Гамілія на ІІІ НА, год В
"Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім."
Хутка прамінае адвэнтавы час малітвы і чування, у якім мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння. Магчыма ўжо загаддзя мы плануем як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята, што застаецца яшчэ купіць, што нам трэба наладзіць, каго на святы запрасіць і што зрабіць, каб сёлетняе Божае Наражэнне было асаблівым і непаўторным.
Аднак, хоць нашыя штодзённыя справы вельмі важныя і нельга іх ігнараваць, то таксама няменш важным у нашай падрыхтоўцы да Божага Нараджэння з'яўляецца клопат аб духоўнай сферы нашага жыцця. Бо калі нават усё што трэба будзем мець на стале ў гэтыя святы, калі шмат родных і сяброў збяруцца разам з намі і ў нашай святочнай грамадзе будзе панаваць вясёлы настрой, то раней ці пазней мы пачнем адчуваць, што нам чагосьці не хапае; унутры нас будзе нейкі сваеасаблівы вакуум, пустата ў нашай душы, калі мы адпаведна не паклапоцімся, каб яе напоўніць Божай ласкай.
Трэцяя нядзеля Адвэнту, якая называецца «Нядзеля Gaudete», характарызуецца асаблівым радаcным настроем і гэта выражана ў выкарыстанні ружовага колеру ў літургіі. Сімвалізуе гэты колер радасць чакання наражэння Месіі-Збаўцы і Валадара. Радасць, якой папярэднічае гармонія і супакой - гэта адметнасць Божага валадарства, да якога мы пакліканы і якое пачынаецца ўжо тут сярод нас.
Дарагія! Сёння літургія Божага слова заклікае нас прыслухацца да сведчання Яна Хрысціцеля ў сённяшнім Евангеллі. На пастаўленыя пытанні ён адназначна адказвае, што не з'яўляецца ані Месіяйі, ані Іллёй, ані прарокам. Чаму ён так сцвярджае? Зразумела, што Ян Хрысціцель не Месія, але ў нейкім сэнсе яго можна назваць Іллёй або прарокам. Нават сам Езус яго так называў. Дык чаму Ян так сціпла сябе паводзіць?
Асноўным матывам такой сціпласці з'яўляецца вялікая пакора апошняга прарока Старога Запавету - Яна Хрысціцеля. Ён усведамляе каму рыхтуе шлях і хто неўзабаве павінен прыйсці і прыняць ад яго Хрост. Перад Езусам Хрыстом Ян упакорвае сябе да такой ступені, што нават няварты развязаць раменьчыка на яго сандалях. Звычайна нявольнікі ці слугі маглі развязваць абутак сваіх гаспадароў і вяльможаў, а Ян Хрысціцель кажа, што ён нават гэтага няварты. А калі Езус прыходзіць да Яна прымаць Хрост у Ярдане, то Ян Яго утрымлівае нейкі час кажучы, што гэта я павінен хрысціцца ад Цябе а Ты прыходзіш да мяне... Як бачым пакора - гэта найбольшае сведчанне Яна Хрысціцеля, якое прамаўляе само за сябе. Адначасова гэтая незвычайная пакора Яна паказвае веліч Месіі, які пасланы да свайго народу і ў перспектыве да ўсіх народаў свету.
Умілаваныя! Яшчэ адно сведчанне на якое хачу звярнуць ўвагу — гэта словы прароцтва, якія мы чулі ў першым чытанні. Дух Пана Бога на Мне. Гэтыя словы некалі прамовіў Езус Хрыстус, калі быў у родным Назарэце, сярод сваіх землякоў і ўрачыста прачытаў ў сінагозе пададзены яму світак прарока Ісайі. Гэтым самым Езус выразна падкрэсліў сваю місію і таксама пацвердзіў праўдамоўнасць Святога Пісання, кажучы што споўніліся сёння пачутыя вамі словы. Езус дае сведчанне, што Дух Бога на Ім, што ягоная місія, аб якой напісана ў кнізе Ісайі - гэта быць пасланым да убогіх і змучаных сэрцаў, каб перавязаць іх раны, каб вызваліць палонных і даць свабоду вязням.
Па-іншаму Хрыстус дэкларуе сваё заданне, якое Ён прыйшоў выканаць, каб вызваліць грэшнага чалавека з няволі граху і адарыць свабодаю Божых Дзяцей. Таму на іншым месцы Хрыстус скажа фарысеям, што Ён прыйшоў на гэты свет не дзеля справядлівых, але дзеля грэшнікаў, ці таксама «не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя».
Справа ў тым, што вялікая колькасць сучаснікаў Езуса Хрыста была проста пакінута на волю лёсу. Яна не ўпісвалася ў звычайныя стандартныя рамкі грамадства і таму аб іх ніхто не клапаціўся і лёс іх нікога не цікавіў. Фарысеі, кніжнікі і іншыя лідэры ізраэльскага народу лічылі сябе правіднікамі і стваралі пэўны шаблон для грамадства, яны ў нейкім сэнсе дыктавалі стыль жыцця, які павінна было прыняць грамадства. Калі хтосьці не ўпісваўся у гэтыя рамкі, то настаўнікі выбранага народу можна сказаць іх не лічылі за людзей. І тут прыходзіць Езус, які есць і пье з мытнікамі і грэшнікамі. Можам сабе ўявіць тое абурэнне, зайздрасць і злосць, якія панавалі ў коле фарысеяў і ім падобных.
Але зноў жа Езус робіць гэта не дзеля таго, каб пакзаць што нямаюць сэнсу тыя рамкі устаноўленыя ізраэльскімі аўтарытэтнымі асобамі, але іх адносіны да людзей не ўласцівыя. Яны не лічуцца з людзьмі, якія можа па прычыне іх зацвярдзелага сэрца зышлі з простай дарогі Божага Закону. І Езус прыйшоў асабліва да гэтых бедных пакінутых людзей, каб яны адчулі, што Богам не пакінуты. Можа юдэйскія прадпісанні прадугледжвалі для гэтых грэшных людзей суровыя пакаранні, можа нават выключалі іх з супольнасці верных, аднак Бог у сваёй любові не ігнараваў такіх людзей, бо Ён не зважае на асобы, але шукае кожнага, хто заблукаў.
Дарагія браты і сёстры! Сведчанне, якое дае Езус - гэта сведчанне радасці: Дух Пана Бога на Мне. Гэта значыць, што я бедны грэшнік маю магчымасць атрымаць тую свабоду і вызваленне, якое прыносіць Езус. Гэта значыць, што Езус пасланы і да мяне, канкрэтна ў маё жыццё, у мае праблемы, у мае няўдачы, у маю асаблівую жыццёвую сітуацыю. Для чаго? Каб нагадаць мне, што я не адзін у сваіх праблемах, што гэтыя цяжкасці мне патрэбныя, каб я станавіўся больш сталым хрысціянінам, каб мая любоў да Бога і бліжняга праз гэтыя цяжкасці ачышчалася і павялічвалася, а мой эгаізм памяншаўся.
І ўрэшце Езус прыходзіць, каб падбадзёрыць мяне ў дарозе да збаўлення. Каб я, прайшоўшы ўсю пілігрымку свайго жыцця, мог далучыцца да трыумфуючага Касцёла, да шчаслівай вечнасці, да радасці ў Божым Валадарстве. І гэтая радасць асаблівым чынам прысутнічае ў літургіі, якую Касцёл здзяйсняе ў гэты перыяд Адвэнту: радасць з прыходу Хрыста ў маё жыццё яшчэ раз.
І хоць можа нам, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, праз нейкую гадзінку прыдзецца вярнуцца дамоў і зноў акунуцца ў шэраг праблемаў і заданняў, якія пастаўлены перад намі, аднак цяпло Божага слова, яго глыбокая радасць і супакой, здольныя нашай шэрай штодзённасці надаць адпаведны колер і тон. І ў гэтым адвэнтавым чаканні няхай наш настрой і наш дух будзе бадзёры і радасны нягледзячы ні на што. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment