Гамілія на ХХІІІ ЗН, год А

"Прыйдзіце, заспяваем Пану, усклікнем Богу, скале нашага збаўлення."

Дарагія браты і сёстры! 


Навука, якую нам сёння дае Езус у Евангеллі скіравана на тое, каб мы імкнуліся маліцца і быць трывалымі ў нашай малітве. 

«Калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі б нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх.» Аднак якой павінна быць нашая малітва і чаго ад нас чакае Езус?

Бывае, што наш асабісты досвед малітвы неаднойчы выглядае калі не марна дык вельмі мізэрна. Мы часта молімся: аб здароўі, аб вызваленні ад залежнасці ці дрэнных звычак, аб паляпшэнні матэрыяльнага становішча, аб згодзе ў сужэнстве – і нічога не атрымоўваецца. Молімся нават доўгі час а адказу ўсё няма. 

Колькі людзей у падобнай сітуацыі перастала верыць у Божую любоў ды і наогул у існаванне Бога! Няўжо Езус Хрыстус забыўся аб сваіх абяцаннях? А можа гэта мы не да канца разумеем істоту Божага закліка да малітвы і няздольныя, каб па-сапраўднаму маліцца?

Калі ў сваім жыцці мы практыкуем малітву, то можам заўважыць, што яна мае у сабе функцыю абароны перад нейкім праціўнікам. Калі казаць дакладна, гэты праціўнік злы дух – айцец падману і хлусні, дэман зла. Яго справай ёсць грэх з усімі яго наступствамі: смерцю, цярпеннем, слабасцю чалавечай натуры, падатлівасцю на спакусы, схільнасцю да зла і гэтак далей. Чалавек пакінуты сам на сам нямае ніякіх шансаў на перамогу ўласнымі сіламі, у змаганні з шатанам і грахом. Таму патрабуе апекі і абароны з боку Таго, хто здольны перамагчы ўсялякае зло. А перамагчы зло па-сапраўднаму можа толькі Бог.

Іншы аспект малітвы, які можам заўважыць – гэта нашае вечнае збаўленне. І гэта павінен быць галоўны прадмет нашай малітвы і нашых памкненняў, духоўных намаганняў. Збаўленне не знаходзіцца ў дэапазоне нашых натуральных здольнасцяў. Яго мы можам атрымаць толькі ў якасці дару самога Бога. А каб гэты дар прыняць неабходная пастава пакоры, значыць прызнанне сваёй уласнай слабасці і таксама поўнага і безумоўнага даверу і аддання свайго лёсу ў Божыя рукі. Такую інтэнцыю і просьбу Бог ніколі не адкідвае, але прыслухоўваецца да яе і гарантуе яе толькі тым, хто захоча яе прыняць праз веру.

І тут можам дайсці да высновы, чаму так шмат малітваў, якія мы заносім, не прыносіць рэзультатаў. Па-першае мы просім аб тым, што другапланавае, а часамі нават тое, што можа пакрыўдзіць Божую любоў. Бо, калі Бог хоча нам даць у дары самога сябе, а гэта раўнасільна збаўленню, то не гожа прасіць Яго аб нейкіх дробязях, нават, калі здаюцца яны нам вельмі важнымі і жаданымі. 

Канешне прыдзе той час, калі тыя нашыя дробязі вырашацца самі па сабе. Мы станем на шлях збаўлення, а праз гэта напэўна зменім свой стыль жыцця, дапасуем яго да вымаганняў Евангелля і пэўныя праблемы, якія нам раней здаваліся нявырашальнымі, знікнуць самі па сабе.

Па другое: у нашым жыцці часта не хапае моцнай грунтоўнай веры, а праз гэта асабістай сувязі з Богам. А заключаецца яна ў тым, што калі мы на малітве пазнаем Бога асабіста, то таксама можам распазнаць Яго волю і быць гатовымі, каб яе дапасаваць да свайго жыцця і верна яе выконваць. Калі так зробім, то заіснуе згода між нашымі мэтамі і мэтамі малітвы. Апрача гэтага, згодныя з Божым замыслам нашыя мэты дазволяць нам трывала крочыць шляхам збаўлення.

Але гэта ўсё толькі ў выпадку нашай веры. Калі яе занядбаем, нашыя адносіны да Бога істотна зменяцца, а нашыя жыццёвыя мэты будуць падпарадкаваныя розным зямным вартасцям і каштоўнасцям такім, напрыклад як: грошы, слава, добрая пасада або грамадскі статус і іншыя. А гонячыся за імі існуе небяспека згубіць самае каштоўнае і дарагое - самога Бога, а праз гэта вечнае жыццё. 

Дарагія! Менавіта гэта непакоіць нашага збаўцу Езуса Хрыста і таму Ён заахвочвае нас да малітвы, як мы чуем у сённяшнім Евангеллі да малітвы супольнай. Ці знойдзем веру, гэта значыць ці мы будзем гатовыя даверыцца Богу ў кожнай сітуацыі, даверыць Яму нашае мінулае сённяшняе і будучае? Гэта пытанне на якое нам трэба шукаць адказ усё нашае жыццё. Бо без веры не атрымаем вечнага жыцця, нават калі б мы здабылі самы каштоўны скарб свету. 

Дазволім жа Езусу перамяніць нашыя сэрцы, дазволім Божаму Духу ажывіць нашую супольнасць, у якой мы заносім шчырыя малітвы і прымаем Найсвяцейшы дар Эўхарыстыі. Няхай Божае слова будзе светачам у нашым вандраванні, а прысутнасць нашага Збаўцы умацоўвае нашую веру і надзею на шляху да збаўлення. Амэн.










Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В