Гамілія на ХХІІ ЗН,год А
"Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае."
Дарагія браты і сёстры!
Якім чынам мы можам быць падобнымі да нашага Збаўцы Езуса Хрыста? Чытаючы Евангелле прыходзім да высновы, што кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб наследваць Хрыста ў сваім жыцці. Гэта наша місія паводле веры. І менавіта ў наследванні Хрыста заключаецца нашае да Яго падабенства.
Нягледзячы на тое, што кожны з нас мае свой уласны жыццёвы шлях, то заўсёды наш шлях можна дапасаваць да шляху святасці. Прыклад гэтага святыя, якія пачынаючы ад апосталаў і да нашых дзён, адзначаліся вернасцю Хрыстоваму закліку і прайшлі свой жыццёвы шлях падобным чынам, як прайшоў яго сам Езус Хрыстус. Кожны з нас мае свой асабісты і непаўтаральны шлях да еднасці з Богам, а прыклад жыцця святых, можа паўплываць на тое, што наш шлях да еднасці з Богам, будзе хутчэйшы і пэўны.
У сённяшнім Евангеллі Хрыстус кожнага з нас заахвочвае да свайго наследвання: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною.” Так як Хрыстус нёс свой крыж і нам трэба наш уласны крыж браць на свае плечы і следваць за Хрыстом. Езус не пажадаў збавіць свет нейкім іншым чынам, але дасведчыў ганьбу і прыніжэнне крыжа, прыняў цярпенні, знавагі, боль і ўрэшце смерць. Не думайце, што нашае наследванне Хрыста будзе іншым. Бо кожны, хто ідзе за Хрыстом, сустрэне падобныя выпрабаванні: будзе адкінуты светам, высмеяны, замучаны злом і грахом. Але Езус не хоча, каб мы гэтага баяліся. Ён перамог свет, перамог смерць, а значыць і мы разам з Ім гэта ўсё пераможам.
Святы апостал Павел у другім чытанні, калі кажа пра ахвяру, якую мы складаем, заахвочвае нас, каб мы сваё цела падпарадкавалі духу. “Аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае.” Гэта нялёгкае заданне і ад нас, напэўна, яно будзе вымагаць нямала працы над сабою. Каб гэта рэалізаваць, патрэбная Божая ласка і нашая трывалая праца.
Падпарадкаванне духу няможа быць нейкім аднаразовым высілкам, але нам трэба пастаянна пра гэта дбаць, бо святасць - гэта справа не аднаго дня, але усяго нашага жыцця. Калі хочам быць дасканалымі, то мы не павінны адракацца ад свайго ўласнага крыжа, бо нельга часткова наследваць Хрыста. Калі верым Яму і хочам наследаць, то належыць наследваць Яго поўнасцю і да канца: праз цярплівасць, пакору і штодзённы крыж.
Першае чытанне нам кажа аб незвычайным досведзе прарока Ераміі, які адчуваў палаючы агонь у глыбіні сябе і гэты агонь прыносіў яму цяжкія пакуты. Кожны чалавек, які ў сваім жыцці занайшоў Бога, хто да Яго наблізіўся і палюбіў Яго ўсім сэрцам, таксама будзе адчуваць падобна прароку Ераміі, агонь руплівасці і жаданне, каб усе людзі любілі Бога так як ён. Для людзей, якія наблізіліся да Езуса, якія верна Яго наследуюць, падобны досвед як у прарока Ераміі будзе нарамальнай з’явай.
Калі прыгледзімся асобе святога Францішка з Асыжу, то ён вельмі часта праходзячы па вуліцах гораду усклікаў: “Любоў ніхто не любіць!” Для яго было вельмі цяжка, калі бачыў як іншыя людзі ігнаруюць Божую любоў. Ён быў гатовы вырваць сваё ўласнае сэрца з грудзей, аддаць сваё жыццё, каб толькі іншыя людзі звярнулі сваю ўвагу на любячае і міласэрнае сэрца Бога і пачалі адказваць любоўю на любоў.
Чалавек, які любіць Бога, прагне, каб іншыя людзі любілі Бога няменш чым ён. Адносна духоўнага жыцця Касцёл павучае: спачатку чалавеку трэба пазбавіцца цяжкіх грахоў, потым адкінуць штодзённыя грахі, каб нарэшце ў сваім жыцці развіваць цноты і добрыя ўчынкі – гэта ў сваю чаргу прынясе багаты духоўны плён і святасць жыцця на кожны дзень.
І яшчэ адна няменш важная рэч, у сённяшнім Божым слове, на якую хачу звярнуць увагу: менавіта, вострыя словы Езуса скіраваныя да апостала Пятра: “Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае.” Здаецца нядаўна Езус казаў Пятру ты скала на якой Я пабудую свой Касцёл, а зараз кажа каб адышоў прэч.
Дарагія! Нікому нельга змяняць або спрошчваць Евангельскую навуку. Евангелле мае Божую моц, а паколькі мы – вучні Хрыста, то нам трэба, слухаючы Добрую Вестку, уваходзіць у Яе таямніцу, у яе звышпрыродную рэчаіснасць. Бо, калі мы будзем трактаваць Евангелле толькі па-людску, то асноўны яго змест згубіць свой сэнс, а для нас Евангелле стане не больш як правілам хрысціянскага этыкету.
Мае дарагія! Мэта Евангелля – давесці кожнага з нас да святасці, паяднаць з Богам, навучыць нас адкрыццю Бога ў жыцці, а гэта ў сваю чаргу значыць заахвоціць нас да наследвання Хрыста, каб мы, слухаючы Евангелле, смела і рашуча ішлі за Хрыстом, следам у след. Калі наследуем Хрыста ў нясенні крыжа, то разам з гэтым наследуем і Яго ўваскрасенне, якое стане нашым удзелам, бо таксама разам з Хрыстом узыдзем на трон хвалы.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай сённяшні заклік Хрыста да наследвання Яго, мабілізуе нас, каб мы рашуча і з адвагаю бралі крыж нашых абавязкаў, цярпенняў і праблемаў штодзённасці і неслі яго разам з Хрыстом. Калі слухаем Божае слова, калі яднаемся з Богам у Эўхарыстыі, нашая штодзённасць усё больш і больш перамяняецца, падпарадкоўваючыся Евангельскаму прынцыпу жыцця, а гэта значыць, што мы становімся здольнымі ўпоўні наследваць Хрыста, быць вернымі хрысціянскаму пакліканню. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment