Гамілія на ўрачыстасць пасвячэння ўласнага Касцёла

Ці ж вы не ведаеце, што вы — святыня Божая, і што Дух Божы жыве ў вас?

Прагну паўтарыць гэтыя словы разам са святым апосталам Паўлам, дадаючы: а святыня Божая — святая і вы ёй з'яўляецеся!

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! 

У сённяшнюю нядзелю, адзначаем урачыстасць пасвячэння нашай святыні. Той момант, калі гэты прыгожы цудоўны Божы дом стаў асаблівым чынам прысвечаны Пану. 25 ліпеня мы адзначалі чарговую гадавіну з дня кансэкрацыі нашай святыні, якую здзейсніў яго эксцэленцыя кс. Біскуп Эдвард Роп у 1904 годзе. У сённяшняй літургіі адзначацца гадавіна пасвячэння ўласнага касцёла, якую перажывае кожная кансэкраваная святыня Паўсюднага Касцёла, наша таксама. 

Менавіта сам Езус Хрыстус, які памёр і ўваскрос з'яўляецца вуглавым камянём гэтай святыні, а мы на Ім пабудаваныя на жывую Божую святыню. І Бог, у Найсвяцейшай Тройцы, тут сярод нас мае свой дом. Для нас, дарагія браты і сёстры, сёння выдатная нагода, яшчэ раз задумацца над тым, якое месца касцёл, як дом Божы, займае ў жыцці кожнага з нас.

Калі мы паглядзім у розныя часы на розныя культуры і рэлігіі, то можам заўважыць, што святыні прысутныя усюды: і на ўсходзе, і на захадзе, і ва ўсім свеце. Дарэчы, найпрыгажэйшыя будынкі - гэта звычайна святыні. Бо чалавек, які верыць, заўсёды Богу аддасць лепшае. Бо Яму гэта належыць.

У сённяшні час амаль нічога не змянілася, толькі адзінае, Бог для некаторых змяніўся. Сёння для многіх Бог - гэта грошы, гэта бізнэс, а яго святыні -  кірмашы, банкі ды гандлёвыя цэнтры. У сённяшні час, асабліва на захадзе, шмат святыняў наогул пустуе. А там, дзе калісьці будавалі свет без Бога, шмат касцёлаў і цэркваў было знішчана. Вельмі сумна і балюча, што на захадзе многія святыні закрытыя або прададзены, бо няма каму ў іх хадзіць. 

Сёння дзякуем Богу, за нашую прыгожую святыню, за нарачанскі Касцёл, за тое, што ён не пустуе, што вы дарагія браты і сёстры прыходзіце ў дом Божы, каб маліцца, каб яднацца з Богам і бліжнімі, каб сустракацца з Езусам у Эўхарыстыі. 

У сённяшняй літургіі слова, у другім чытанні, апостал Павел нагадвае нам вельмі важную рэч. Ён прыпамінае нам, што самай прыгожай святыняй у свеце з'яўляецца чалавечае сэрца. Кожны з нас усё сваё жыццё праз веру і любоў будуе святыню на фундаменце Хрыста і Яго апосталаў. А як нашая святыня выглядае - гэта ўжо залежыць ад нас. Ад таго наколькі мы клапоцімся пра святыню сваёй душы. Наколькі нам залежыць на прыгажосці нашай унутранай святыні.

Дарагія! Сёння разам з апосталам Пятром хочам усклікнуць "Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога!" Бо сёння тут у нашым касцёле Езус Хрыстус да кожнага з нас звяртаецца з пытаннем: а ты кім лічыш Мяне? Чым для цябе з'яўляецца Мой дом? 

Калі мы сваім жыццём адкажам падобна як апостал Пётр, то пачуем тыя ж словы, толькі звернутыя да нашых сэрцаў, да святыні сэрца кожнага з нас. Сам Езус Хрыстус у нашым сэрцы пабудуе святыню.

Апостал Пётр вызнае ад імя ўсяго касцёла, што Хрыстус - Божы Сын. Ад таго моманту Паўсюдны Касцёл паўтарае за Пятром гэтае вызнанне і не перастае паўтараць ўвесь час. На гэтым жа вызнанні збудавана наша нарачанская святыня, якая з'яўляецца часткаю Паўсюднага Касцёла і ў якой пастаянна праз сотні вуснаў і сэрцаў, гучаць словы вызнання апостала Пятра. 

Умілаваныя! Вельмі цудоўна, што ў наш час, усё часцей і часцей будуюцца прыгожыя каплічкі і касцёлы, што ў нашай парафіі вельмі прасторны і прыгожы касцёл, які збірае вернікаў, і тых, хто хоча наведаць нашую святыню як у духоўных, так і ў эстэтычных мэтах. 

Гэта ўсё вельмі цудоўна, але дарагія браты і сёстры, нельга нам забываць пра самую дарагую і важную святыню, якую кожны з нас будуе. І таму, у гэтай будове, заўсёды павінна знайсціся месца на малітву, на жыццё паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў, на уменне прабачаць і любіць бліжніх. Усё гэта — найлепш упрыгожвае святыню нашага сэрца. І толькі так мы гэтую нашую святыню можам насамрэч збудаваць. Бо святыня Божая святая і вы ёй з'яўляецеся. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В