Гамілія на XIX ЗН, год А

"Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе."

Дарагія браты і сёстры! 

Здараецца ў нашым жыцці, калі  нам ўдаецца паспяхова выканаць, тое, што мы запланавалі, мы перажываем захапленне або ўзнёсласць, бо напрыклад лёгка спраўляемся з мноствам пастаўленых заданняў, а нашыя справы амаль самі па сабе вырашаюцца. Аднак бываюць і такія моманты, калі ў нас проста ўсё падае з рук, а мы сябе адчуваем ні да чаго непрыдатнымі: стомленымі, пакінутымі, самотнымі... 

Як нам захаваць раўнавагу ў жыцці паміж такім узнёслым станам і адначасова, калі нам вельмі цяжка? Бо ў першым выпадку мы можам сябе адчуць шчаслівымі, а вось у другім — цяжка гэтае шчасце заўважыць. З аднаго боку, бывае так мала трэба чалавеку для шчасця, але з іншага - знайсці і адчуць яго не такая ўжо і лёгкая справа. 

Калі паглядзець на старэйшую пару, якая павольным крокам вяртаецца з касцёла, размаўляючы паміж сабою, трымаючы адно аднаго за руку, можна заўважыць у іх вачах не толькі шчасце, але і любоў. Напэўна жыццё прыносіла ім разнастайныя сюрпрызы: былі і лёгкія, і цяжкія моманты, але ў вачах такіх дасведчаных жыццём людзей, можна ўбачыць спакой, павагу і шчасце. Усё гэта проста кідаецца ў вочы. Бо яны любяць і шануюць адно аднаго, магчыма маюць дзяцей, унукаў, маюць перадусім Бога, якога не перастаюць прасіць аб благаслаўленні. 

Але, дарагія браты і сёстры, ў жыцці бывае па-рознаму. Сённяшняе Божае слова адкрывае перад намі пытанне аб шчасці ў нашым жыцці і паказвае, якім чынам і дзе можна яго знайсці. Давайце спачатку прыгледзімся першаму чытанню з кнігі Валадарстваў, якое апавядае аб спатканні Бога з прарокам Іллёй. Ён ўваходзіць на Божую гару Горэб, каб спаткаць Бога, каб адчуць Яго прысутнасць. Ілля, які перажывае цяжкасці і пераслед у сваім жыцці, прыходзіць сюды, каб дасведчыць Божай прысутнасці, каб адчуць палёгку, урэшце каб дасведчыўшы Бога і Яго прысутнасці быць шчаслівым і зведаць супакою, якога доўгі час у яго не было.

Спачатку перад Іллёй узнікае вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але ў гэтым магутным ветры Ілля не знаходзіць прысутнасці Пана. Далей перад Іллёю землятрус, але і там Пана няма. Пасля землятрусу быў агонь, але і ў агні не знайшоў ён Пана. Толькі шум ціхага ветру прымусіў Іллю закрыць свой твар плашчом і стаць ля ўваходу да пячоры. Чаму? Бо менавіта ў гэтым ціхім ветрыку Ілля распазнае прысутнасць Бога. 

Як жа часта чалавек па жыцці кудысці спяшаецца, мітусіцца, бегае, робіць тысячу справаў а забывае пра тое, што найважнейшае! Здаецца нам, што калі нас не заўважаць іншыя, калі мы не пакінем пасля сябе следу на аўтобусным прыпынку, ці на заборы суседа, то нашае існаванне нямае вялікага сэнсу. Тым часам сённяшні ўрывак з кнігі Валадарстваў кажа аб чымсьці нямодным ці мала папулярным: аб цішы і лагоднасці. Бо менавіта ў цішы можна адчуць Божую прысутнасць, так як яе адчуў Ілля. Напэўна пасля гэтай незвычайнай сустрэчы Ілля зведаў Божага супакою і адчуў сябе шчаслівым, бо знайшоў Таго, каго шукаў.

Калі зноў жа вернемся да тых пажылых людзей, у вачах якіх можна было ўбачыць шчасце, то менавіта іхняя ціхая і лагодная размова з'яўляецца першым паказчыкам шчасця. Ім ёсць да каго звярнуцца, ім ёсць што ўспомніць, у іх ёсць той, каму можна пажаліцца і хто можа выслухаць і зразумець. Магчыма іх дзеці і унукі жывуць крыху іншым тэмпам жыцця, магчыма нямаюць столькі часу на бацькоў ці на сваіх бабулю і дзядулю. Аднак гэтыя старэйшыя людзі наузаем маюць для сябе час, маюць пра што паразмаўляць - бясконцую колькасць тэмаў пра сваіх дзяцей, унукаў, жыццё, радасць боль, пра блізкіх, родных, знаёмых... Бо сапраўдная любоў ніколі не старэе! Заўважце дарагія браты і сёстры, што вельмі часта мы апраўдваемся, даволі банальным чынам, прабач кажам, у мяне няма часу, або я не змог да вас прыйсці бо ў мяне не было часу. Час і сапраўды з'яўляецца вельмі дыфіцытным матэрыялам у нашым жыцці, бо ён мінае. Але справа не ў ім, але ў нас. Марнаваць яго - мы мастакі, а вось патрэбным чынам яго выкарыстаць - гэта ўжо не так і проста.

Дарагія! Як жа часта ў нашым жыцці, мы можам адчуваць пэўнага роду напружанасць паміж вераю і штодзённасцю. Часцей за ўсё гэтае напружанне з'яўляецца ў выніку нашых перажыванняў, цяжкасцяў і няўдач. Сённяшняе Евангелле кідае святло на гэтую праблему. Пётр звяртаецца да Езуса, які крочыць па возеры: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе.» 

І сапраўды здараецца цуд: Пётр выходзіць з чаўна і прыходзіць да Езуса па вадзе. Ён таксама як і яго Насаўнік крочыць па возеры. Якая павінна быць моцная вера гэтага апостала! Аднак праз хвілінку другую падзьмуў моцны вецер, Пётр ўбачыў вялікія хвалі, спалохаўся і пачаў тануць. Пачаў заклікаць: «Пане, ратуй мяне!» 

Дарагія, калі зараз разважаем над гэтым момантам з жыцця Пятра, можам ўбачыць штосьці аналагічнае і ў нашым жыцці: момант нашай веры і момант выпрабавання. Як жа часта мы так як апостал Пётр ходзім па вадзе, як жа часта нам здаецца моцнай наша вера і ўсё у нас атрымліваецца, а іншым разам штодзённасць бярэ над намі верх, нас перамагае, а мы адчуваем сябе слабымі? І здаецца, што для нас ужо няма ратунку, што Бог нас пакінуў. Дарагія, тады нам трэба за Пятром паўтарыць заклік: «Пане, ратуй мяне!» 

Калі нас палохаюць моцны вецер і велізарныя хвалі штодзённасці, належыць нам звярнуцца да Пана, так як гэта ўчыніў апостал. Можа не адзін раз мы захістаемся, можа нават упадзем, але памятайма, што мы ніколі не будзем пакінутымі Богам, галоўнае нам не трываць у стане ўпадку, але ўзносіць рукі ўвысь да Пана. Сіла веры ммае дарагія заключаецца ва ўсведамленні нашай уласнай слабасці. Толькі не дастаткова быць свядомым таго што мы слабыя, усведамленне заключаецца ў нашай рашучасці і ў даверы Богу.

У тых старэйшых людзей таксама існавала напружанне паміж вераю і штодзённасцю, напэўна былі моманты, калі яны як апостал танулі. Іх жыццё можа скончыцца нават сёння, шмат іх знаёмых і аднагодкаў спачываюць на могілках, ды і засталося для іх не так і шмат часу тут на зямлі. Аднак я ўпэўнены, што яны вераць: калі разам пражылі так шмат часу, то і па смерці будуць разам, спаткаюцца зноў, ужо ў вечным жыцці.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! У глыбіні нашага сэрца ёсць таксама пэўнае напружанне. У нас ёсць шмат планаў, мараў, перспектываў, якія дзесьці бруяцца у глыбіні нас. Мы марым, каб у нашым жыцці ўсё паспяхова ўкладалася, каб задуманыя планы былі рэалізаваны. Вельмі часта гэтыя планы маюць выключна зямны, матэрыяльны характар. Бывае, што мы так забеганыя і занятыя рэалізацыяй нашых планаў, што забываем аб духоўнай сферы, або адстаўляем яе на бок ці на пазнейшы час. 

Важна памятаць, што сярод шматлікіх нашых планаў, павінна знайсціся месца да яшчэ аднаго плана: каб імкнуцца да святасці. Магчыма марым, каб быць святымі ужо зараз, але рэдка прыкладаем да гэтага адпаведныя намаганні. Вось паглядзіце, колькі намаганняў прыкладаюць людзі, каб зрабіць добрую кар'еру ў сваім жыцці або каб дабіцца поспехаў у спорце. Колькі бяссонных начэй яны прысвячаюць на гэта. Ад якіх толькі выгодаў яны не адмаўляюцца, а мы да неба хочам даехаць аўтобусам або паляцець туды самалётам, ды яшчэ ў найлепшым класе і задарма. Так немагчыма. Бо, каб дайсці да шчасця ў небе, трэба крочыць шляхам крыжа. Трэба ісці пешшу і праз шэрах выпрабаванняў.

Дарагія браты і сёстры! Што ёсць нашым шчасцем? Варта аб гэтым задумацца кожнаму: дзе мы яго шукаем і якім чынам. Ці мы імкнемся быць шчаслівымі толькі ў зямных катэгорыях, ці шукаем шчасця, якое ідзе праз усё нашае жыццё аж да вечнасці. Ці ў кар'еры, грашах, уладзе — гэтае наша шчасце ці ў спакойным доме і любячай сям'і? Урэшце ці ўсе нашыя рэалізаваныя планы і мары, прыемнасці і задавальненні, здольныя нас па-сапраўднаму заспакоіць? Можа цішыня, лагоднасць і супакой - гэта менавіта тое, што нас накіроўвае на ўласцівы шлях, а імкненне да святасці здольнае даць нам яшчэ большую глыбіню ў пошуках нашага шчасця. Няхай гэтыя пытанні дапамогуць кожнаму з нас знайсці адпаведныя адказы на нашу веру ў нашай штодзённасці. Амэн. 




















Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В