празрыстасць праўды, але не ведалі яшчэ бруду хлусні і крывадушнасці.
Плады з дрэва пазнання не толькі таго, што добрае, але і таго што злое, спакусілі чалавека, падштурхнулі на грэх, бо на дрэве гэтыя плады выглядалі аднолькава. І спакуса гэтая была настолькі моцнай, што чалавек не змог яе перамагчы і паддаўся.
З тога моманту першы чалавек згубіў несмяротнасць, а Бог закрыў яму дарогу, якая вяла да дрэва жыцця. Паколькі чалавек вырашыў спазнаць смерць, трэба было, каб ён з гэтай смерцю застаўся. Вось магчыма таму, час ад часу, могуць узнікаць у нас думкі: чаму мы такія недасканалыя і схільныя да злога. Вынік гэтага – першародны грэх.
Дарагія! Біблія нам вобразна кажа аб выгнанні чалавека з раю, аб Хэрубінах, з востымі мечамі ля брамаў райскага саду, якія сцераглі уваход да дрэва жыцця. І сітуацыя чалавека, які сам дабравольна выбраў такі лёс са смерцю, стала для яго вельмі трагічнай. Шлях да жыцця быў закрыты і сяброўства з Богам было парушана. Чалавек застаўся амаль сам, у новай рэчаіснасці.
Калі пачытаць кнігі розных рэлігіяў, можам заўважыць тое, што шмат з іх распавядае падобную праўду аб дрэве жыцця і закрытай да яго дарозе. Магчыма вобразы крыху розныя, але праўда тая самая, ці гэта дрэва, ці гэта крыніца, з якой выплывае вада жыцця. Праўда у тым, што чалавек праз грэх пазбавіў сябе гэтай незвычайнай ласкі: непасрэднасці Бога і несмяротнасці.
Праходзілі гады і стагоддзі, а людзі чакалі Божай міласэрнасці, чакалі на тое, калі адкрыецца для іх шлях да дрэва жыцця. Прыйшоў час, калі з’яўляецца Божы Сын і менавіта Ён робіць так, што плады дрэва жыцця становяцца даступнымі кожнаму, хто толькі іх жадае. Езус рассаджвае гэтае дрэва па ўсёй зямлі. Усюды, дзе толькі ёсць хрысціянскі алтар, там расце гэтае дрэва жыцця.
Божы Сын забірае грозных Хэрубінаў з вогненымі мечамі, а на іх месца ставіць святароў. Ставіць іх не для таго, каб яны сцераглі доступ да дрэва жыцця, але каб раздавалі плады яго кожнаму, хто іх патрабуе, усім хто падыходзіць да дрэва жыцця.
Дарагія! Сёння адзначаючы ўрачыстасць Божага Цела, узгадваем гэты радасны момант для ўсяго чалавецтва, калі для кожнага з нас стала адкрытым дрэва жыцця, а яго плады кожны можа спажываць. “Бо цела Маё – праўдзівы спажытак, а кроў Мая – праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п'е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я – у ім.”
Эўхарыстыя – найвялікшы дар самога Бога з’яўляецца пладом дрэва жыцця, для кожнага веруючага, для нас з вамі. І гэты плод з дрэва жыцця сёння будзе змешчаны ў залатой манстранцыі. Яго мы ўжо хутка будзем несці па вуліцах нашага гораду, радуючыся гэтаму бясцэннаму дару жыцця, дару самога Бога. Амэн.

Comments
Post a Comment