Гамілія на ХХІ ЗН, год А
"О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!"
Дарагія браты і сёстры!
Сёння Езус задае сваім вучням правакацыйнае пытанне : «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Адказ пачуў неадназначны, бо адныя лічылі Езуса Янам Хрысціцелем, другія – Іллёю, а яшчэ іншыя Ераміяй або адным з прарокаў.
Калі Езус пачуў, то паўтарыў пытанне накіроўваючы яго непасрэдна да сваіх вучняў: «А вы кім лічыце Мяне?» Дарагія браты і сёстры, пастаўленае пытанне становіцца добрай нагодай, каб нам паразважаць, што яно значыла для апосталаў і які адказ на гэтае пытанне мы можам даць сёння.
Нас можа зацікавіць, навошта Езус задае ім гэтае пытанне, хіба і так ведае адказ на яго. Напэўна вучні ўжо паспелі ўбачыць шмат знакаў і цудаў, якія здзейсніў Езус. Яны таксама былі сведкамі шматлікіх аздараўленняў, якія здзяйсняў іх Настаўнік, былі таксама сведкамі цуду памнажэння хлеба. Вучням таксама давялося ўбачыць як Хрыстус крочыў па Галілейскім возеры. І вось настаў той пераломны момант, каб усе гэтыя падзеі старанна паўкладаць і зразумець кім жа насамрэч з'яўляецца іх Настаўнік з Назарэту.
Вельмі часта здаралася так, што пэўныя пытанні цікавілі вучняў, толькі яны сароміліся запытацца. Магчыма і гэтая сітуацыя была падобнай і тады Езус сам кіруе да іх гэтае пытанне. Голас забірае апостал Пётр, які адназначна адказвае: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога.»
І гэта, мае дарагія, быў не проста адказ. Гэта было вызнанне веры, якое Пётр выказаў ад імя ўсіх вучняў. Таму пытанне, якое Езус ім задаў, не было з мэтай заспакоіць цікавасць, але каб закласці падмурак Касцёла на веры апостала Пятра, які вызнае гэтую веру ад імя ўсёй супольнасці вучняў. Менавіта таму Езус звяртаецца да Пятра : «Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго.»
З падобным пытаннем Езус звяртаецца да кожнага чалавека, які шукае Бога ў сваім жыцці. У розных людзей існуе розны падыход да разумення Бога, да таго кім Ён з’яўляецца. Для адных - Ён толькі гіпотэза, якая тлумачыць шмат з’яваў ў жыцці чалавека і таксама ў сусвеце. Для іншых Бог - гэта далёкая рэчаіснасць, якая нямае істотнага ўплыву на нашае жыццё.
Такія людзі часта трактуюць Бога як нейкую далёкую зорку ў бязмежнай касмічнай прасторы. Вядома, што зорка існуе, а ўбачыць яе можна пры дапамозе тэлескопа або спадарожніка. Можна на гэтую тэму шмат даведацца пры дапамозе падручнікаў, навуковых праграмаў, астранамічных даследванняў ці энцыклапедый і г.д. Але мільёны людзей паміраюць на зямлі наогул не ведаючы нічога пра планеты, зоркі і космас наогул.
Для іншых Бог - гэта нейкая вельмі адлеглая рэчаіснасць, якая нямае ніякага ўплыву і дзеяння на чалавека. Яны толькі вераць, што Ён існуе. Значна больш, іх можа цікавіць сусед, які жыве побач, чым Бог і Яго Таямніца.
А яшчэ для іншай катэгорыі людзей Бог - гэта штосьці накшталт сонца, а яны жывуць у яго бляску. Ведаюць вартасць святла і цяпла. І хоць могуць дасвядчаць у сваім жыцці доўгія ночы і цемру, але свядомасць таго, што некалі дачакаюцца цёплага сонечнага надвор’я, дазваляе ім перамагчы буры і непагадзі. Такі падыход да Бога робіць веру жывой, дае чалавеку моц і святло. Але усё роўна Бог гэты высока на небе, а чалавек нізка на зямлі. І дзейнічае нібы промні сонца, а чалавек жывучы на зямлі толькі цешыцца гэтымі промнямі.
Дарагія! Пераломным момантам у развіцці веры, з’яўляецца адкрыццё Бога, які побач, які з намі супрацоўнічае. Ён блізка нас, рука аб руку, каб з намі быць у нашым штодзённым жыцці, каб разам з намі вырашаць усе важныя праблемы. Гэтае адкрыццё веры паяўляецца ў той момант, калі перадамною ўзнікае сітуацыя, якую я ўласнымі сіламі вырашыць немагу. Яна перарастае мае чалавечыя магчымасці. Перадамною пастаўлена нейкае заданне, а паколькі па-людзку кажучы, гэта амаль немагчыма, то трэба выконваць гэтае складанае заданне веручы, што Бог мне дапаможа і я усё рэалізую, як бы мне дзіўна і складана не здавалася.
Гэта штосьці у такім сэнсе як напрыклад чалавек выконваючы складаную працу, хоча перанесці цяжкую бэльку, якую падняць і несці вельмі няпроста, і таму просіць Бога, каб Ён дапамог яму ў гэтай працы, каб яе паспяхова выканаць. Веручы ў гэта узнімае бэльку і хоць не бачыць Бога, то дасканала адчувае, што Ён разам з ім нясе гэты цяжар. Гэта сяброўскі давер да Бога. Бо сяброўства заўсёды звязана з супрацоўніцтвам і заўсёды разам. Не паасобку. Сапраўдны сябар гатовы падтрымаць у любой сітуацыі. І у жыцці кожнага з нас гэтым сапраўдным сябрам заусёды ёсць Бог і нашыя бліжнія, якія нас любяць.
Адзін святар ведаў маладую сям’ю у якой было двое малых дзяцей. Гэтая сям'я ледзь зводзіла канцы з канцамі. Жылі вельмі бедна. Сям'я чакала пакуль жонка выдзе на працу пасля дыкрэтнага. Праз нейкі час яны даведваюцца, што пад яе сэрцам заіснавала яшчэ адно жыццё. І ў сям’і адразу з’яўляецца страшная спакуса забіць гэтае жыццё перад нараджэннем. Здзейсніць аборт. Сям’я з болем і цяжкасцю перажывала тыя дні складаных выпрабаванняў, але скончылася ўсё канкрэтным рашэннем мужа, які падтрымаў сваю жонку, кажучы, каб яна нарадзіла дзіця, аб астатнім хай Бог клапоціцца.
Ад тога моманту прайшло нямала часу. Сёння - гэта шчаслівая сям’я, якую можна часта ўбачыць разам і у касцёле, і на прагулцы. І муж часта успамінае гэтыя цяжкія моманты, якія былі сур'ёзным досведам іх веры, аднак адзначае, што з таго часу вельмі шмат што змянілася. Хоць і былі гэта нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні, але зараз з Божай дапамогай жыццё ўкладаецца па-новаму. Гэтая сям'я пачала апекавацца старой цёцяй і за апеку яны атрымалі жыллё.
Муж змяніў працу і знайшоў вельмі шмат добрых сяброў. У жонкі таксама выдатная праца. Яны шчыра ўдзячныя за гэта Богу!» Калі святар пачуў гэтыя словы, то пракаментаваў іх жыццёвую падзею, як Божае благаслаўленне, таму што што прымаючы гэтае дзіця, бацькі прынялі самога Бога ў сваё жыццё! І ад тога моманту Ён супрацоўнічае з гэтай сям'ёй і ёсць іх найлепшым сябрам. Існуе шмат падобных прыкладаў, дзе праз давер Богу, мы можам пераадолець цяжкасці, якія ставіць перад намі жыццё. Важна гэтыя моманты сабе прыпомніць, каб падзякаваць за іх Богу і каб вучыцца з пакораю прымаць ўсё што Ён нам спасылае ў жыцці як лёгкае, так і складанае.
Умілаваныя ў Хрысце! Апосталы да моманту спаслання Духа Святога мелі шмат планаў і перспектываў, але адчуваючы сваю чалавечую абмежаванасць, увесь той час сядзелі поўныя боязі ў закрытым памяшканні. Па сутнасці не было гэта чымсьці дрэнным, бо тыя перажыванні іх ядналі, але усё ж такі яны не маглі ў поўні выконваць сваю апостальскую місію. І толькі з моманту, калі свае сілы аб'ядналі з сілаю Бога, апосталы пачалі з Ім супрацоўнічаць і здзейснілі такія справы, якімі самі былі глыбока ўражаны.
Для кожнага веруючага, для нас з вамі, Бог гэта не гіпотэза, не рэчаіснасць, аддаленая быццам далёкая зорка, гэта нават не сонца на небе, але сапраўдны Сябар, дзякуючы якому можам зразумець чым ёсць сяброўства і любоў насамрэч. Таму Езус сёння пытаецца ў кожнага з нас: «А Кім ты лічыш Мяне?» Які адказ мы дадзём на гэтае пытанне – гэта залежыць ужо толькі ад нас. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment