Гамілія на XXIX ЗН, год А

«Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.» 

Дарагія браты і сёстры! 

Паслухайце, які мудры адказ дае сёння Езус вучням фарысеяў разам з палітычнай суполкай Ірада, якія пытаюцца ў Яго ці належыць даваць падатак цэзару, ці не. 

Як вы ўжо здагадаліся, гэта не было звычайнае пытанне, адказ на якое не быў вядомы. Мэтай гэтага дзіўнага запытання было нават не імкненне выпрабаваць Езуса Хрыста, колькі паставіць Яго у сітуацыі паміж молатам і кавадлам. 

Калі Езус адкажа "так", вучні фарысеяў абвінавацяць Яго ў супрацоўніцтве з Рымскімі акупантамі і ў гэты момант Езус можа згубіць прыхільнасць і давер народу. Калі адкажа "не" - зграя ад Ірада скажа, што Ён хоча спрычыніцца да палітычнага перавароту, бо не шануе ўлады Цэзара. Вось на першы момант класічная сітуацыя, якую гледзячы па-чалавечы можна назваць тупіковай. Аднак глядзіце што адбываецца далей. 

Мудры Настаўнік з Назарэту добра ведае сэрцы тых, хто да Яго звяртаецца, ведае чаго яны хочаць дабіцца праз сваё пытанне, таму просіць іх, каб тыя паказалі срэбную манету, якая звычайна служыла падаткам, а потым адказвае ім класічна па-габрэйску: пытаннем на пытанне, кажучы  чыя гэта выява і надпіс. Адказваюць Яму, што Цэзара. І тады Езус дае адказ які ніхто не чакаў: ані вучні фарысеяў, ані прыхільнікі Ірада. Аддайце — кажа — цэзарава цэзару, а Божае - Богу!

У гэтым простым адказе Езуса можна убачыць што найбольш важнае для кожнага чалавека: аддаць Богу тое, што з давен даўна належыла да Яго. Так як на рымскай манеце была выява цэзара, таксама ў сэрцы кожнага чалавека ёсць выява вобразу і падабенства Бога: бо на свой вобраз Ён нас стварыў. А паколькі мы належым Богу, то нам трэба да Яго вярнуцца. Таму самым важным у жыцці не з'яўляецца адданне цэзару падаткаў, але аддане Богу ўласнага жыцця і сэрца — вось гэта з'яўляецца больш важным.

Як нам, дарагія браты і сёстры, успрымаць сённяшні адказ Езуса? Як жыць гэтымі словамі, бо і да нас, людзей сённяшняй эпохі звернуты гэтыя словы. Перадусім словы Езуса, Яго заахвоту, належыць разумець як заклік да адказнасці за асяроддзе у якім мы жывем, адказнасць за нашыя адносіны да іншых людзей з якімі сустракаемся, супрацонічаем, будуем агульную сучаснасць. Праз гэтыя словы з Евангелля Езус жадае, каб мы, людзі 21 стагоддзя, выконваючы свае абавязкі і працу, удасканальвалі сваё жыццё і, ўсё у гэтым жыцці выконвалі з любоўю, служачы шчыра Езусу у сваіх братах і сёстрах, каб праз нашу паслугу грамадства ў якім мы жывем, магло адпавядаць Божаму замыслу.

Дарагія браты і сёстры! Яшчэ адзін такі момант з Евангелля, на які варта звярнуць увагу. Вучні фарысеяў і прыхільнікі Ірада, перад тым як запытацца Езуса, ілжыва хваляць Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека.» Праціўнікі Хрыста сцвярджаюць, што Яго словы годныя веры, што Езус вучыць праўдзе, вучыць таму што найважнейшае ў жыцці чалавека. Па іх словах Езус з'яўляецца справядлівымі мудрым, які адносіцца да іншых, не зважаючы на тое ці багаты чалавек ці бедны, ці займае нейкую пасаду ці гэта звычайны просты грамадзянін. Яны станоўча сцвярджаюць, што Езус паступае справядліва ў адносінах да кожнага чалавека і вучыць Божай праўдзе.

Толькі вось што цікавае: навошта было гэтае лірычнае адступленне перад крывадушным пытаннем адносна падаткаў цэзару? Напэўна пахвала была няшчырай, бо яны сведчылі пра Езуса перад сабраным народам, які яго лічыў настаўнікам і мудрацом. Напэўна фарысеі Яго такім не лічылі, але вызналі гэта перад людзьмі, каб хітрым чынам прынізіць Езуса, задаючы крывадушнае пытанне. Каб стварыць перад народам рэзананс небывалай дагэтуль велічыні.  Тым больш Езус неаднойчы казаў пра сябе, што Ён з'яўляецца праўдай, а ў недалёкай будучыні Ён вызнае перад Пілатам: «Я дзеля гэтага нарадзіўся і прыйшоў у свет, каб даць сведчанне праўдзе. Вось гэта і была адна з зачэпак для праціўнікаў Езуса. 

Сённяшні урывак з Евангелля, які разважаем, набліжае нас да падзеяў мукі Езуса Хрыста. Гэтыя апошнія падзеі распачынаюцца ад моманту, калі Езус у слушным гневе павыганяў са святыні гандляроў. Тады здзіўленыя першасвятары і старэйшыны пыталіся ў Яго, якім правам ён гэта ўчініў і хто Яму даў такую ўладу. Езус тады не збянтэжыўся, Ён задаў ім сустрэчнае пытанне: адкуль на вашу думку паходзіць Янавы Хрост з неба ці ад людзей? Паколькі старэйшыны адказалі — не ведаем, то і Езус ім адказаў, што не скажа ім якой уладаю гэта робіць. 

Фарысеі і старэйшыны не хацелі стаць у праўдзе і прызнацца да ўсіх сваіх памылак, вось чаму Езус кіруе да іх і да сабранага народа прыпавесць аб двух сынах: адзін з якіх адказаў Айцу «так» і не выканаў яго волю, а другі адмовіў свайму айцу, а потым, адумаўшыся, выканаў сваё заданне. І падагульніў гэтую прыпавесць моцным і зразумелым для ўсіх сцверджаннем: «мытнікі і грэшнікі уваходзяць перад вамі да валадарства нябеснага, бо яны, слухаючы Яна Хрысціцеля, навярнуліся, а вы, бачачы гэта нават і не апамятаваліся, каб яму паверыць». 

А паколькі і гэтых моцных словаў было мала, Езус апавядае прыпавесць аб злых вінаградарах. Яна змяшчала ў сабе ўсю гісторыю Ізраэльскага народу, асабліва драматычныя моманты гэтай гісторыі. Езус кажа, што гэтыя ліхія вінаградары не толькі ігнаруюць волю гаспадара вінаградніка, але нават бьюць і забіваюць тых слугаў, якія пасланыя, каб узяць належны плён. На прыканцы забіваюць нават і сына. Вядома, што гаспадаром вінаградніка у гэтай прыпавесці з'яўляецца Бог, а слугамі Яго прарокі, якіх Ён пасылаў да свайго нявернага народу. Фарысеі і святары выдатна зразумелі, што гэта пра іх Езус казаў, таму стараліся Яго схапіць, знішчыць, прынізіць, адпомсціць... І спробай гэта зрабіць з'яўляецца сённяшняе пытанне звернутае да Езуса, якое мы чуем у сённяшнім урыўку Евангелля.

Такія паводзіны фарысеяў тлумачыліся тым, што яны не жылі ў праўдзе. Яны для сябе стварылі свой свет, дзе ім было выгодна. Яны не маглі ў свой свет прыняць нейкага Божага Месію, бо інакш рухнуў бы гэты іх свет. А фарысеі баяліся згубіць свой прэстыж, бо іх паўсюдна шанавалі, людзі схілялі перад імі галовы. Старэйшыны і настаўнікі Ізраэля як правіла займалі высокія пасады ў грамадстве, хадзілі ў доўгай прыгожай вопрадцы, якую пашыралі і узбагачалі, каб праз гэта іх шанавалі яшчэ больш. А Езуса яны баяліся, страшна баяліся і ненавідзілі, таму што Ён казаў пра іх праўду, таму што Ён паказваў людзям якія яны ёсць на самой справе: пераважна хлусы і крывадушнікі. Вось чаму яны былі здольныя да ўсяго, каб толькі нічога звонку не пагражала іх стылю жыцця: хлусні, падману і кравадушніцтва. 

Умілаваныя! Як жа часта мы становімся падобнымі да гэтых фарысеяў, асабліва, калі хтосьці робіць нам слушную заўвагу і нам бывае цяжка гэтую заўвагу спакойна прыняць. Мы пачынаем агрэсіўна сябе паводзіць, замест таго, каб больш уважліва прыслухацца і паразважаць над тым, што нам кажуць. Справа ў тым, што калі грэх укараняецца, калі мы перастаем змагацца з грахом, то нам цяжка прымаць праўду. Мы прывыкаем да свайго стылю жыцця, падобна як прывыклі фарысеі. Праз грэх, дарагія браты і сёстры, мы таксама ствараем свой свет, які ізаляваны ад дзейнасці Божай ласкі. А гэта значыць што мы не згодныя прыняць Праўду, бо яна не адпавядае нашаму стылю жыцця. Дарагія! Калі мы не жывем у праўдзе, то мы нявольнікі. А Хрыстус кажа: пазнайце праўду і праўда вас вызваліць! Таму аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.  Амэн.


Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В