Кароткая гамілія на Вялікую Пятніцу_2015


Дарагія браты і сёстры!

Сёння ў літургіі Вялікай Пятніцы, цэнтральнае месца займае Крыж Езуса Хрыста. Напэўна крыж — гэта загадка для ўсіх людзей. Гэта незразумелы парадокс у логіцы чалавечага жыцця. І ніводны яшчэ, з мудрых гэтага свету, не разгадаў загадку крыжа. Чаму?Бо без Хрыста разгадаць яе немагчыма. Мы жа, дзякуючы веры, у знаку крыжа можам убачыць нешта большае, чым толькі інструмент смяротнага пакарання. 

З паняццем крыжа мы сустракаемся вельмі часта, магчыма нават часцей, чым можам пра гэта падумаць: няўдача, расчараванне, боль, хвароба, смерць — усё гэта можам аднесці да катэгорыі крыжа ў нашым жыцці. І зразумець такі жыццёвы досвед мы здольныя толькі ў тым выпадку, калі на нашым крыжы прысутны Езус. Інакш, калі мы самі імкнемся адкрыць таямніцу крыжа, пазбаўленую Езуса Хрыста, то перад гэтай таямніцаю, раней ці пазней мы будзем бязраднымі. А ўсялякія падобныя пошукі прывядуць нас да бессэнсоўнасці. Выйсце існуе толькі ў веры, бо тады адзіным ключом да зразумення ўсялякага чалавечага цярпення, смерці, а перадусім дару жыцця і ўсялякага досведу, які можам разумець як крыж, з'яўляецца Езус Хрыстус. 

Сёння літургія Божага слова дае нам гэты ключ разумення. У кнізе прарока Ісаі мы сустракаем вобраз церпячага Хрыста, постаць якога не нагадвала чалавечай. Але для мноства сучасных людзей, Яго постаць не падобная да Бога, якому належыць пашана. Дзякуючы веры, у крыжы Езуса Хрыста, як кажа Ісая, мы можам убачыць тое, пра што не было сказана і спазнаць тое, што ніколі не чулі. Калі мы ўзглянем на крыж вачыма веры, то ўбачым, што ён сімвалізуе не столькі цярпенне і смерць, колькі выражае любоў, якая не баіцца прынесці ў ахвяру нават сама сябе, любоў, якая здольная сабою агарнуць і перамяніць нават сваіх ворагаў. 

Мае дарагія, гэта неверагодна! Крыж - выраз Божай логікі, якая мае на мэце збаўленне чалавека. Таму, калі мы карыстаемся не толькі чалавечай, але і Божай логікай, то прыходзім да высновы, што кожны з нас у гэтым жыцці мае свой крыж, які ў людскім разуменні не заўсёды вытлумачальны і вельмі часта выглядае абсурдальна. Можа таму, Літургія Касцёла прадугледжвае той момант, калі Крыж Езуса Хрыста ахінаецца фіялетавым матэрыялам, каб сёння, здымаючы гэты матэрыял, мы маглі наноў прыглядзецца збаўчаму вобразу, і ўбачыць у ім тое, што некалі выпусцілі са свайго поля зроку...

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В