Гамілія на ІІІ НВП, год В

«Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.»

Дарагія браты і сёстры! 

Гэтыя прароцкія словы, сказаныя Езусам, спачатку не былі ўласціва зразумелымі. Юдэі палічылі, што Ён казаў ім пра святыню, якая будавалася на працягу сарака шасці год. Магчыма, Езус даў ім намёк, што чакае гэты будынак Божага культу у недалёкай будучыні. Бо прыкладна ў 70-ых гадах пасля нараджэння Хрыстовага, Ерузалемская святыня сапраўды была знішчана рымлянамі.

Але зараз Езус не пра Ерузалемскую святыню казаў. Ён у чарговы раз узгадаў, што чакае асабіста Яго. Бо збурэнне святыні, у тым значэнні, у якім казаў аб гэтым Езус, азначала нішто іншае, як ягоная смерць на Крыжы. А ўсё гэта ён казаў дзеля таго, каб збылося сказанае ў Пісанні, а таксама, каб многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае.

Чаму Езус прамовіў гэтыя прароцкія словы? З аднаго боку, гледзячы на кантэкст, можам прыйсці да высновы, што Езус быў абураны, неўласцівым захаваннем людзей у святыні. Замест таго, каб маліцца і праслаўляць Бога, людзі там дагаджалі адно аднаму, робячы са святыні, як сам Езус выдатна акрэсліў, дом гандлю. Гэта не ўваходзіла не ў якія рамкі і таму для Езуса, які разумеў лепш чым хто, чым з'яўляецца святыня, што гэта асаблівы дом Яго Айца, гэта была апошняя кропля. Канешне такія адносіны да святыні Езуса моцна абурылі і нічога тут дзіўнага няма, што Яго апанаваў слушны гнеў, у якім Езус, зрабіўшы бізун з вяровак, паразганяў тых няўдачных гандляроў.

З другога боку для Яго вучняў і для тых, хто добра ведаў Пісанне, гэта быў выразны знак, аб якім пісаў прарок Ісая: "Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне". Магчыма вучні спачатку не зразумелі ці нават спалохаліся, калі ўбачылі свайго Настаўніка такім абураным не падобным да сябе: Ён пераварочваў сталы мянялаў, выганяў з загарадак авечак, валоў і ўсіх, хто быў саўдзельнікам гэтага злачынства супраць дому Яго Айца. Аднак потым зразумелі адкуль у Яго была такая руплівасць. Бо праз гэта Езус метафарычна ўзгадвае пра сваю смерць, пра збурэнне святыні, якой з'яўляецца Ягонае цела: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе.» 

Дарагія! У сённяшняй навуцы Езуса Хрыста варта заўважыць два вельмі важных аспекты, якія датычаць кожнага з нас. Першы аспект — гэта нашыя адносіны да Божага дому, у якім мы збіраемся кожную нядзелю. Ці гэты будынак, якім з'яўляецца касцёл, адпаведна намі шануецца? Як мы сябе паводзім у гэтай святыні і ці мы адказныя за яе? Гэта вельмі добрыя пытанні, на якія варта знайсці адказ. 

Час паказаў, што нашыя продкі пазітыўна адказалі на гэтае пытанне. Яны не дазволілі, каб з гэтай прыгожай святыні, камуністычны рэжым зрабіў дом гандлю. Нашы дзядулі і бабулі, мужна абаранялі гэтую святыню і не памылюся, калі скажу, што часамі, яны былі авалоданы той жа руплівасцю, што і Езус, руплівасцю, аб якой сёння чуем з Евангелля. І нам гэта, дарагія браты і сёстры, трэба зберагчы! 

Адкуль была такая руплівасць? Бо для цяперашняга маладога пакалення, паводзіны тых людзей, якія адносіліся да гэтай святыні як да дому Айца і ўсімі сіламі яе абаранялі, могуць паказацца нічым іншым як праявай рэлігійнага фанатызму! Чаму цяперашняе маладое пакаленне так можа лічыць? Магчыма таму, што яно не бачыць істоты таго, што матывавала людзей мінулай эпохі стаяць у абароне гэтай святыні. Што матывавала запытаеце? Напэўна ведаеце: моцная вера, якая закалялася нялёгкім жыццём. Дзякуючы ёй, веруючы чалавек абараняе тое, што для яго з'яўляецца святым. 

А як з гэтым зараз? Якія вартасці абараняе сучасны чалавек? Ці здольны ён стаць у абарону сваёй веры? Ці гэтая вера будзе надаваць адпаведны стымул, каб шанаваць і абараняць святыню, не рабіць з яе дому гандлю, аб чым кажа сёння Езус? Як бачым сённяшняе Евангелле нараджае шэраг пытанняў на якія цяжка адразу адказаць. Але адказаць на іх трэба. Нашыя продкі вельмі добра адказалі на выклікі свайго часу, зараз нашая чарга.

Канешне жыццё пакажа наколькі нашае пакаленне здольнае добра здаць экзамен з веры. Толькі важна не пускаць гэта на самацёк. Мы як парафіяльная супольнасць адказныя за клімат нашай веры. Бо ад яго залежыць не толькі нашае асабістае развіццё як людзей веры, але і развіццё веры ў нашым асяроддзі, на які мы маем уплыў. Гэты клімат фарміруецца ў сям'і, у якой мы можам убачыць маленькую святыню, дамашні касцёл. Калі мы шануем наш дамашні касцёл, калі не робім з яго дому гандлю, то ён становіцца домам Айца і ўпрыгожвае парафіяльную святыню ў якой мы ўсе збіраемся разам. Варта аб гэтым задумацца, мае дарагія.

Другі аспект, на які сёння звяртае ўвагу Езус - гэта параўнанне Яго цела да святыні. Езус паказвае незвычайную годнасць і веліч чалавечага цела, параўноўваючы яго да святыні. Апостал Павел некалі скажа ў пасланні да Карынцянаў: «Ці ж вы не ведаеце, што вы — святыня Божая, і што Дух Божы жыве ў вас? А святыня Божая — святая, і вы ёй з’яўляецеся!»

Дарагія! Кожны грэх, нават самы дробны, кожная нявернасць нават самая нязначная, кожнае зло, хоць на першы погляд і бескрыўднае, аднак накіравана на тое, каб знішчыць святыню нашай душы. Вораг нашага збаўлення хоча нас пераканаць, што ўсё у нашым жыцці адносна, што дабро і зло гэта спекуляцыі нашага розуму, што мы самі можам вырашаць, што для нас з'яўляецца дабром, а што злом. Тым часам - гэта толькі падманлівая стратэгія д'ябла, які хоча не толькі зруйнаваць святыню нашага сэрца, але за ўсялякі кошт імкнецца, каб мы яе ніколі не адбудавалі. 

І таму асабліва сёння Езус нам прыпамінае аб шчырым пакаянні і веры, якія ўпрыгожваюць і ўмацоўваюць святыню нашых сэрцаў. Час Вялікага посту, павінен абудзіць у нашым сэрцы руплівасць, падобную да руплівасці Езуса Хрыста. Нам не трэба замоўчваць грэх, нельга ісці на кампраміс з грахом, адзінае што належыць учыніць — гэта звіць бізун і павыганяць са святыні нашага сэрца ўсё тое, што яе абражае і крыўдзіць. 

Умілаваныя браты і сёстры! Сёння Езус нас заахвочвае да таго, каб мы былі адважнымі і не баяліся абараніць як святыню нашага сэрца, так і святыню, ў якой збіраемся разам на Эўхарыстыю. Дзеля гэтага варта ўважліва слухаць Божае слова і браць яго да сэрца. А сённяшні евангельскі прыклад, няхай для кожнага з нас паслужыць выдатным узорам хрысціянскай руплівасці, якая ніколі не згаджаецца са злом і заўсёды гатова змагацца за тыя вартасці, якія насамрэч з'яўляюцца святымі. Амэн.

Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В