Гамілія на V НВП, год В

„Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам, — кажа Пан; і дзе Я, там будзе і слуга Мой.”

Дарагія браты і сёстры! 

Сёння Езус вельмі выразна нас запрашае да таго, каб мы Яго наследвалі ў сваім жыцці. Паколькі мы пакліканы да таго, каб служыць, зрэшты сам Езус выдатна на практыцы паказаў, што значыць служыць, то ў гэтым пакліканні да служэння вельмі важна абраць шлях, якім крочыў Хрыстус. Я – дарога, праўда і жыццё – скажа Езус, а гэта ў сваю чаргу азначае, што ў Ім знаходзіцца сапраўдны шляў у праўдзе да жыцця, каб там, дзе прабывае Езус, былі і мы, Ягоныя слугі.

Дарагія! Што нам можа перашкаджаць на гэтым шляху? Вельмі вялікай перашкодай для нас з'яўляецца неўмеркаванае жаданне нешта мець, да якога натуральна імкнецца кожны чалавек. І насамрэч, калі мы прыгледзімся сваім паводзінам, то імкненне да набытку у нас вельмі добра развітае. І датычыць гэтае жаданне "мець" не толькі матэрыяльных рэчаў, але і усіх іншых сфераў як асобы чалавека, так і яго адносінаў. Напрыклад, мы хочам мець не толькі нейкія рэчы, якія для нас жаданыя ці неабходныя, але мы таксама хочам вакол сябе мець добрых бацькоў, дзяцей, сяброў, настаўнікаў і г. д. І гэтае жаданне само па сабе добрае. Варта яшчэ глянуць на гэтую справу з іншага боку. Мне самому трэба імкнуцца быць добрым чалавекам, каб для кагосьці быць добрым сябрам. 

Свет, які для нас адкрывае Езус, мае крыху іншыя прынцыпы: я жыву, каб не толькі набываць і быць шчаслівым для сябе, але жыву яшчэ і для таго, каб іншых рабіць шчаслівымі. Я існую для кагосьці. І зрабіць кагосьці шчаслівым я магу на меру свайго сэрца. Чым больш любові ёсць у маім сэрцы, тым больш я магу жыць для іншых. 

Мае дарагія! Жыццё сапраўднага хрысціяніна грунтуецца на тым, каб сваечасова пераключыцца з уласнага імкнення “мець” на імкненне “ любіць” і “быць” для іншых. А гэты жыццёвы прынцып вельмі цесна звязаны з ахвярнасцю і цярпеннем. Калі ад нас да вечнасці адыходзяць родныя ці блізкія, нашае сэрца як бы крывавіць, нават нібы нейкая частка нас памірае разам з імі. Страта, таго што ёсць маім, заўсёды нясе за сабою цярпенне і пакуты, а чым большая вартасць гэтай страты, тым больш пакутуе маё сэрца.

Вось чаму найбольш балючы момант нашага жыцця гэта страта кагосьці блізкага і дарагога, калі мы адчуваем выразны боль і шэраг іншых пачуццяў з ім звязаных. У такія нялёгкія моманты вельмі часта сэрца бунтуецца, становіцца бяссільным, здаецца, што губляючы грунт пад нагамі, жыццё нямае вялікай вартасці. І тады мы адчуваем, што шчасце нас пакінула. Бывае так, што віну ў падобнай страце мы прыпісваем Богу, які нас быццам бы карае. Толькі гэта не зусім так. Калі мы здольныя на боль і цярпенні, узглянуць вачыма веры, то можам у такім выпадку заўважыць не столькі страту, колькі перамяненне. Перамяненне адной жыццёвай сітуацыі на другую. І гэтую думку мае на увазе Езус калі кажа: “Калі зерне пшаніцы падаючы на зямлю не памрэ, застанецца само, але калі памрэ, прынясе багаты плён. Той, хто любіць жыццё сваё на гэтым свеце, згубіць яго, а той, хто ненавідзіць сваё жыццё на гэтым свеце, захавае яго да вечнага жыцця”

Пшанічнае зерне з’яўляецца толькі сімвалам неабходнасці смерці, каб набыць больш дасканалую форму жыцця. І Езус у сваім каментары вельмі вялікую ўвагу звяртае на словы “сваё жыццё”. Езус хоча кожнаму з нас сказаць, што чалавек, які падыходзіць да зямнога жыцця з празмернай прывязаннасцю і адносіцца да яго, толькі ў сэнсе набывання, губляе гэтае жыццё, разам з тым, што набыў. Не столькі згубіць жыццё, колькі ужо яго згубіу. А той, хто гэтае набыванне у зямным жыцці разумее як магчымасць быць ахвярным для іншых, той жыццё захавае. Бо, калі чалавек у сваім жыцці ўмее быць ахвярным, калі ён здольны дзяліцца ад сэрца, той мае скарб у нябёсах і вечнае жыццё.

Дарагія браты і сёстры! Набліжаючыся да таямніцы Хрыстовага Крыжа, у гэты час нашай інтэнсіўнай падрыхтоўкі да Велікодных святаў, кожнаму з нас варта адкрыць наймудрэйшы спосаб перамены зямнога жыцця ў вечнае. Заключаецца ён ў тым, каб мы змаглі убачыць, што ў нашым жыцці насамрэч ёсць істотным, а што не. Калі мы пабудуем для сябе адпаведную іерархію каштоўнасцяў, схема якой змешчана ў Евангеллі, то запаведзь любові Бога і бліжняга у нас будзе не толькі тэорыяй, колькі практыкай усяго нашага жыцця. Іншая справа, такі сур’ёзны падыход можа нас у нейкай ступені палохаць. Нічога дзіўнага. Сам Езус сцвярджае гэта: “ Цяпер усхвалявана душа мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў.”

Як у жыцці Езуса, так і ў нашым жыцці, дарагія браты і сёстры, настане гадзіна ахвяры, гадзіна цярпення ці хваробы нашага блізкага чалавека, а можа я сам стану сведкам майго ўласнага цярпення. Настане такая гадзіна, калі нашае шчасце і радасць пачнуць нас пакідаць. Варта тады прыслухацца да сённяшніх словаў Езуса аб зерні, кінутым у зямлю. А прыслухоўваючыся да гэтых словаў важна ўсвядоміць сабе, што калі зерне памрэ, толькі тады выдасць багаты плён.

Дарагія браты і сёстры! Вялікі Пост, гэта той выдзелены нам момант часу, калі можам асаблівым чынам, задумацца над таямніцай цярпення і смерці. Езус не раскрывае да канца нам гэтую таямніцу, але ўваходзіць у яе сам, даючы нам гарантыю, што цярпенням і смерці можна надаць сэнс. Калі Богачалавек цярпеў і памёр, то не зрабіў Ён гэта бессэнсоўна. Яго пакуты не былі дарэмнымі, але ўвесь час прыносяць багаты плён любові і прабачэння. Пасля крыжовай смерці Езус заззяў хвалою ўваскрослага. А зараз заахвочвае кожнага з нас, каб мы з адвагаю перамагаючы боязь, у пакоры сэрца прынялі увесь цяжар клопатаў і жыццёвага досведу. Калі ж такая гадзіна у нашым жыцці яшчэ не надышла, то будзьма адважнымі, каб стаць побач таго чалавека, які у сваім жыцці такую балючую гадзіну перажывае. Амэн.

Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В