Гамілія на XI ЗН, год А

"Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё."

Дарагія браты і сёстры! 

Словы, якія мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі і, якія я зацытаваў зараз на пачатку нядзельнай гаміліі, раскрываюць праўду аб пакліканні. Гэтыя словы змешчаны ў кантэксце паклікання першых апосталаў і адлюстроўваюць праўду аб тым, што трэба маліцца за тых, каго Бог кліча на сваю службу. просьбу да Гаспадара жніва мы часта ўзгадваем, калі молімся за святароў і аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, па-іншаму, калі мы молімся з думкаю аб дастойных працаўніках на жніве Пана.

Дарагія! Сёння асаблівую ўвагу хачу звярнуць на вобраз, які папярэднічае просьбе аб работніках на жніве Гаспадара, менавіта гэта само жніво. Бо калі яго няма, то непатрэбныя і работнікі. Тым не менш яно існуе і развіваецца, і ў нейкай ступені ўплывае на гэтых будучых работнікаў. Як вы ўжо здагадаліся жніво Пана - гэта Ягоны Касцёл, гэта ўсе тыя вернікі, якія ўдзельнічаюць у паўсюдным святарстве Хрыста, з сем'яў якіх і выходзяць новыя пакліканні да Божай службы. 

Калі зірнем на сучасны свет, то можам убачыць, у якіх няпростых умовах знаходзцца зараз жніво Пана. Хрысціянскія карані, на якіх была пабудавана Еўрапейская культура і культура нашых земляў, перажываюць сёння сур'ёзны крызіс. Людзі адыходзяць ад сапраўдных вартасцяў, а жывуць выключна матэрыяльнымі катэгорыямі, у якіх дамінуе прыарытэт матэрыяльных каштоўнасцяў. Сучасная культура ўжо доўгі час будуе вавілонскую вежу. Хрысцянскія традыцыі лічацца старамоднымі, перажыткамі грамадства. І тады чалавеку не патрэбны касцёл і нават не патрэбны іншы чалавек, а калі і патрэбны, то на столькі, на колькі гэты чалавек яму карысны. Для яго асабістага бізнэсу. 

Але матэрыяльныя каштоўнасці ніколі цалкам не заспакояць прагненне чалавека. Нават чалавека сучаснасці. Найбольшае, што яны могуць даць яму - гэта рэалізацыю сваіх планаў ці мараў, аднак сама рэалізацыя іх, шчаслівым чалавека не зробіць. Таксама ў сучасным свеце існуе рэальная пагроза, што маральны рэлятывізм, які разумецца як новая норма грамадскага жыцця, будзе ўсё больш падрываць фундамент свабоды сумлення і веравызнання. На гэта часта звяртае ўвагу Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падкрэсліваючы, што маральны рэлятывізм і секулярызм - гэта сур'ёзная небяспека нашага часу, якую нельга ігнараваць. 

Давайце зададзім сабе такое пытанне: якіх людзей патрабуе сучасны свет? Напэўна добрых і адказных медыкаў, паспяховых бізнэсмэнаў, добрых настаўнікаў, выдатных інжынераў, сумленных банкіраў, шчырых працаўнікоў, любячых бацькоў... Без сумніву патрабуе сучасны свет такіх людзей. Аднак патрабуе і такіх людзей, якія будуць указваць сучаснаму чалавеку больш шырэйшыя гарызонты, чым тыя, якімі ён жыве. 

Цяперашні свет, у якім мы жывем зараз, пакутуе ад хваробы сучаснасці, хварэе празмерным матэрыялізмам, і таму моцна патрабуе добрых святароў, асобаў законных, якія здольныя дапамагчы сучаснаму чалавеку заспакоіць голад духоўнага жыцця. Мала ў свеце таксама тых, хто імкнецца будаваць сваё жыццё на фундаменце Хрыста. І як вынік - пусцеюць парафіі і касцёлы, пусцеюць семінарыі і кляштары, людзі шукаюць іншых арыенціраў, часцей за ўсё тых, якія ім прапануе свет. Шукаюць парадаў у сучасных гуру ці псіхааналітыкаў. Толькі такія арыенціры не здольныя даць чалавеку пачуццё бяспекі і не здольныя адказаць на самыя хвалюючыя пытанні. Таму Хрыстус сёння заклікае нас усіх прасіць Гаспадара жніва, прасіць і маліцца, каб былі тыя, хто будзе ўказваць правільны арыенцір чалавеку ў сучасным свеце, хто будзе супрацівіцца прамінальным традыцыям, якія чалавека адводзяць ад дарогі жыцця. 

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Сітуацыя, у якой апынуўся сучасны свет, а разам з ім і Хрыстовы Касцёл - жніво Пана, хоць і цяжкая, але не безнадзейная. Тым больш, якія б тэндэнцыі не існавалі ў свеце, іх заўсёды можа перамагчы шчырая вера і вернасць тым традыцыям, якія ў сабе нясуць вечныя і непрамінальныя каштоўнасці. 

Такімі традыцыямі жылі нашыя веруючыя продкі, гераічнае жніво нашай веры — нашыя бацькі і дзяды, тыя хто падзяліўся сваёй верай з намі, сучасным пакаленнем. Нам варта вярнуцца да нашых каранёў, каб адкрыць прагненне жыцця з Хрыстом, каб пабудаваць нашае ўласнае жыццё на трывалым фундаменце. Не бойцеся кажа Хрыстус — Я перамог свет. Калі наш Збаўца яго перамог, то і мы разам з Ім пераможам. Асабліва, калі ўсвядомім, што мы ўласнасць Бога, што мы Яго валадарства святароў і народ святы. Хрыстус запрашае кожнага з нас стаць сумленным і адказным працаўніком Яго жніва, бо ў Божым валадарстве праца для кожнага знойдзецца. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В