Гамілія на ўспамін усіх памерлых вернікаў

Сёння мы з вамі чулі фрагмент з кнігі Ёва: “Я ведаю: Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам.” 

Дарагія браты і сёстры! 

Вобраз Ёва - гэта вобраз чалавека, які дасведчыў шмат цярпенняў, які перажыў і поспех, і няўдачу. Бо жыццё, як паказвае практыка, напоўнена як адным, так і другім. Гэтую праўду кожны з нас ведае са свайго ўласнага досведу. Можа таму узнікаюць моманты, калі жыццё перастае захапляць, перастае цешыць як калісьці раней. 

Маці аднаго святара мела амаль сто год, яе свет абмяжоўваўся да ложка на якім доўгі час ляжала, пры гэтым яна была цалкам смядомай. “Гэта ўжо не жыццё, - казала - а дажыванне”. Святар, яе сын, суцяшаў сваю матулю як толькі мог. Хіба ўжо хутка адыду да вечнасці - яна казала. А потым перад тым як памерці паклікала свайго сына бліжэй, і дачакаўшыся пакуль ён да яе нахіліцца сказала такія словы: ”Ведаеш, я хацела б яшчэ троху пажыць” 

Браты і сёстры! За тымі словамі паміраючай жанчыны крыецца адвечная прагненне чалавека да бясконцага жыцця. Магчыма гэтую ж тугу па вечным жыцці хацеў паказаць калісьці старажытны чалавек, малюючы пэўныя вобразы на пячорах. Гэтае прагненне вечнага жыцця спрычынілася да таго, што людзі вельмі даўно пачалі арганізоўваць пахаванні і будаваць грабніцы. Шмат кнігаў са Святога Пісання ўзгадвае нам менавіта аб гэтым прагненні чалавека. Жыць вечна, у рэчаіснасці поўнай шчасця, прыгажосці і дабра. Вобраз прагнення вечнага жыцця выдатна малююць словы з сённяшняга псальму: “Убачу дабрыню Пана ў краіне жывых.” 

Жыццё з’яўляецца сваеасаблівым выклікам. Туга, сум, які агортвае чалавека па прычыне вечнага жыцця, выразна дае аб сабе знаць. Сум гэты вельмі добра сігналізуе, наводзіць на роздум і рэфлексію: што мяне, цябе чакае у будучым, асабліва, калі пераступім парог вечнасці? З якім багажом учынкаў я ўвайду ў вечнасць? 

Кожнага дня мы дасвядчаем тое, што нашае жыццё вельмі слабое ды кволае; яно нібы скарб у гліняным посудзе, як казаў святы апостал Павел. Вось паглядзіце якое яно гэтае жыццё прамінальнае: або цяжкая хвароба, або няшчасны выпадак, і ўжо гэтага жыцця няма. Здаецца сёння жыў чалавек, а глядзіш ужо няма яго побач. Ён адыйшоў у вечнасць. Пакуль жывем, часцей за усё не задумваемся пра гэта. Але нашае жыццё праходзіць, гады цякуць нібы вада, набліжаючы нас да вечнасці. Нядаўна чалавек быў малады, учора дарослы, а заўтра ўжо і старасць не за гарамі. 

І што, маё жыццё скончваецца маёй натуральнай смерцю? Ці трывае надалей у іншай форме? Давайце з вамі зноў узгадаем кнігу Ёва. Надзея церпячага чалавека рэалізавалася ва ўваскрасенні Езуса: “Хрыстус уваскрос з мёртвых, першынец сярод тых, якія заснулі. Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, гэтак праз Чалавека і ўваскрашэнне мёртвых. Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены.” – як чытаем у другім чытанні. 

Але нашае слабае кволае жыццё надалей трывае і мы працягваем жыць. А такія паняцці як уваскрасенне, неба, вечнае жыццё мы недаканца разумеем, як і апосталы не разумелі. Ёсць нейкае маленечкае паняцце гэтага, але дасведчыць гэта нам прыдзецца толькі ў будучым. І дасведчыць гэтага кожны. Тэарэтычнае разуменне гэтых паняццяў: жыццё вечнае, будучы свет, уваскрашэнне яшчэ не робяць нас шчаслівымі, але натхняюць нас, даюць надзею і памкненні да вечнага жыцця, да валадарства нябеснага. Бо мы верым, чакаем, спадзяемся. І нашыя вера, чаканне і надзея грунтуюцца на Езусе Хрысце, нашым Збавіцелі.

Надзея, якая цепліцца ў нашых сэрцах цесна злучаецца з тымі, хто адыйшоў ужо з гэтага свету. Духоўным чынам мы можам адчуваць іх прысутнасць, апеку і заступніцтва. 

Не ведаю легенда гэта ці аўтэнтычны выпадак, але адзін чалавек шмат маліўся за памерлых і рэгулярна запісваў за іх св. Імшы. Ён нават неяк адчуваш што сваімі малітвамі ён дапамог многім і таму заўсёды маліўся за душы церпячыя ў чысцы, меў асабістае набажэнства за памерлых. 

Аднойчы вяртаўся ён з Вільна, з Вострай Брамы ў сваю вёску, а быў гэта менавіта той дзень, калі ён запісаў Імшу за душы ў чысцы, памаліўся і вырушыў дамоў. Калі падыходзіў да сваіх родных мясцінаў, зрабіў знак крыжа ля магільніка і крочыў далей. А непадалёк гэтага месца пільнавалі яго два злачынцы, якія вырашылі яго абрабаваць. Бо ўжо доггі час за ім сочылі. Яны вылічылі, што той чалавек дзесьці праз паўгадзінкі будзе менавіта тут непадалёк праходзіць адзін. І што вы думаеце? 

Пільнуюць яго тыя злачынцы, чакаюць як раптам бачаць ідзе той чалавек акружаны шматлікім натоўпам: людзі метусяцца, гучна размаўляюць між сабою, энергічна жэсцікулююць, чуваць гучны смех. Ну што ж, не нападзеш і не абкрадзеш яго ў прысутнасці такога натоўпу. Чалавек з двадцаць было, няменш. Але, мае дарагія яшчэ больш здзіўленыя і уражаныя ды напалоханыя былі тыя злачынцы, калі пасля даведаліся, ад тога ж чалавека, што ні з кім ён не ішоў, але вяртаўся да дому выключна адзін. Такім чынам удзячныя памерлыя, за якіх той чалавек маліўся, дапамаглі яму пазбегчы небяспекі, якая яму пагражала з боку тых двух злачынцаў. 

Дарагія! Нашая памяць, нашая малітва за тых, хто адышоў з гэтага свету – вельмі важная рэч. Душы памерлых патрабуюць нашых малітваў і адначасова за нас моляцца. Паглядзіце, колькі маем заступнікаў перад Богам! Неаднойчы мы можам адчуваць, што душы тых людзей патрабуюць нашай малітвы, нашага заступніцтва перад Богам. А сімвалы памяці такія як помнікі з крыжамі, кветкі, лампадкі, натхняюць нас да гэтай малітвы, дазваляюць успомніць тыя моманты, калі людзі гэтыя яшчэ жылі на зямлі, былі разам з намі. Бо многія, якіх зараз з намі няма, выразна засталіся ў нашай памяці. Некаторыя ад нас адышлі вельмі даўно, а некаторыя нядаўна. Але адно: кожны ўспамін аб іх застаецца дзеля таго, каб мы прыбіраючы могілкі, прыносячы кветкі, запальваючы лампадкі ўзносілі свае малітвы да Бога менавіта за іх, яны гэтага патрабуюць. 

Дарагія браты і сёстры! Можа мы да канца і не ведаем ці нашая малітва будзе прынята Богам як малітва заступніцтва за памерлых, як малітва аб прабачэнні ім віны, якую яны здзейснілі на зямлі, ці як малітва праслаўлення іх як ужо святых Бога, не ведаем, але важна проста аддаць гэтую справу Богу, даручыць Яму, з даверам занесці малітву да Бога за нашых блізкіх памерлых, а Ён у сваёй міласэрнай справядлівасці выслухае нашыя малітвы і ўчыніць так, каб яны былі пачутымі. Амэн.




Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В