Гамілія на Пальмовую Нядзелю

"Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана! Спакой у небе і хвала на вышынях! "
Дарагія браты і сёстры!

Няшмат засталося часу, які нас аддзяляе ад Велікодных святаў. Літургія Пальмовай Нядзелі запрашае нас сёння разам з Хрыстом распачаць Вялікі тыдзень, які нас уводзіць у таямніцу Яго мукі і смерці. Езус жадае, каб мы духоўным чынам крочылі за Ім, не толькі з пальмамі, але і з крыжам. Урачысты ўваход да Ерузалему — гэта пачатак той місіі, якую Езус распачаў з любові, каб да канца выканаць таямніцу нашага збаўлення. 

Дарагія! Звярніце ўвагу, на атмасферу трыумфу і захаплення, якая пануе ў сённяшнім урыўку з Евангелля, дзе так прыгожа усклікае натоўп: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!» Большасць з натоўпу лічыць Езуса прарокам, цудатворцам, настаўнікам, незвычайным чалавекам. Магчыма некаторыя людзі былі сведкамі многіх цудаў Езуса, а некаторыя нават непасрэдна на сабе дасведчылі Яго аздараўляльную моц. 

Больш таго, Езуса з захапленнем слухаў вялікі натоўп людзей. Канешне былі і такія, асабліва сярод Юдэяў, якія, мала што разумеючы, спрачаліся з Ім, бо не ведалі ні Пісання, ні яго моцы і з чаго можам зрабіць выснову, не спазналі ні Айца, ні Сына. 

І вось, Ён Хрыстус, дае ім яшчэ адзін знак адносна сябе: Ён урачыста ўваходзіць у Ерузалем. Настаўнік з Назарэту дае намёк на сваю каралеўскую і месіянскую годнасць, каб народ, які з большага ведае пісанне, прыгадаў словы прарока: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.»

Аднак не ўсё было так проста і ясна. Паўсюднае хваляванне, якое ахапіла натоўп, не дазволіла, каб у Езусе людзі маглі ўбачыць кагосьці большага за прарока. Яны толькі бачылі ў Ім таго, хто можа заспакоіць іх зямныя патрэбы, а вось глыбей зазірнуць і спазнаць праўду аб Месіі яны не змаглі. Так як калісьці у часы Старога Запавету, Ізраэльскі народ адмовіўся ад цалкавітага падпарадкавання свайго грамадства Богу і захацеў для сябе караля зямнога, накшталт такога, якія былі ў суседніх краінах, так і зараз адбылося штосьці падобнае. 

У гэты ўрачысты момант, натоўп бачыць у Езусе выключна зямнога караля, Які не толькі можа іх накарміць хлебам і рыбай удосталь, але які мае магчымасць зрабіць Ізраэль магутнай непераможнай дзяржавай. Яны бачаць у Ім перадусім таго, хто мае моц ачысціць іх краіну ад уплываў Цэзара. У любым выпадку народ думаў тыпова зямнымі катэгорыямі, а магчыма і наогул не думаў, толькі слепа кіраваўся масавым інстынктам, у якім пераважалі эмоцыі трыумфу і захаплення.

«І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда!»

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Калі зірнуць на гэта чыста па-чалавечы, то многа хто з нас хацеў бы апынуцца на месцы Езуса ў тую хвіліну. Але паглядзіце, што адбылося пазней. Аб гэтым распавядае апошяе чытанне: чытане Мукі Пана. А вось у гэты момант, ці хацелі б мы аказацца на месцы Езуса?

Дарагія! Куды знік той натоўп, які некалькі дзён таму усхваляў Сына Давіда, кладучы перад Ім свае тунікі, плашчы ды пальмавыя галінкі? Як жа хутка змянілася меркавання гэтага народу ды так радыкальна з каралеўскага трону на трон Крыжа. З хваліцелей і скажам сучаснай мовай фанатаў да абвінавальнікаў? Чаму народ змяніў вокліч Гасанна Сыну Давіда на бязлітасны крык: укрыжуй Яго!

Як важна, мае дарагія, стаць у праўдзе, маючы сваё асабістае мекаванне і незалежна ад абставін быць верным гэтаму меркаванню. На гэта здольны толькі чалавек веры. А менавіта гэтаму і хоча нас навучыць сёння Хрыстус. Каб мы, якія верым у Яго, не цураліся хрысціянскага стылю жыцця, не саромеліся жыць паводле спазнанай праўды Евангелля, але мужна і з адвагаю перамагалі свет, які вельмі часта нагадвае той натоўп, які калісьці асудзіў Хрыста на смерць. Амэн.

Чытанні: Нядзельная Літургія слова








Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В