Гамілія на ІІІ ЗН, год В
"Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, і навучы мяне сцежкам Тваім."
Хачу на пачатку распавесці вельмі тыповую гісторыю, каб засяродзіцца і лепш паразважаць над сённяшім Божым словам.
У адным доме жылі аж тры пакаленні. Прадстаўніца найстарэйшага пакалення была бабулька, якой было амаль восемдзесят год. Святар часта прыходзіў у гэты дом, каб занесці ёй камунію ці проста з ёй паразмаўляць. Прыходзячы туды вельмі часта бачыў у доме беспарадак, балаган адным словам. Бацькі не мелі сур’ёзных аргументаў, каб пераканаць дачку у тым, што парадак гэта патрэбная рэч.
Хачу на пачатку распавесці вельмі тыповую гісторыю, каб засяродзіцца і лепш паразважаць над сённяшім Божым словам.
У адным доме жылі аж тры пакаленні. Прадстаўніца найстарэйшага пакалення была бабулька, якой было амаль восемдзесят год. Святар часта прыходзіў у гэты дом, каб занесці ёй камунію ці проста з ёй паразмаўляць. Прыходзячы туды вельмі часта бачыў у доме беспарадак, балаган адным словам. Бацькі не мелі сур’ёзных аргументаў, каб пераканаць дачку у тым, што парадак гэта патрэбная рэч.
І вось аднойчы, калі святар зайшоў зноў у гэты дом, то быў вельмі здзіўлены: ён там убачыў неверагодны парадак як у аптэцы. Усё было на сваім месцы, акуратна паўкладана, чыста, прыемна было паглядзець. Бацькі гэтай дзяўчыны з такой таямнічай усмешкай сказалі святару, што дачка хіба закахалася. З той пары, як пасябравала з адным хлопцам, яна пачала рана ўставаць і рабіць парадак. Дзеля гэтага маладога чалавека у яе знаходзіліся сілы, якіх да гэтай пары не было. Яна стала больш працавітай і акуратнай і гэта можна было заўважыць. Карацей кажучы, любоў здзейсніла ў яе жыцці пэўнае перамяненне, змяніла свет няладу і бруду ў прыемны, чысты і прыгожы дом. А перадусім гэты парадак заіснаваў у сэрцы маладой дзяўчыны.
Дарагія браты і сёстры!
Што гэтая жыццёвая гісторыя можа нам паказаць? Перш за ўсё яна адлюстроўвае адну з мноства праяваў навяртання. Бо штосьці падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці: як жа часта чалавек жыве ў беспарадку, калі не жыве для кагосьці. Нават цяжка пачынаць упрыгожваць або будаваць свой свет толькі дзеля сябе самога, цяжка змабілізаваць свае сілы, каб гэтая справа атрымалася. А калі нават нам і атрымоўваецца рэалізаваць такое будаўніцтва ці ўпрыгожванне свайго свету, то наўрад ці будзе яно нас шчыра радаваць.
Часцей за ўсё, так упрыгожаны свет, хоць ідэальна паўкладаны, то з цягам часу для нас і для іншых чамусьці становіцца калючы і зімны. У нас можа ўзнікнуць пытанне: чаму так адбываецца? Можа таму, што парадак, здзейснены для эгаізму па сутнасці з’яўляецца няшчасцем для чалавека. Гэты парадак абмежаваны і накіраваны толькі на гэтага аднаго чалавека. Такі парадак нас не радуе, не прыносіць у жыццё гармоніі. Значыць трэба яго мяняць. Не сам парадак, але акалічнасці з ім звязаныя. Вось чаму для нас так патрэбнае навяртанне.
Дарагія! Тысячы людзей жадаюць перажыць навяртанне. Яны заўважаюць наколькі недасканалы і прамінальны гэты свет у якім жывем. Яны адчуваюць патрэбу яго перамянення і ўпрыгожвання, але так бывае, што нямаюць для каго гэта ўчыніць. Адсюль таксама і тое, што не хапае ім дастаткова сілаў, каб гэтую перамену ў сваім жыцці здзейсніць.
Істотным момантам навяртання з’яўляецца адкрыццё праўды, што нашае жыццё мае сэнс толькі тады, калі мы кагосьці чакаем, калі для кагосьці жывем, калі мы камусьці патрэбны. Гэта значыць, калі мы можам знайсці таго, дзеля каго можам працаваць, ствараць, а нават цярпець. Напрыклад, нам хочацца быць патрэбнымі нават тады, калі страцім сілы, калі прыйдзе старасць. А калі хтосьці такі знойдзецца, з кім мы можам падзяліцца парадкам і прыгажосцю свайго сэрца, адразу адчуем, што дзесьці ўнутры нас запанаваў спакой і лад, і на душы зрабілася цёпла і ясна.
Сёння ў Евангеллі мы чуем выразны заклік нашага Збаўцы аб навяртанні: «Прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.» Падобнымі словамі некалі звяртаўся Ян Хрысціцель, да натоўпу, які гарнуўся да яго, каб слухаць яго словы і прымаць хрост. Ян казаў: «Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае… Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму .»
Апошні прарок Старога Запавету перакананы, што менавіта ў яго час адбываецца пераварот і радыкальная змена старога парадку ў свеце. Новы, больш чалавечны і больш справядлівы свет створыць не чалавек, а сам Бог. Ян Хрысціцель прадбачыць знакі падзення старога парадку і структур свету: «Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь» Езус сёння кажа падобныя словы, каб мы ўмелі знаходзіць час, каб спыніць нашу штодзённую мітусню, каб задумацца аб вечных справах, што ўсю працу на зямлі мы не пераробім, што вельмі важна, каб у нас быў час для Бога, для сваёй душы і для іншага чалавека. І сапраўды бяда, калі ў нас гэтага часу няма. А каб гэта лепш зразумець без пакаяння і веры нам не абысціся.
Ян Хрысціцель абвяшчаў новы свет, які народзіцца з Божага дару. Ён аб’явіў, што «той, хто ідзе за мною… будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём». Гэта значыць, што сам Ян Хрысціцель нямае ні моцы, ні сродкаў для таго, каб змяніць свет, і таму яго дзейнасць абмяжоўваецца толькі да прапаведвання і ўдзялення хросту «ў вадзе для пакаяння». Ён толькі папярэднік Месіі. Тым не менш, Ян павінен выканаць асаблівую місію — прывесці людзей да пакаяння, каб яны распачалі ўсведамляць свае грахі, каб яны прызналі сваю няздольнасць самастойна усталяваць Божае Валадарства. Бо толькі яно можа змяніць свет. Ян паспяхова выканаў сваю місію, таму што сам перажываў сваё навяртанне.
Умілаваныя! Нашае навяртанне перш за ўсё звязана з рэалізацыяй нашага паклікання: каб мы сваё жыццё будавалі на хрысціянскіх каштоўнасцях, якімі між іншым з'яўляюцца: вернасць, міласэрнасць, прабачэнне, а перадусім шчырая некрывадушная любоў. Кожны з нас мае пакліканне, з моманту нараджэння, калі прыйшоў на гэты свет. Кожнаму з нас Бог даў нейкія дары і таленты, каб мы, знайшоўшы іх у сабе, развівалі гэтыя дары на столькі, на колькі можам. Не ўсе добрыя справы ў сваім жыцці мы можам заўважыць, або можам выбраць памылковы шлях і так бывае часцей за ўсё, і тады нам варта ўсім сэрцам прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса: навяртайцеся і верце ў Евангелле. Гэта значыць абярыце правільны накірунак у вашым жыцці, выпраўце мінулыя памылкі і старайцеся больш іх не паўтараць. Але калі нават і здарыцца памылка ці ўпадак, любоў нашага Збавіцеля здольная перамагчы ўсё, асабліва нашую чалавечую слабасць. Езус можа зноў нас паставіць на ногі! Ці мы толькі верым у гэта?
У сённяшнім закліку да навяртання Езус дае нам пэўнасць: калі мы прыслухаемся да Ягоных словаў і прымем іх да сэрца, то ўчынім правільнае рашэнне, якое нас так ці інакш наблізіць да Бога. У нейкай ступені мы, так як апосталы-рыбакі, пакінем свае сеткі, гэта значыць пакінем свае клопаты і праблемы, якімі так моцна насычана нашае жыццё і, пакінуўшы кожны свае сеткі, пойдзем за Езусам — будзем кожную хвіліну жыць Евангельскай праўдай. А гэта ў сваю чаргу пераменіць нашае старое жыццё.
Мае дарагія! Езус усё што ўчыніў, зрабіў гэта для нас! Ён аздараўляў, уваскрашаў, лячыў і навучаў для нас, каб мы ўбачылі ў Езусе праўду свайго жыцця і не баяліся за Ім пайсці, каб мы не спалохаліся як багаты малады юнак з Евангелля. Бо багацце можа нас як трымаць у эгаістычнай залежнасці, так і зрабіць ахвярнымі для бліжніх. Галоўнае як мы адносімся да гэтага багацця. Самае галоўнае ў гэтым нашае сэрца. Калі мы перажываем навяртанне, то нашае сэрца здольнае адарвацца ад матэрыяльнага багацця і адкрыцца для патрабуючага чалавека. І гэта, мае дарагія, наш шанс, каб не змарнаваць сваё жыццё, але пражыць яго з той прыгажосцю, якую першапачаткова заклаў ў ім Бог. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment