Гамілія на ІІ Нядз.пасля Нараджэння Пана
«А Слова сталася Целам і пасялілася між намі!»
Дарагія браты і сёстры!
Гэты ўрывак Евангелля, які мы сёння пачулі, ставіць перад намі шэраг пытанняў у кантэксце Божага Нараджэння. Менавіта ці мы верым у тое, што Бог сапраўды нарадзіўся, што Сын Божы стаўся чалавекам, Слова сталася Целам і пасялілася між намі? Ці мы верым у гэтую праўду усім сэрцам, якую чуем кожны год і аб якой вельмі часта забываем?
Тое, што Бог нарадзіўся, што Слова сталася целам, мы ўжо чулі неаднаразова і, магчыма, прызвычаіліся да гэтых словаў, не імкнучыся зазірнуць у іх больш глыбокі змест. Тым няменш гэтыя словы, запісаныя на пачатку Евангелля паводля Яна, з'яўляюцца праўдай нашай веры, якая кажа аб здзейсненым Божым абяцанні. Вось здзейснілася Божае абяцанне адносна прыйсця Месіі Збаўцы. І гэты прыход даў чалавеку свабоду і вярнуў згубленую годнасць, паказаў найвышэйшыя каштоўнасці да якіх нам у жыцці трэба імкнуцца. Перадусім асабліва важнай для нас з'яўляецца любоў, у якой нас Бог збавіў.
Дарагія! Калі мы прывыкаем да гэтых словаў, якія нясуць у сабе збаўчую праўду, то мы перастаем успрымаць гэтыя словы сэрцам, а прымаем іх павярхоўна. Калі мы згубім істотны сэнс праўды Божага Нараджэння, тады тое, што было для гэтых святаў дадаткам, стане асновай. Тое што было знешнім упрыгожаннем, дэкарацыяй Святаў Божага нараджэння, будзе займаць першы план нашага светкавання. А гэта сур'ёзная памылка.
Напэўна мы ўмеем выдатна весяліцца і час гэтых святаў звычайна збірае разам нашую сям'ю або нават некалькі сем'яў за адным сталом. Толькі ці мы ў гэтый вясёлай атмасферы здольныя шчыра цешыцца праўдай аб тым, што Бог нарадзіўся, што Слова сталася Целам? Аднак мы можам дасканала цешыцца з прыгожай ёлкі, са смачных патраваў ці напояў, традыцыйнай аплаткай, якой дзелімся, але часам забываемся сэрцам дзяліцца і г. д. Звычайна нас радуе знешні звычай, а не тое што ён азначае.
Тое што мы сёння чуем на пачатку Евангелля ад Яна: праўду аб тым, што да нас прыйшоў Бог, што Ён прыняў чалавечую натуру, пасяліўся між намі, стаў падобным да нас. Як мы гэта разумеем? Ці гэтыя словы засталіся толькі на старонках Святога Пісання, ці ў калядках, якія мы спяваем? Дарагія! Гэтыя словы павінны застацца ў нашых сэрцах і паўплываць на нашае жыццё. Прынесці багаты плён нашай веры. Нажаль наша чалавечая натура такая, што нам лепш, каб Бог у якога мы верым, заставаўся выключна гістарычнай Асобай, аб якой чуем у Касцеле, або чытаем у Бібліі. Для нас бывае так зручней, чым калі Бог для нас Асабовы, які ставіць пэўныя вымаганні, канкрэтна ўпісваецца ў нашую рэчаіснасць. Часцей за ўсё першы варыянт нам больш пасуе чым другі.
Умілаваныя ў Хрысце Пану! Уявіце, калі б у адзін момант ва ўсіх вызнаўцаў Хрыста знік дар мовы і нейкі час ніхто з нас не мог бы прамовіць ніводнага слова. Прадстаўце сабе, што у адну хвіліну з'явілася вялікае маўчанне сярод усіх хрысціянаў. Папа Рымскі нямог бы прывітаць пілігрымаў на плошчы святога Пятра. Біскупы не маглі б прамовіць узнёслых казанняў у вялікіх прыгожых катэдрах. Святары і сёстры законныя не вялі б катэхезы. Нават прыйшлося б і арганам у касцёле замоўкнуць, бо ніхто не мог бы спяваць. І як тады абвяшчаць Евангелле? Што рабіць з Божым словам, як яго данесці вернікам? Як паказаць, што мы вучні Хрыста? Ёсць адзін вельмі канкрэтна адказ на гэтыя пытанні.
Можна паспяхова абвяшчаць Евангелле не кажучы пры гэтым ніводнага слова. Трэба жыць і дзейнічаць так, як нас навучыў Езус Хрыстус. Калі мы будзем жыць тым жа самым духам, што і наш Настаўнік Хрыстус, то іншыя людзі, бачучы такі наш стыль жыцця, адкрыюць праўду аб нас: што мы сапраўдныя хрысціяне, поўныя міласэрнасці, ахвочыя на дапамогу, справядлівыя, радасныя... І, хутчэй за ўсё, зробяць нам камплімент: вось яны такія ж як іх Настаўнік, яны сапраўдныя Яго вучні. І відавочна прывядзе гэта ўсё да жадання наследваць нас, якія па-сапраўднаму вызнаем Хрыста ўсім нашым жыццём. Напэўна свет пачаў бы змяняцца. І ў ім знаходзілася б ўсё большая колькасць людзей, якія жадалі усім сваім жыццём, паводзінамі, працай, адносінамі да іншых быць не толькі падобнымі да хрысціянаў, але цалкам належыць да Езуса Хрыста. І ведаеце што б тады сталася? Людзі перасталі бы тады прыгожа прамаўляць, а пачалі прыгожа жыць.
Умілаваныя браты і сёстры! Няхай радасныя святы Божага Нараджэння не будуць абмяжоўвацца толькі да цудоўна ўпрыгожанай ёлкі ці да багатага столу з безліччу прыгатаваных страў. У першую чаргу няхай нараджэнне Божага Сына пранікне глыбока ў нашае сэрца і дазволіць нам зразумець, што Бог нарадзіўся і Слова сталася целам. А гэтая праўда, якую мы чуем у Божым слове, годная таго, каб ёй на кожны дзень жыць. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment