Гамілія на ХХV ЗН, год А

"Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка!"

Дарагія браты і сёстры!

Прыпавесць, пачутая намі сёння ў Евангеллі, якая распавядае аб работніках у вінаградніку, перш за ўсё адкрывае нам вялікую Божую дабрыню і міласэрнасць і ўказвае на патрэбу пастаяннай працы і актыўнасці чалавека ў імкненні да збаўлення. На гэтым шляху мы няможам быць бясчыннымі.


Распачынаецца чарговы тыдзень працы, навукі ў школе дзяцей і моладзі. Напэўна для нас усе гэтыя штодзённыя праблемы хоць і складаныя але важныя. Яны нас больш ці менш цікавяць. Можа часам непакояць. Добра было б, каб кожны з нас задумаўся і паразважаў, у кантэксце сённяшняга Евангелля, ці мы ўспрымаем сённяшні напамін Хрыста і як яго ўспрымаем.

«Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» Гэтае пытанне Хрыстус сёння задае кожнаму з нас: дзецям, бацькам, настаўнікам, выхавацелям-усім нам. Справа ў тым, што неаднойчы, шмат хто з нас вядзе вельмі актыўнае жыццё, займаецца рознага роду працай, аднак бывае здараецца так, што мы не займаемся тым, чым займацца павінны. І прыходзіць час, калі мы становімся занепакоенымі і забеганымі менавіта з-за гэтай мітусні. І так, насамрэч атрымоўваецца, што стаім бясчынна, бо не робім крок наперад, мітусімся, стоячы на месцы. 

Напрыклад, калі ўзгадаць справу выхавання дзяцей. Напэўна кожны з бацькоў жадае, каб яго дзеці былі выхаваны добра, каб іншыя людзі ставілі іх у прыклад, а ў будучыні гэтыя дзеці сталі надзейнай апорай для сваіх бацькоў. Каб у гэтым выхаванні дабіцца добрых рэзультатаў, патрэбны час, патрэбны наш высілак у гэтым накірунку і, што самае важнае, патрэбнае нашае ўласнае самавыхаванне. Часамі мы дарослыя, якія павінны даваць добры прыклад у выхаванні, вядзем сябе як дзеці, а можа нават яшчэ горш. Лічам сябе кампітэнтнымі і аўтарытэтнымі, каб навучаць, або даваць добры прыклад, аднак чагосьці нам яшчэ не хапае ў гэтым навучанні ці выхаванні.

Шмат бацькоў, настаўнікаў ці выхавацеляў перажываюць крызіс сваёй веры. Можа яшчэ неяк трымаюцца, ходзяць да касцёла, але толькі ў якасці пасіўных гледачоў, а не ўдзельнікаў. Мае дарагія, святая Імша — гэта не тэатральнае прадстаўленне, але гэта супольная і адначасова індывідуальная сустрэча з Богам, у якой патрэбны наш чынны ўдзел. Любоў, якая ажыўляе нашую веру накіравана ў два бакі, як пісаў аб гэтым папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Deus Caritas est: « Жадаючы дарыць любоў павінен сам атрымоўваць яе ў дары. Канешне чалавек сам можа стаць крыніцай — як кажа Хрыстус — з якой пацякуць рэкі жывой вады. Аднак, каб стаць такой крыніцай, чалавек сам павінен чэрпаць гэтую ваду з першаснай крыніцы, якой з'яўляецца Езус Хрыстус, бо з Яго прабітага сэрца выцякае Божая любоў.» Таму, каб дзяліцца досведам веры з іншымі, нам трэба самім гэтую веру ў сабе мець, развіваць яе і ўмацоўваць. Бо здараецца і так, што бацькі трымаюць пры сябе дзяцей, якія практычна не бачаць касцёла знутры.

«Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» - усклікае сёння да нас Хрыстус, каб мы задумаліся над нашай верай, над нашымі адносінамі да іншых людзей. Каб не толькі спыніліся, сцвярджаючы слабасць нашай веры, але каб імкнуліся з гэтага крызісу выйсці. Таму Езус заахвочвае нас ісці да Яго вінаградніка, не стаяць бясчынна, не марнаваць сваіх талентаў у імя нейкіх амбіцый, або недахопу пакоры. Кожны з нас праз веру вучыцца ў школе Хрыста, і бывае нам трэба нанова ад пачатку вучыцца веры праз слуханне Божага Слова і поўны ўдзел у Эўхарыстыі.

Гэтае ж пытанне сёння Хрыстус паўтарае бацькам, настаўнікам і выхавацелям адносна дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця Святой Камуніі. Колькі дзяцей ў імя Езуса пыталіся ў сваіх таты ці мамы: чаму ты сёння не ідзеш са мною да касцёла? Чаму не прыступаеш разам са мною да Святой Камуніі? Чаму не робіш тое, што хочаш, каб я рабіў? І тут узнікае пытанне для нас дарослых: «Што нам рабіць?» 

Дарагія! Напэўна многія з нас дасведчылі блізкасці Бога, сузіраючы прыгажосць прыроды, магчыма, калі нас сустрэла няшчасце ці хвароба, або слухаючы Божае слова ў сваім жыцці мы зведалі Яго міласэрнасць. На нашых плячах спачывае вялікая адказнасць, за выхаванне і прыклад веры, таму Хрыстус нас запрашае да супрацоўніцтва і як адказ на гэтае пытанне можа стаць нашая свядомая і дабравольная сустрэча з Богам, які прабачае праз сакрамэнт пакаяння і паяднання. На пачатку гэтай нялёгкай місіі варта запытаць Бога праз святара ў канфесіянале: Што мне рабіць. А потым з палёгкай, з вялікай цярплівасцю і даверам працаваць ў Божым вінаградніку, слухаючы словы самога Хрыста ў Касцёле, чытаючы Святое Пісанне, молячыся з пакораю і сілкуючыся Эўхарыстыяй.

Умілаваныя! Хрыстус кожнага дня запрашае нас да свайго вінаградніка. Ніколі няпозна ў ім працаваць. І заўсёды ёсць шанец сюды вярнуцца зноў, бо Хрыстус кожнага з нас чакае, каб мы вярнуліся на пачатак і яшчэ раз запыталі дзе ёсць Бог, які сэнс майго жыцця. Словы пакорнай малітвы і канфесіянал — гэта істотная дапамога, каб верна крочыць уласцівым шляхам не губляючы Хрыста з поля зроку. 

«Ідзіце і вы да вінаградніка» — гэтае запрашэнне мы можам пачуць не толькі сёння. Пытанне толькі заключаецца ў тым як мы на гэта адрэагуем, што пачнем рабіць, калі пачуем у глыбіні сэрца падобнае пытанне Хрыста: ці будзем бясчынна стаяць як некаторыя работнікі з сённяшняй прыпавесці. Ці можа будзем апраўдвацца, што нас ніхто не наняў. Напэўна не! Бо нягожа адкладваць збаўленне сваёй душы на астатнюю хвіліну. Бо ніхто не ведае, калі ў нашым жыцці настане гэтая астатняя хвіліна. Самае важнае, каб мы не спазніліся! Амэн.






Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В