Гамілія на Пастэрку_2014
«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!»
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Сёння мы з вамі чуем словы, якія весцяць радасць і надзею для усяго чалавецтва, усіх часоў і народаў. Гэтыя словы, якія запісаў Евангеліст Лука, асабліва сёння скіраваныя да нас з вамі: «... Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.» Нарэшце споўніўся Адвэнт, нашае чаканне рэалізавалася ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова! Нездарма хвала і супакой — гэта адпаведная атмасфера ў якой нараджаецца Божае Слова.
Умілаваныя! Добрая вестка сённяшняй ночы асвятляе нашыя сэрцы, апраменьвае іх святлом Божай хвалы, так як некалі пастушкоў, якія вартавалі ўначы свой статак. Анёл супакойвае іх: не бойцеся!- кажа!- я абвяшчаю вялікую радасць вам і ўсім людзям. Сёння менавіта мы, тыя людзі, якім абвяшчаецца радасць, радасць вялікая! Евангеліст Лука вельмі старанна апрацаваў гэты ўрывачак з Евангелле, які мы сёння пачулі. Здаецца ён узважыў кожнае слова, кожны эпітэт, які скіраваў да немаўляці Езуса, каб перадаць словамі незвычайную атмасферу Божага Нараджэння, тую атмасферу, якой здольныя пранікнуцца і захапіцца нашыя сэрцы, адаруючы Уцелаўлёнае Слова. Калі прыслухаемся яшчэ раз да гэтых словаў: «...Хвала Пана асвяціла іх...Нарадзіўся Збаўца... Хрыстус Пан» то ўжо можам адчуць веліч гэтай падзеі Божага Нараджэння.
Дарагія браты і сёстры! Кожны год мы нанова адкрываем таямніцу Бэтлеемскай стаенкі, бо ў цэнтры яе — уцелаўлёны Бог. Можа мы да гэтага ўжо прызвычаіліся, а можа нашыя штодзённыя праблемы і клопаты не дазваляюць нам яшчэ раз перажыць узнёсласць і захапленне гэтай таямніцы, можа мы так стомленыя жыццём, што нам цяжка знайсці гэтую радасць у сабе. Тым няменш Хрыстус нас запрашае, каб нашая радасць ішла ад сэрца, каб гэта не былі толькі эмоцыі, толькі павярхоўнасць і захапленне знешнімі дэкарацыямі гэтага свята. Таямніца Божага наражэння — гэта значна больш.
Ціхая і Святая ноч адкрываюць перад намі рэчаіснасць нашай веры, што Дзіця, якое мы адаруем у яслях з'яўляецца Богам, нашым Стварыцелем і Збаўцам. А мы — тыя, хто чуем гэтую радасную вестку, мы таксама ўдзельнікі гэтай таямніцы, паколькі дзеля нас Бог уцелавіўся. Ці не годна гэта з нашага боку вялікай радасці і захаплення!? Прымім жа Езуса, які нарадзіўся і, схіліўшыся ў пакоры, будзем адараваць Яго старанна і з вялікай радасцю.
У першым пасланні святога апостала Яна чытаем такія словы: «І жыццё аб'явілася і мы ўбачылі і сведчым і абвяшчаем вам жыццё вечнае, якое было ў Айца і аб'явілася нам» Дарагія! Вось тое жыццё, якое асабліва сёння аб'яўляецца нам. Новае жыццё — нараджэнне Божага Сына. І таму, умілаваныя, нашае жыццё, як веруючых людзей, залежыць ад гэтай добрай весткі і ад таго што абвяшчаюць Мацвей, Марк, Лука і Ян.
Сёння для цябе і мяне нарадзіўся Збаўца, гэтае маленькае Дзіця, якое з'яўляецца Богам. «І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях.» Гэтае немаўля і ёсць тым Эмануэлем, тым Богам з намі. Вельмі незвычайна, што Бог аб'явіўся людзям у гэтым свеце, Яго нараджэнню не сапутнічалі фанфары, не ў палацы Яго туліла да грудзей маці, а ў нейкай беднай стаенцы. Гэта вельмі добра пераклікаецца з тым, што некалі ў будучым Езус скажа сваім вучням: «Я прыйшоў не дзеля таго, каб Мне служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне многіх.» Пакора — гэта логіка самога Бога, які прыйшоў на гэты свет. Калі мы жадаем быць Яго вучнямі, то нам трэба наследваць не толькі гонар і прыналежнасць да Хрыста, але і уменне быць пакорным, а гэта значыць не баяцца служыць сваім братам, так як і Хрыстус не баяўся.
Умілаваныя! Бог настолькі моцны і ўсемагутны, што змог нарадзіцца ў беднасці і галечы. Бо сваёй беднасцю Ён нас узбагачае. Наколькі мы ведаем нашага Збавіцеля Езуса Хрыста? Наколькі Ён для нас блізкі? Каб гэта зразумець трэба быць верным Божаму Слову і з вераю прымаць Яго бязмежную Боскасць, злучаную з чалавечай натурай — гэта можа нас насамрэч захапіць і наблізіць да таямніцы сённяшняй Бэтлеемскай ночы. З гэтых ясляў усё распачалося: Бог увайшоў ў свет і паказаў, што Хтосьці стаў па-чалавечы Богам, і па-Божаму чалавечы.
Дарагія! Наколькі каштоўным павінна быць нашае жыццё, калі сам Бог прымае нашу чалавечую натуру, яднаецца з намі назаўсёды. Напэўна звычайная чалавечая любоў не была б ніколі да такога здольная, а вось любоў Бога да слабога і грэшнага чалавека паставіла ў нашай гісторыі неверагодны рэкорд. Бог палюбіў нас і таму прыйшоў на гэты свет. Пажадаў нарадзіцца ва ўмовах амаль жабрака. Праз гэта Езус нас вучыць Божай логіцы — логіцы любові. Таму сёння адараючы Уцелаўлёнае Слова пры Яго яслях скажам сэрцам важныя словы не толькі: «Божа мой як я моцна Цябе люблю, але Божа, як Ты мяне моцна любіш!» Амэн.

Comments
Post a Comment