Гамілія на XVI ЗН, год А

"...І ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё."

Дарагія браты і сёстры! 

У Святым Пісанні, асабліва, калі чытаем Новы Запавет, сімвалы і знакі, якія Езус адкрывае сваім вучням, вельмі часта становяцца зразумелымі як знакі канца свету. 

Зрэшты сённяшняя прыпавесць не выключэнне. Аднак Габрэі былі вельмі прывязаны да Ерузалемскай Святыні. Без яе нават не ўяўлялі свайго рэлігійнага жыцця. Яны ганарыліся ёй, лічылі яе домам Божым. Святыня гарантавала ім Божае благаслаўленне і дабрабыт. 

І ведаеце, усё было б добра, каб не памылка, якая заключалася ў празмернай прывязанасці габрэяў да Ерузалемскай Святыні: ў нейкі момант яны пачалі лічыць, што іх Святыня сама па сабе з’яўляецца гарантам і бяспекай, што абароніць выбраны народ ад ворага. Памылка у тым, што не моцны давер і надзея на Бога, а толькі само існаванне святыні служыла для многіх габрэяў пачуццём бяспекі.

У гэтым і заключаўся трагізм тагачасных габрэяў, і не толькі іх, бо сродак палічылі за мэту, а сімвал памылілі з тым, што ён павінен сімвалізаваць. Таму свой давер мелі не столькі ў Богу, колькі ў справах рук сваіх, якія атаісамлялі з Богам. Аднак, дарагія браты і сёстры, толькі сапраўдная, жывая вера дае чалавеку доступ да Бога і гарантуе Яго апеку. Без веры, мае дарагія, ані святыня, ані касцёлы, ані святыя абразы, ані нават малітва і сакрамэнты нямаюць збаўчага значэння. Належыць аб гэтым памятаць, каб не трапіць у пастку фармалізму ці рэлігійнага магізму.

Магчыма аб гэтым думаў Езус, калі сваіх вучняў перасцерагаў ад рознага роду падману і хлусні. Менавіта ад таго, што людзі ад Імя Бога направа і налева раскідваюцца пустымі абяцаннямі, сумніўнымі аб’яўленнямі, фальшывай інтэрпрэтацыяй Божага слова, зманлівымі цудамі і г. д. Асабліва сёння, у наш час, існуе шэраг шматлікіх сектаў, якія базуюцца на здабыванні грошай. У эпоху нігілістычнай філасофіі, чалавеказгубнай ідэалогіі, фальшывага містыцызму вельмі лёгка згубіць веру. Дарэчы гэты падман пагражае свету не толькі сёння: заўсёды так было. Хоць можа тады не выкарыстоўваліся такія тэхнічныя магчымасці як сёння. Але не ў тэхніцы справа, але ў ашуканстве.

Бо ўсе падобныя ідэалогіі і сродкі служаць толькі аднаму: каб ашукаць чалавека, адцягнуць яго ад Бога, загарнуць у няволю. І гэта вельмі проста зрабіць, калі замест веры, асабістай сувязі з Богам, чалавек прывязваецца да сваіх уяўленняў, вобразаў Бога. Нажаль вельмі часта гэтыя вобразы супярэчаць таму, што навучае Касцёл і Традыцыя. 

Езус моцны націск ставіў на навучанне, падкрэсліваючы важнасць трывання ў супольнасці Касцёла. Ён Сам асабіста, а таксама праз сваіх вучняў, шмат часу праводзіў на абвяшчэнні Божага слова, навучанні, на малітве. Вялікую колькасць часу праводзіў разам з Апосталамі і вучнямі выясняючы ім сваю навуку. Калі абяцаў Духа Святога, то перадусім дзеля таго, каб гарантаваць Касцёлу вернасць праўдзе. Бо Езус ведаў, што ад правільнага мыслення залежаць правільныя учынкі.

Дарагія! Праўда можа трываць толькі ў супольнасці, ажыўленай Духам Святым. Вернасць праўдзе вельмі складаная ў тым выпадку, калі чалавек адзін. Супольнасць людзей, якія аднолькава думаюць, якія маюць адзін да аднаго давер, звязаныя адзін з адным. Такая супольнасць дае чалавеку сілу. І гэта з’яўляецца першым заданнем Касцёла: збіраць людзей у адно, каб даваць ім сілу. Толькі не палітычную ці грамадскую, але сілу веры, малітвы, братэрства, сілу вернасці.

Гэта не сіла скіраваная супраць кагосьці, але сіла скіраваная да Бога, да праўды і дабра. Невыпадкова большасць апакаліптычных знакаў, якія абвяшчаюць апошнія часы, асноўваюцца на вобразе знішчэння адносінаў між людзьмі і народамі, на ўзнікненне недаверу і нянавісці ў сем’ях, грамадствах, народах. Адзіны ратунак – гэта застацца верным праўдзе і любові. А Касцёл служыць нам дапамогай у гэтым. Не губляйма гэтага шансу! Амэн.
















Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В