Гамілія на VI ЗН, год В
«Ці ясце, ці п’яце, ці нешта робіце, усё рабіце на славу Божую.»
Дарагія браты і сёстры!
Мяркую, што вы са мною будзеце згодны, калі скажу, што кожны чалавек прагне, каб яго паважалі. Ці ў сям'і, ці на працы, ці ў іншай нейкай групе, кожны хоча адчуваць сябе патрэбным і дацэненым. І гэтае пачуццё ўласціва не толькі людзям сённяшняй эпохі. Яно прысутнічала заўсёды і ўсюды, у чалавеку як грамадскай істоце.
Паколькі чалавек жыве ў грамадстве, ён на гэтае грамадства нейкім чынам уплывае, у большай ці меншай ступені, таму напэўна, чалавек заслугоўвае на пэўную пашану адносна сваёй асобы. Ён нешта дае, але прагне нешта атрымаць узамен. Чым больш развіваецца цывілізацыя, у якой мы жывем, тым больш мы адчуваем патрэбу, а нават неабходнасць, таго каб нас паважалі.
Дарагія! Сённяшняя літургія слова апавядае аб жудаснай хваробе, якой з'яўляецца праказа. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, адносна гэтай хваробы, аднак хачу звярнуць увагу на тое, што хворыя, якія цярпелі на гэтую хваробу, мучаліся не толькі на целе, але і на душы. Паколькі іх не прызнавалі паўнацэннымі грамадзянамі, ім прыходзілася жыць асобна, насіць спецыяльную вопратку, якая іх адрознівала ад іншых, здаровых людзей. Гэта была дыскрымінацыя ў поўным значэнні гэтага слова. Хворыя на праказу павінны былі пільна выконваць усе прадпісанні, якія адносна іх прадугледжвала права Маісея. Напрыклад, пракажоны мужчына, павінен быў мець на сабе рваныя лахманы, ускудлачаныя валасы, засланённую бараду і, калі хтосьці набліжаўся да яго, то павінен быў гучным голасам усклікаць « Нячысты! Нячысты!»
Самае складанае было яшчэ і тое, што такі чалавек быў ізаляваны ад грамадства, нямеў ніякіх перспектываў на годнае жыццё і развіццё. Што там казаць, калі нават звычайнага спачування не дасвядчаў. Такіх людзей баяліся, ад іх адварочваліся, цураліся гэтых людзей. Сёння ў нашым грамадстве такіх як тады цяжкасцяў няма, але гэта не значыць, што хвароба праказы не існуе. Яна ёсць, толькі змяніла сваю форму.
Зараз гэтая хвароба таксама прысутнічае, але ў іншым выглядзе: існуе праказа ў грамадскіх адносінах, у адносінах паміж людзьмі. Яе многія людзі таксама дасвядчаюць і зараз. І такога роду праказа няменш балючая. Маю на ўвазе несправядлівасць, з якой мы часам асуджаем іншых людзей. Не кажу канкрэтна, але агульна. Часам чалавек, якога мы недацэньваем, або адчуваем па якойсьці прычыне да яго антыпатыю, становіцца для нас аб'ектам нашага асуджэння ці крытыкі. Часцей за ўсё падобнае асуджэнне адбываецца за спіной у форме разнастайных плётак, а бывае і яўна ў вочы. І бывае так, што такі чалавек, можа справядліва, а можа нясправядліва асуджаны, пачынае сябе адчуваць ізаляваным ад іншых, высмеяным і замест даўгачаканай павагі, яму прыходзіцца каштаваць горыч упакарэння і неразумення з боку іншых. Чым не падобная сітуацыя як з сённяшняга Евангелля?
Дарагія! Варта прыслухацца да Божага слова, пачутага сёння і прыняць яго да сэрца, каб разглядзецца вакол сябе і пастарацца ўбачыць ці выпадкова з-за мяне не стаў хтосьці такім «пракажоным». Ці я ў сваёй праведнасці не адштурхнуў кагосьці, хто не ўпісваўся ў мае рамкі, хто меў нейкія іншыя погляды адрозныя ад маіх. Нашае заданне, як паслядоўнікаў Хрыста, удасканальвацца ва ўзаемнай любові, а гэта перш за ўсё значыць быць здольным зразумець чалавека, які можа і моцна адрозніваецца ад мяне. Святы Павел як чуем дакарае Карынцянаў у лісце звернутым да іх: «Не будзьце прычынай упадку ні для юдэяў, ні для грэкаў, ні для Касцёла Божага...» Мы жа гэтыя словы можам прыняць і ў свой адрас, калі патрактуем іх як заклік да зразумення іншага чалавека, да прыняцця яго такім якім ён ёсць.
Хрыстус дасканала ведаў ўвесь драматызм чалавека, якога спаткала хвароба праказы. Ён таксама знаў увесь боль пакінутасці гэтых людзей, бо сам неаднаразова дасвядчаў падобнае. Езус быў здольны па-сапраўднаму ім спачуваць. Але таксама як Божы Сын Ён меў магчымасць ім дапамагчы. Таму сёння мы становімся сведкамі таго, як Езус аздаравіў пракажонага. Калі хочаш, можаш мяне ачысціць — прасіў хворы. На што Езус доўга не думаючы адказаў — хачу! Будзь ачышчаны! Якія мы можам з гэтага зрабіць высновы, дарагія браты і сёстры? Нельга адштурхоўваць ад сябе тых, хто паводле нашых нормаў і правілаў, не такі, а крыху іншы. Важна быць здольным аказаць міласэрнасць, а не крытыку і папрок. Езус сёння нас вучыць каб мы аказвалі большае разуменне і павагу да бліжняга. Бо часам мы самі не заўважаем, што аб'ектыўна мы можам быць больш падобныя да тых «пракажоных», чым іншыя аб якіх так мяркуем.
Умілаваныя браты і сёстры! Езус Хрыстус сёння указвае на асаблівую годнасць кожнага чалавека. Гэтая годнасць праяўляецца ў тым, што Езус цэніць пракажонага таксама як і іншага здаровага чалавека. І таму вяртае яму здароўе, каб паказаць, што ў Божых вачах усе аднолькавыя. Гэта ў грамадстве існуюць шматлікія падзелы, саслоўі, касты, кааліцыі, але для Бога няма ніякіх падзелаў. Да кожнага чалавека Бог адносіцца з шацункам і павагай. І сённяшняе Божае слова асабліва сведчыць пра гэта, падкрэсліваючы тое, што Езус жадае, каб асабліва мы хрысціяне, зразумелі гэтую праўду, а зразумеўшы, данеслі яе ўсяму свету, на сваім асабістым вопыце. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment