Гамілія на ўрач. Езуса Хрыста Валадара Сусвету, год А
Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.
Дарагія браты і сёстры!
Гэтыя словы, якія мы з вамі пачулі з Евангелля з'яўляюцца сэрцам сённяшняй прыпавесці і таксама крытэрыем, па якім нас калісьці будуць ацэньваць. Сённяшняя ўрачыстасць Хрыста Валадара адкрывае нам Ягонае аблічча на прыканцы вякоў, калі Хрыстус прыдзе з анёламі ў славе сваёй, каб судзіць жывых і памерлых. Але Хрыстус з'яўляецца валадаром не толькі будучага свету. Ён - Валадар нашых сэрцаў тут і цяпер. Перад тым як узнікне вобраз Хрыста Валадара з'явіцца Ён у дзеях збаўлення як даўгачаканы Месія, Кароль і Пастыр.
Першае чытанне з кнігі прарока Эзэхіэля апавядае аб тым як Пастыр, які неўзабаве прыйдзе, будзе клапаціцца аб сваіх авечках. Ён вызваліць іх з таго месца, дзе яны некалі разбегліся, калі былі цёмныя ды мрочныя дні, прывядзе іх зноў на іх зямлю, будзе іх пасвіць на добрай пашы. Словы гэтага прароцтва Езус аднясе да Сябе. У Евангеллі паводле св. Яна Езус прадстаўляе Сябе як Добрага Пастыра, які не толькі вядзе сваіх авечак на добрую пашу, але аддае сваё жыццё за авечак.
Валадарства – гэта тэма, якая таксама прысутнічае ў сённяшнім другім чытанні, якое літургія слова чэрпае з першага паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў. Гэтае валадарства знаходзіцца ў кантэксце навукі аб уваскрасенні Езуса Хрыста. Апостал Народаў супрацьпастаўляе Старога Адама з Новым, якім з’яўляецца Езус Хрыстус. Ведаем, што Першы Адам парушыў Божы наказ адносна спажывання з дрэва пазнання дабра і зла, гэтым самым адмовіўшы Богу ў паслухмянасці. Яму здавалася, што такім чынам ён праявіць сваю свабоду і дасягне велічы, стане на прыступку, якая зраўняе яго з самім Богам. Аднак замест такой высокай і грандыёзнай перспектывы чалавек трапіў у няволю граху і смерці. Як сыны Адама, мы таксама ўдзельнічаем ў гэтай непаслухмянасці і ва ўсім тым, што з гэтай непаслухмянасці вынікае.
Дарагія! Бог, верны сваёй творчай любові, пасылае на свет Свайго Адзінароднага Сына, Які, нараджаецца з Дзевы Марыі, прымаючы нашую чалавечую натуру, праз што становіцца нашым братам. Як новы Адам Ён - Хрыстус уваходзіць у гісторыю чалавецтва, каб сваёй паслухмянасцю адкупіць непаслухмянасць першага Адама. Ён, Божы Сын, і адначасова, Сын Чалавечы, сказаў аб Сабе, што не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць на адкупленне сваё жыццё. Сваёй паслухмянасцю аж да смерці, Езус вяртае чалавека Айцу, вяртае валадарства Бога ў чалавеку. Тое валадарства, якое чалавек меў на пачатку, калі быў у раі і якое згубіў праз свой грэх. У служэнні на ўзор Хрыста, чалавек нанова адкрывае сваю годнасць у поўнай ступені, сваю здольнасць валадарання.
Хрыстус – гэта Валадар, якога так доўга чакалі, але калі Ён прыйшоў, каб служыць, то пагардзілі ім і прысудзілі Яго на Крыжовую смерць. Хрыстус у цярнёвай кароне – Валадар укрыжаваны на адкупленне многіх. Як жа не падобны Ён не толькі да звычайных зямных каралёў, але да Таго, кім з’яўляецца.
Апісанне, якое змешчана ў сённяшнім Евангеллі, прадстаўляе апошні суд, дзе Хрыстус добры Пастыр і адначасова справядлівы Суддзя, аддзеліць авечак ад казлоў, аддзеліць добрых ад злых. Хрыстус нам прыпамінае, што перад тым як прыдзе час апошняга суда, Ён пастаянна спадарожнічае з намі ў нашай зямной пілігрымцы і клапоціцца пра нас як сапраўдны пастыр клапоціцца пра сваіх авечак. Аднак рашаючым крытэрыем для нас будзе тое, ці ўдзельнічалі мы ў Яго клопаце аб нас, аб кожным чалавеку. Добра было б захаваць у сваёй памяці гэты вобраз апошняга суда, бо нясе ён у сабе вялікае пасланне надзеі. Хрыстус – заўсёды з боку чалавека, з боку таго, хто патрабуе дапамогі, клопату, любові і, хто служыць, клапоціцца, аказвае міласэрнасць.
А як Хрыстус нас будзе судзіць? Хіба гэтае пытанне неаднойчы ўзнікала ў нашых думках. Адказ, змяшчаецца ў сённяшнім Евангеллі і адкрывае перад намі гэтую таямніцу. Можа непадрабязна адкрывае, але асноўны прынцып гэтага суда для нас становіцца зразумелым. Як Бог паступіць перад так велізарнымі людскімі правінамі і несправядлівасцямі? Ці будзе як камп’ютар вылічваць усе за і супраць, добрыя і дрэнныя чыны, ці можа будзе аналізаваць усе чалавечыя прыгоды, драмы, аповесці? Аднак Езус кажа аб чымсьці зусім іншым і магчыма мы будзем здзіўлены хуткасцю гэтага падзелу, адназначнасцю матываў прысуду і простым азначэннем “Я быў галодны, ты даў мне есці, уваходзь да радасці”
Калі ўзглянем на кантэкст гэтай евангельскай сцэны, то няцяжка заўважыць, што яна з’яўляецца апошнім навучаннем Езуса, апошняй Яго спробай паставіць нас перад тым, што на самой справе вельмі істотнае. Колькі разоў Езус звяртаў увагу на небяспеку нерашучасці ў жыцці чалавека, які прапагандуе ўзнёслыя прыгожыя чыны, а ў рэчаіснасці іх не выконвае. Памятаем фарысеяў. Езус ведае нашую схільнасць да ляноты, да таго, каб пазбегнуць усялякіх вымаганняў, якія для нас ставіць Евангелле. Прасцей на словах казаць пра ўзнёслыя ідэалы тыпу: хопіць толькі любіць... Жыць любоўю... Спатыкаць Бога ў нашых братах... Бачыць Хрыста ў самых бедных...і г.д.
Так. Усё гэта вельмі прыгожа і цудоўна. Але прыйдзе час, калі за нас будуць прамаўляць не словы, а чыны. Ці зрабіў я штосьці, калі нейкі чалавек патрабаваў маёй дапамогі? Вось і лінія падзелу між благаслаўлёнымі і праклятымі, вось сапраўдны цяжар чалавечага жыцця і яго прысуд на вечнасць. Словы якія сёння чуем ва ўрыўку Евангелля паводле Мацвея: “тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.”
Умілаваныя! Апісанне гэтага апошняга суда павінна нам усвядоміць вартасць нават найменшага выразу любові. На прыканцы часоў будзе лічыцца толькі адно: тое, што мы сапраўды ўчынілі, а не што хацелі ўчыніць, каб прыйсці з дапамогай чалавечаму няшчасцю. Класічны спісак, які прадстаўляе Езус пастаянна павялічваецца: быў няграматны, а ты навучыў мяне чытаць; быў непаўнаспраўны, а ты як архітэктар падумаў аб памяшканнях, каб прынесці мне палёгку; я быў бежанцам, а ты мяне прыняў... Гэта і ёсць тыя дарогі, на якіх можам спаткаць Езуса Валадара. Яго валадарства – гэта свет людзей, якія патрабуюць дапамогі і людзі, якія гэтую дапамогу нясуць. Колькі разоў дапамагаем, столькі выбіраем Езуса Валадаром.
“У Хрысце ўсе будуць ажыўлены, каб Бог быў усім ва ўсіх”. Другі Ватыканскі Сабор прыпамінае нам пра тое, што хрыстацэнтрызм з’яўляецца не толькі катэгорыяй тэалогіі, ён з’яўляецца таксама катэгорыяй нашага штодзённага жыцця. Уваскрослы Хрыстус прагне быць запрошаны, хоча стаць у цэнтры нашага асабістага жыцця. Каб Хрыста паставіць у цэнтр свайго жыцця , мне спачатку трэба навучыцца весці з ім унутранную духоўную размову, аддаваць у малітве свае справы, а можа і справы іншага чалавека, расказваць Яму аб тым, што баліць, дзяліцца тым што мяне радуе ды цешыць. Няма і няможа быць іншай прысутнасці Хрыста ў нашым жыцці, як толькі праз нашае багатае духоўнае жыццё. Хрыстус – гэта Валадар Сусвету. Аднак няма іншага валадарства, як тое, якое праходзіць праз нашае сэрца. І няма іншага разумення ўлады, як толькі праз службу.
Хрыстус Пан і Збаўца, павінен жыць і валадарыць у маім сэрцы, выразна бачыць мае чыны: тое, кім я ёсць і што я раблю. Калі я не баюся паказваць кожны свой чын Хрысту, значыць я не баюся дазволіць Яму увамне валадарыць. Ён няможа быць Хрыстом ідэалогіі, палітычнай партыі ці прафсаюза, але перадусім Хрыстом Евангелля, якое рэалізуецца штодня, перш за ўсё ў маім асабістым жыцці. Ён – Хрыстус майго жыцця.
“Прыходзьце благаслаўлёныя Айца Майго; атрымайце Валадарства, прыгатаванае для вас ад заснавання свету”. Гэтыя словы з'яўляюцца добрай матывацыяй у нашым жыцці, бо даюць нам надзею, што нашыя старанні і клопаты будуць заўважаны і ўзнагароджаны. Кожны, нават самы дробны ўчынак будзе ўзяты пад увагу, а ўзнагарода сапраўды вялікая і годная таго, каб да яе імкнуцца. Таму напамін Хрыста: «тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.» няхай стане для нас актуальны не толькі на словах, але і на чынах. Амэн.

Comments
Post a Comment