Гамілія на І НА, год В

«Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому.»

Дарагія браты і сёстры!

Распачаўся новы літургічны год. Час Адвэнту, які характарызуецца чаканнем на прыйсце Хрыста.

Для нас — гэта перыяд, калі мы асабліва рыхтуемся, чарговы раз у сваім жыцці, перажыць нараджэнне Божага Сына. Сустрэць разам з Марыяй поўню часу, як піша святы апостал Павел да Галатаў. Гэты час для нас таксама з'яўляецца новым выклікам, часам надзеі, жаданнем адкрыць нанова Божую Таямніцу Ўцелаўлення і перспектыву звязаную з ёй. 

А дзеля таго, каб нашае чаканне апраўдалася, нам абявязкова патрэбныя перамены: пакінуць за сабою тое, што нам не прыносіць карысці ў перажыванні адвэнтавага часу, адкрыць у сваім жыцці нанова ўсе тыя аспекты, якія збліжаюць нас да радаснага чакання Езуса Хрыста. Таму сёння Езус кажа: «Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому!» Сённяшні заклік да чування з'яўляецца дэвізам перажывання часу адвэнта які распачаўся. 

Умілаваныя браты і сёстры! Нашай мэтай у новым літургічным перыядзе з'яўляецца плённае перажыццё Адвэнту: каб падрыхтаваць нашыя сэрцы на прыйсце Езуса Хрыста як падчас урачыстасці Божага Нараджэння, калі мы ўзгадваем гэтую радасную і велічную таямніцу, так і на прыканцы часоў, калі Хрыстус прыдзе з анёламі у славе, каб судзіць свет. Менавіта чуванне з'яўляецца тым дзеяннем, якое нам можа выдатна дапамагчы добра перажыць гэты час, не змарнаваць яго. Бо спатканне з Хрыстом, якое мы чакаем, адбываецца перш за ўсё у нашай шэрай штодзённасці: у малітве, у чытанні Святога Пісання, ва ўдзеле ў Св. Імшы, ва ўчынках міласэрнасці да бліжніх і г. д.

Для нас вельмі важна, каб мы змаглі распазнаць прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці. Нам трэба дазволіць, каб Езус Хрыстус увайшоў у нашу самотнасць, у нашыя турботы і клопаты, у нашу радасць і ў наш сум. Бо Ён жадае напоўніць сабою нашае жыццё; не толькі нейкія асаблівыя моманты нашага жыцця, але кожную яго хвіліну.

Дарагія! Кожны Адвэнт патрэбны нам для таго, каб мы штосьці распачалі нанова. Таму новы літургічны год нам дадзены як час, у якім праз чуванне і малітву мы аднаўляем свае духоўныя сілы і мабілізуем нашую увагу, да слухання і выканання Божага Слова.

Наступным элементам у добрым перажыцці Таямніцы Божага Нараджэння з'яўляецца вернасць нашаму сумленню. Чалавек, які верны свайму сумленню, адчувае бяспеку і ўнутраны спакой, якія яму даюць перакананне ў тым што ён, калі паступае паводле сумлення - паступае правільна. У чуванні мы здольныя заўважыць іншага чалавека і, калі мы шчырыя перад сабою, то таксама шчырыя перад іншымі людзьмі, а гэта нам дапаможа заўважыць патрэбы іншага чалавека і адказаць канкрэтным чынам са свайго боку. Гэта значыць дапамагчы чалавеку ці добрым словам, ці канкрэтным учынкам, у залежнасці ад сітуацый і абставінаў. 

Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам чалавека, які пакінуў дом свой даручаючы слугам пэўную ўладу, і які меўся вярнуцца ў неакрэслены час. Зразумела, што гэтым чалавекам з прыпавесці з'яўляецца Хрыстус, а мы - ягоныя слугі, якія праз чуванне і сумленнае жыццё, павінны верна чакаць прыйсце свайго гаспадара. 

Дарагія! Быць чуйным — значыць быць чалавекам адказным не толькі за сябе, але і за іншых. Адказны чалавек - гэта той, хто кіруючыся сваім сумленнем верна выконвае свае абавязкі, а нават больш - гэта той, хто здольны зрабіць значна больш, чым ад яго патрабуецца, бо прымушае яго да гэтага любоў, якая з'яўляецца асноўным матывам чування. Адказны чалавек не марнуе ніводнай нагоды да дзейнасці, не чакае пакуль ягоную працу хтоцьці іншы зробіць за яго. Вось такім паставам вучыць нас час Адвэнту, у прыватнасці фрагмент сённяшняга Евангелля.

Евангельскі вобраз адказнага чуваючага чалавека датычыць не толькі справаў матэрыяльных, прафесійных, грамадскіх ці сямейных. Прыарытэт, які ставіць сённяшняя прыпавесць, датычыць справаў Божага Валадарства: калі чалавек добра яго рэалізоўвае, то і ўсё астатняе ў яго жыцці будзе упарадкавана на адпаведным узроўні. Бог жадае, каб мы годна жылі і ў дастатку, каб у нашым жыцці панавалі спакой і радасць, каб мы жылі справядліва і адчувалі сябе пэўна і бяспечна. У гэтым Бог заўсёды гатовы нам дапамагчы. Ён дае нам неабходныя магчымасці і здольнасці не для таго, каб яны проста прысутнічалі ў нашым жыцці, але каб мы іх па-сапраўднаму выкарыстоўваючы, узбагачалі сваё жыццё.

Апостал Народаў святы Павел, неаднаразова ў сваіх пасланнях падкрэсліваў неабходнасць малітвы і чування, бо праз гэта веруючы чалавек будзе адораны ўсім неабходным. А ў Хрысце насамрэч здольныя рэалізавацца ўсе аб'ектыўныя чаканні веруючага чалавека.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Няхай гэты нядоўгі перыяд Адвэнту, які распачаўся, стане для нас часам чування і духоўнай адновы, каб мы як тыя слугі з сённяшняй евангельскай прыпавесці, аказаліся вернымі свайму гаспадару-Хрысту, які надыходзіць. Амэн.


Чытанні: Нядзельная Літургія слова









Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В