Гамілія на ўрачыстасць усіх Святых

«Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы маглі называцца дзецьмі Божымі. І мы імі з’яўляемся.»
Дарагія браты і сёстры!
Урачыстасць Усіх Святых, на якую мы сёння разам сабраліся, мае радасны характар. Літургія сённяшняга дня вельмі выразна падкрэслівае надзею з якой веруючы чалавек спаглядае ў будучыню. Бачыце, якую любоў даў нам Айцец, - чуем у пасланні апостала Яна - і мы будзем падобныя да Бога, таму што ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць. Хто мае такую надзею на Бога, не будзе асаромлены навекі.
Мае дарагія, хачу зараз паставіць усім нам пытанне: хто такія святыя? Напэўна адказ вядомы: гэта тыя кананізаваныя, благаслаўлёныя, каго Касцёл чыніць узорам святасці, але не толькі. Гэта таксама і ўсе тыя, хто атрымаў ласку збаўлення. Гэта тыя, хто праз веру і жыццёвыя выпрабаванні, застаўся верным Богу даканца і ў вечнасці цешыцца агляданнем Бога тварам у твар. Святы гэта той, хто прыняў дар збаўлення.
Сённяшняе першае чытанне адкрывае вобраз мноства святых, якія прыходзяць да Бога: вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў. Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці.
Па-іншаму гэта тыя людзі, якія не саромеліся ў сваім жыцці прызнацца да Хрыста. Яны не баяліся даваць сведчанне сваёй веры ў Хрыста, які памёр і ўваскрос. Яны не баяліся выклікаў свету! Гэтыя людзі не плылі па цячэнні свету. Нават самыя жудасныя цярпенні і пакуты не ў сілах былі разарваць сувязь веры, якую яны мелі ў сваім сэрцы. Толькі Ён Хрыстус, дае сапраўднае жыццё, Толькі Ён можа выбеліць адзенне брудной чалавечай душы, якую запляміў грэх.
Напэўна ў кожнага святога, быў свой асабісты шлях, свая жыццёвая гісторыя, свая уласная сустрэча з Хрыстом. Касцёл нам дае святых, не для таго, каб мы іх капіявалі, зрэшты мы і няможам быць кімсьці іншым, нам трэба станавіцца самім сабою, але наследваць у прыкладзе жыцця святых тое, што нас можа захапіць і заахвоціць у нашай уласнай дарозе да святасці.
Мы павінны быць сабою, а пры гэтым, штосьці з жыцця нейкага святога занатаваць асабіста для сябе. Нам не трэба паўтараць жыццё, напрыклад святога Андрэя Апостала, ці св. Аўгусціна, або св. Тэрэзы ці св. Айца Піо. Нам трэба самім пражыць сваё жыццё, але жыццёвыя урокі браць ад святых. Ад іх навучыцца можна многаму, перадусім таму, якім чынам мы ў сённяшні час можам рэалізаваць святасць у сваім жыцці, выкарыстоўваючы усе магчымыя сродкі, якія дае Хрыстовы Касцёл.
“Будзьце святымі, бо Я святы” – гэтыя словы мы можам прачытаць у першым пасланні апостала Пятра. Яны з'яўляюцца дэвізам для кожнага хрыстовага вучня, таму яны актуальныя для кожнага з нас. Гэта заахвота, якую нам дае сам Бог, каб мы былі святымі, паколькі святы сам Бог.
Дарагія! Святасць – гэта нашае пакліканне. І гэты працэс дарастання да святасці распачынаецца ўжо тут на зямлі. Нельга аддзяляць жыцця зямнога ад вечнага. Бо мы тут на зямлі здольныя зрабіць вектар, накірунак для нашай вечнасці. Памятаеце, як Езус кажа, на пастаўленае пытанне адносна Божага Валадарства – Ён адказвае - яно тут сярод вас.
Прыходзячы на свет, чалавек пакліканы да святасці, да таго, каб браць удзел ў радасці Божага Валадарства, каб цешыцца перамогаю Хрыста і мець вечнае жыццё. Бо іншымі словамі святасць - гэта Збаўленне. Гэта адказ “Так” на Божую прапанову быцця ў еднасці, у камуніі з самім Богам. Дарагія, Ён нас стварыў, без нашай згоды, але быць збаўленымі без нашай асабістай згоды мы няможам. Бог нас насілу не збавіць. Але і выключна сваімі ўчынкамі мы таксама не ў стане атрымаць Хрыстовае апраўданне. Дык як тады нам быць? Што значыць быць святым?
Умілаваныя! Быць святым – гэта ствараць гармонію між вызнаванай вераю і жыццём. Гэта значыць слухаць прымаць і жыць Божым словам. Быць святым - гэта не значыць хадзіць па аблоках, ці будаваць паветраныя замкі. Быць святым – гэта значыць быць рэалістам, Хрыстовым рэалістам. Які цвёрда ступае нагамі па зямлі, а сэрцам дакранаецца неба.
Наследваць Хрыста на кожны дзень свайго жыцця: ці гэта радасны дзень, ці дзень поўны расчаравання і болю - вось нашае з вамі заданне! “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас, — кажа Пан.” Вось наш накірунак да святасці: Прыйсці да Езуса, не гледзячы ні на што. І Ён нас супакоіць.
Бо толькі Ён можа нас па-сапраўднаму зразумець. І ўжо тут на зямлі Езус дае нам надзею і прадсмак вечнага жыцця. Ён дае нам заступнікаў у асобе святых, каб агонь нашай надзеі не згас. Каб мы не спалохаліся выклікаў сённяшняга свету, як таксама складаных жыццёвых выпрабаванняў.
Дарагія! Святыя не дзеля таго, каб нас палохаць недасягальнасцю сваёй святасці. Але, каб мы, даверыўшыся іх падтрымцы, гэтай еднасці Святых, смела крочылі па жыцці, ні на крок не адыходзячы ад мэты, якой ёсць нашае збаўленне. Словы павучаюць, а прыклад прыцягвае. Таму няхай прыклад святых, іх заступніцкая малітва будуць надзейнай апорай для нас у жыцці і імкненні да святасці. Амэн.
Comments
Post a Comment