Гамілія на IV НВП, год В

"Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага;кожны, хто верыць у Яго, мае жыццё вечнае."

Дарагія браты і сёстры!

Добра ведаем такую прымаўку: "Надзея памірае апошняй". А бывае і такое, калі мы дадаем да яе яшчэ іншыя словы, каб падкрэсліць ўвесь драматызм надзеі: "Надзея памірае апошняй, але памірае". Сёння разам з вамі хачу засяродзіцца і паразважаць аб цноце надзеі, каб высветліць, як выглядае наша надзея, якая яна ў нас і ўрэшце ці гэта насамрэч, што яна памірае.

Мяркую, што перыяд посту, які мы зараз з вамі перажываем — гэта адпаведны час, каб злёгку спыніцца над гэтай тэмай, засяродзіцца, каб над ёй паразважаць. Парадак у нашым разуменні, у нашым разважанні не менш патрэбны, чым парадак у жыцці, на працы, ці нават парадак дома. Таму надзея — гэта тое, аб чым мы сёння з вамі паразмаўляем. 

Дарагія! Вы напэўна добра ведаеце з катэхізіса тры кардынальныя цноты: веру, надзею і любоў. Таксама ведаеце, што яны ўзаемазалежныя: калі мы ў нешта верым, значыць мы чагосьці спадзяемся. А гэта ўплывае на тое, што цнота веры нараджае надзею, якая ў сваю чаргу імкнецца да самай галоўнай цноты, з якой выплываюць усе іншыя цноты, а менавіта да цноты любові. 

Кожны з нас дасведчыў або дасвядчае зараз цноту надзеі. Чаму існуе такая прымаўка? Я лічу, што яна з'явілася па прычыне людской недасканаласці, па прычыне таго, што чалавек вельмі часта губляе надзею. Але чаму так гучна акрэсліваем стан утраты надзеі словам памірае?

Мае дарагія! Калі мы спадзяемся на ўласныя сілы, на сваю прыгажосць, на поспех у жыцці, моцнае здароўе, дабрабыт і усё, што можна аднесці да катэгорый звязаных з матэрыяльным светам, то не здзіўляйцеся, што надзея памірае. Прамінае гэты свет, а з ім і такая надзея, якая прывязана да гэтага свету. Мы не заўсёды будзем мець аднолькавыя сілы, нашая прыгажосць таксама абмежавана часам, поспех - гэта з'ява кароткая і прамінальная таксама як і здароўе ці дабрабыт. І, калі чалавек сваю надзею ўскладзе толькі на гэта, на тое што прамінальнае, то вядомая справа, што разам са смерцю чалавека, памрэ і яго надзея.

Дарагія! Дзіўная гэта справа, але насамрэч няма на свеце няверуючых людзей. Кожны чалавек па сваёй натуры у штосьці верыць. Нават самы заядлы атэіст, які гатовы за ўсялякі кошт пераследваць іншых за веру, з'яўляецца веруючым чалавекам. Толькі яго рэлігія абмежавана да ўсяго таго што ён бачыць. А ў тое, што не бачыць ён не верыць. Калісьці даўно, гадоў дваццаць таму, запыталі ў аднаго перакананага атэіста: як ён лічыць, што яго чакае пасля смерці. Адказ быў амаль раптоўны: "Ну што мяне чакае!? Памру, пахаваюць у магіле, будуць мне багі, будуць мне і чэрці..." Адказ безнадзейны. І тут выразна бачна, што надзея гэтага чалавека памрэ разам з ім.

А зараз давайце прыгледзімся як выглядае гэтая цнота ў жыцці веруючага чалавека. Надзея чалавека, які прымае навуку Езуса і Касцёла зусім іншая. Яна здольная пераўзысці выключна нашыя зямныя спадзяванні і засяродзіцца на справе вечнасці. Наша з вамі надзея накіравана да Хрыста, які перамог смерць. А значыць нашая надзея, якую мы ўскладаем на Езуса, несмяротная. Яна неўміручая і дадае нам адвагі, каб мы пазітыўна гядзелі на гэты свет і бачылі ў ім тое, што добрае. Аднак вельмі важна, каб гэты свет не засланяў нам справаў духоўных, звязаных з вечнасцю. Паколькі нашая надзея пераўзыходзіць зямныя перспектывы і мэтай нашай надзеі з'яўляецца Бог, то нашая надзея не праміне ніколі. Прыдзе толькі час, калі вера скончыцца, а надзея споўніцца і застанецца толькі любоў. 

Сённяшняе Евангелле апавядае нам аб размове Езуса з Нікадэмам, які быў членам высокай рады, фарысеем, а з другога боку ён быў тайным вучнем Езуса Хрыста. Гэты ўрывак размовы чарговы раз становіцца прадказаннем Езуса аб Яго ўласнай смерці. Езус, называючы сябе Сынам Чалавечым, параўноўвае Сябе да меднага змея, якога Маісей узвысіў на пустыні, кажучы, што так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Калісьці дастаткова было ўкушанаму змеем чалавеку, узглянуць на меднага змея, якога ўзвысіў Маісей, каб той заставаўся пры жыцці, так і Езус кажа сёння, што дастаткова нам веруючым, вачыма веры ўзглянуць на Яго распяцце, на Езуса, які ўзвышаны на крыжы, каб мець жыццё і ў дадатак жыццё вечнае. 

Дарагія! Езус выразна дае нам надзею на будучае вечнае жыццё. І спаўненнем гэтага з'яўляецца нашая гатоўнасць прыняць Езуса, а разам з Ім тую любоў, якую дае Айцец. Бо менавіта ў гэтай любові Айцец пасылае свайго Сына, каб той, хто ў Яго верыць мог атрымаць вечнае жыццё. Такім чынам любоў Айца — гэта нашая мэта, бо ў ёй заключаецца ўсё. Да гэтай любові мы пакліканы і таму яна становіцца прадметам нашага спадзявання. Напэўна Нікадэм, які быў чалавекам вельмі адукаваным, нажаль не ўсё мог зразумець з таго, што казаў яму Езус, але нават на інтуіцыйным узроўні ён усведамляў незвычайнасць асобы і навукі Езуса і адчуваў, што гэтая навка праўдзівая. Гэтае адчуванне і спадзяванне не падвяло Нікадэма. Таму і нас яно не падвядзе. Як памятаем Нікадэму нават складана было прыняць такое паняцце як: другі раз нарадзіцца, Ён калісьці спытаўся ў Езуса, як дарослы чалавек можа другі раз увайсці ва ўлонне маці і нарадзіцца наноў. Але Езус яму казаў аб паўторным нараджэнні ад Духа Святога. 

Магчыма і ў нашым жыцці мы спатыкаемся з парадаксальнымі з'явамі, якія цяжка зразумець або якія трэба проста прыняць, бо канкрэтнага адказу на іх у нас сёння няма. У гэтым нам здольная дапамагчы сапраўдная надзея, якую нам дае Езус. Надзея на тое, што б з намі не здарылася, Бог заўсёды з намі. Чалавек можа пакінуць Бога, але Бог чалавека ніколі не пакідае. Хоць нам бывае вельмі складана гэта зразумець, яшчэ больш складана, чым Нікадэму. Але гэта нас не павінна палохаць ці спыняць. «Хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.» 

Умілаваныя браты і сёстры! Праз веру мы збаўлены Божай ласкаю, як піша апостал Павел да Эфесцаў. У Езусе Хрысце рэалізоўваецца нашае збаўленне, бо праз муку і смерць Езуса Хрыста мы разам з Ім у надзеі пакліканы да ўваскрасення на вечнае жыццё. Таму няхай гэты інтэнсіўны перыяд нашага навяртання і надалей застаецца інтэнсіўным, каб не згубіць той надзеі, якая накіравана па-за нашае зямное жыццё, надзеі, якая рэалізоўваецца праз Божую любоў. Бо Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага;каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Амэн.

Чытанні: Нядзельная Літургія слова







Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В