Гамiлiя на XVII ЗН, год А
"Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі, бо Ты адкрыў таямніцы Валадарства дзецям."
Дарагія браты і сёстры!
Кожны чалавек ужо на інтуітыўным узроўні адчувае, што пакліканы да шчасця. Таму кожны з нас свядома ці падсвядома імкнецца ў сваім жыцці рэалізаваць свае здольнасці і магчымасці, так, каб быць шчаслівым і заспакоіць гэтае натуральнае прагненне шчасця. А таксама, каб у сваім жыцці дасвядчаць радасць і супакой і, каб цешыцца жыццёвым дабрабытам. Таму ў сваім жыцці мы шукаем такіх вартасцяў, якія здольныя заспакоіць нашыя жыццёвыя памкненні і мэты.
Многія на пачатку імкнуцца атрымаць адпаведную адукацыю, каб у будучым мець перспектыўную працу, якая стане гарантам добрага матэрыяльнага становішча. Таксама для шчасця чалавеку патрэбна сям'я: супольнасць блізкіх людзей, якія адорваюць адно аднаго любоўю. Муж, жонка, дзеці. Ёсць і тыя людзі, якіх Бог кліча на сваю службу, каб яны даючы сведчанне Хрыстовага Евангелля і, прысвячаючы сваё жыццё Хрысту, таксама былі шчаслівымі.
Як бачым на ўсіх жыццёвых шляхах, якія розныя і якіх шмат, заўсёды ёсць магчымасць здабыць шчасце. І хоць шляхі розныя, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно: прысутнасць Бога і жыццё пабудаванае на хрысціянскіх вартасцях.
Дарагія! Калі мы дазваляем Богу ўвайсці на наш жыццёвы шлях, тады мы пачынаем прыслухоўвацца да Ягонага голасу і шукаць магчымасці, каб выконваць Яго волю. Бог заўсёды прысутны на шляхах чалавека, толькі калі чалавек закрыты на гэтую прысутнасць, то ён у поўні не здольны адчуць і перажыць Божую любоў у сваім жыцці.
Вось паглядзіце, Бог прысутны таксама і ў жыцці атэіста, які не прызнае або адкідвае Божую прысутнасць і не значыць, што такі чалавек не можа быць шчаслівым. Можа. Толькі шчасце яго не трывалае і вымяраецца яно выключна зямнымі катэгорыямі. Для такога чалавека не існуе паняцця вечнага шчасця. Скончылася жыццё - скончылася шчасце. А вось для чалавека веруючага паняцце шчасця сягае па-за межы зямнога жыцця. Ды і ў зямным жыцці гэтае паняцце мае іншы характар і больш глыбокі змест.
Першае чытанне з кнігі валадарстваў распавядае нам наколькі важнай у жыцці паводле веры з'яўляецца цнота мудрасці. Саламон не просіць у Бога ані доўгага жыцця, ані багацця, ані згубы ворагаў, але просіць розуму ў кіраванні народам, каб умець адрозніваць дабро ад зла, каб чыніць правасуддзе. Па-іншаму Саламон просіць аб дары мудрасці. "Таму дай слузе Твайму сэрца, якое будзе разумець, як кіраваць народам, як адрозніваць дабро і зло, бо хто ж можа кіраваць такім вялікім народам, як Твой?" Цар Саламон зрабіў вельмі правільны жыццёвы выбар і таму Бог яго благаславіў, даючы ўсё тое, аб чым ён не прасіў, але напэўна хацеў у сваім сэрцы. Яго панаванне адзначалася супакоем і вялікай пашанай з боку Ізраэльскага народу. А слава і мудрасць Саламона сягала далёка за межы яго царства.
Дарагія! У нашых жыццёвых пошуках таксама павінна быць мудрасць. Не толькі веды, не толькі ўмеласці, і нават не толькі жыццёвы вопыт. Усе гэтыя пралічаныя якасці вельмі важныя, калі мы маем іх у поўным камплекце - гэта наогул цудоўна, але яшчэ не ўсё. Калі ў жыцці нам не хопіць мудрасці, то мы не зможам належным чынам выкарыстаць ані веды, ані ўмеласці і таленты, ані наш жыццёвы вопыт. Уявіце сабе, што жыццё падобнае на пазл-мазайку, і толькі мудрасць здольная ўкласці ўсе шматлікія частачкі ў адну прыгожую карціну, якую можна назваць шчасцем.
У кантэксце сённяшняй прыпавесці Езуса, кожнаму з нас варта задумацца: што ў нашым жыцці займае самае важнае месца і на якіх вартасцях мы будуем сваё жыццё. Хтосьці можа сказаць, што гэта нейкія можа абстрактныя або філасофскія пытанні. Аднак, мае дарагія, ад гэтых пытанняў насамрэч вельмі шмат што залежыць у нашым жыцці.
Езус нам сёння дае падказку: Божае Валадарства - гэта мэта да якой павінен імкнуцца кожны веруючы чалавек. Бо ў ім змяшчаецца нашае жыццё, у ім прысутная любоў, радасць і супакой. Урэшце прысутны сам Бог, які напаўняе сабою ўсё нашае жыццё. Таму Божае Валадарства - гэта скарб, які трэба шукаць кожнаму.
Гэта і ёсць тое шчасце, здольнае да рэшты нас заспакоіць. Хрыстус кажа, што гэты скарб укрыты. І сапраўды ён не кідаецца ў вочы, не кожны адразу можа яго заўважыць. Гэты скарб патрабуе ад нас стараннага пошуку, нашай уражлівасці на прыгажосць і дабро. "Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле." Нам, дарагія браты і сёстры, трэба шукаць сапраўдны скарб, які таксама ўкрыты, на першы погляд мы яго можам не заўважыць, але калі зрокам веры ўважліва прыгледзімся - то адразу яго знойдзем. Гэты ўкрыты скарб зробіць нас па-сапраўднаму шчаслівымі.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Хрыстус сёння нас запрашае да пошуку гэтага скарбу. Каб мы, асветленыя дарам мудрасці, прасілі ў Бога аб патрэбных дарах і ласках і маглі ўсе гэтыя дары годна выкарыстаць. Бо мудрасць дапаможа нам знайсці той скарб укрыты, тую каштоўную пярліну, аб якой сёння кажа Езус Хрыстус. Няхай сённяшняе слова, якое скіраваў да нас Бог, запаліць у нашых сэрцах шчырае жаданне шукаць той укрыты скарб і знайсці яго, што дай Божа кожнаму. Амэн.
Чытанні:Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment