Гамілія на IV ЗН, год В

Дарагія браты і сёстры!

Святы Марк, пішучы Евангелле, ставіць перед намі адно вельмі важнае пытанне: Кім з’яўляецца Езус Хрыстус? Гэтае пытанне ўжо ад самага пачатку ў Евангеллі паводле святога Марка: ужо у першым раздзеле Евангелля святы Ян Хрысціцель прамаўляе таемныя словы: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне, а я не годны, нават каб схіліцца і развязаць раменьчык Яго сандаляў” Такім чынам апошні прарок Старога Запавету жадае наблізіць таямніцу Збаўлення для тых, хто з вялікім запалам чакау прыйсця Месіі і прыняў гэтую праўду, кажучы што сапраўдны Месія мацнейшы за яго і Ён будзе хрысціць у Духу Святым.

Яшчэ больш здзіўляе таямніца Езуса у Якой сам Бог прамаўляе словы, пасля таго, як Езус прымае хрост у Ярдане: “Ты мой Сын умілаваны, Якога Я ўпадабаў сабе”. На працягу ўсёй гісторыі збаўлення Бог яшчэ ні да кога не прамаўляў падобным чынам. Кім жа тады з’яўляецца Той на каго сыходзіць Дух Святы ў постаці голуба, а Бог называе Яго умілаваным Сынам?

Наступны момант, які запісаў у Евангеллі св. Марк мае месца ў сінагозе ў Кафарнаум. Усе, хто слухаў Езуса былі здзіўлены тым, што Ён прамаўляе як той, хто мае моц, а не як вучоныя ў Пісанні. Кульмінацыяй гэтага з’яўляецца спатканне Езуса з чалавекам, які быў апанаваны злым духам. Да тых словаў Яна Хрысціцеля і самога Бога, даходзяць яшчэ адныя словы. Выказвае іх прадстаўнік свету злых духаў, які кажа: “Ведаю хто Ты: Святы Божы” І, як бачым, гэта ў пэным сэнсе сваеасаблівая рэакцыя свету злых духаў на спаткання з чыстым Божым дабром. І пры такой сустрэчы зло адчувае сябе вельмі некамфортна, не ў сваёй талерцы: “Чаго хочаш ад нас, Езус з Назарэту? Ты прыйшоў нас згубіць.” 

Мае дарагія, зло, нібы цень, яно знікае, калі з’яўляецца святло. “Ты прыйшоў нас згубіць.” – гэта плач зла, плач цемры ў выніку прыйсця сапраўднага святла. Умілаваны Сын Бога прыходзіць на зямлю, каб знішчыць цемру, каб прагнаць усялікі цень зла, рассеяўшы яго праўдзівым святлом дабра. Усюды, дзе з’явіцца святло Езуса, знікае цемра. Падобна як месяц, які не з’яўляецца крыніцай святла, аднак адлюстроўвае святло Сонца, якое на яго свеціць, так і кожны, хто звернецца да Бога, будзе адлюстроўвыаць Яго святло. Зло не хоча быць асветленым, бо пад націскам святла, яно вымушана знікнуць, і таму зло заўсёды хаваецца за чымсьці добрым. Так як цень, які хаваецца за тым, што засланяе святло, так і зло укрываецца перад дабром, якога не хоча аддаць Богу. Калі б упакорылася перад Богам, то не было бы ўжо злом.

Сённяшнія падзеі з Евангелля, якія адбываліся ў Кафарнаум – гэта перасцярога для тых, хто ў сваёй веры перацэньвае розум, а недацэньвае волю. Не хопіць толькі самога тэарэтычнага разумення, кім ёсць Езус Хрыстус. Не хопіць нават публічнага вызнання, што Ён – гэта “Святы Божы” Бо можна тады ад Збавіцеля пачуць словы. “Маўчы і выйдзі прэч”. Злыя духі таксама ведаюць кім з’яўляецца Езус Хрыстус. Толькі яны праз сваю пыху пазбаўленыя сапраўдная веры і любові. А нам, веруючым, трэба ведаць, што вера – гэта не толькі тэорыя, але свядомае адданне сябе Богу, верыць – гэта па-іншаму прыняць навуку і лад жыцця Езуса Хрыста, стаць Яго вучнем. Вера – гэта згода на тое, каб жыць у Божым святле. А гэтага той злы дух не захацеў учыніць, пажадаў проста кінуцца наўцёкі. Таму прароцкія словы некалі вымавіў св. Ян Хрысціцель: “Ідзе за мною мацнейшы за мяне” А дабро заўсёды мацнейшае за зло. Тым больш дабро самога Бога. 

Дарагія, словы Езуса, якія мы чуем у Евангеллі не з’яўляюцца выкладам тэорыі прыгожага жыцця, але гэтыя словы прамоўлены з моцаю святла, якое разганяе ўсялякую цемру. Можа таму, сведкі гэтых падзеяў у сінагозе, калі Езус прагнаў злога духа, пачалі пытаць: кім жа ёсць Той, хто нават злых духаў выганяе, а яны Яму паслухмяныя? Кім з’яўляецца Той, перад веліччу якога адступае зло?

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Слухаючы, амаль кожную нядзелю гэтага года, Евангелле ад св. Марка, трэба мець перад сабою тое ж пытанне, якое цікавіла самога Евангеліста, а менавіта: Кім з’яўляецца Езус Хрыстус? І не столькі трэба засяроджваць увагу на тэорыі, колькі на практычным стаўленні да Хрыста, які прыйшоў напоўніць увесь свет моцаю свайго святла. Амэн.

Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В