Кароткая гамілія на Пасхальную Вігілію_2015
Дарагія браты і сёстры, сведкі Хрыста Ўваскрослага!
Літургія слова сёння надзвычай багатая: сем чытанняў са Старога Запавету, восем псальмоў, Эпістала і Евангелле. Усё гэта стварае асаблівую атмасферу перажывання Пасхальнай таямніцы, у якой мы сёння ўдзельнічаем. Урачыстая цэлебрацыя Пасхальнай вігіліі паказвае нам цудоўную справу стварэння і адкрывае перад намі яшчэ больш цудоўнешую справу адкуплення, правобразам якога становіцца пераход ізраэльскага народа праз Чырвонае Мора. А вобраз Маісея, які ўзначаліў заініцыяваны па волі Божай уцёк з Егіпту, адлюстраваўся ў Хрысце, новым Маісеі, які вывеў не толькі выбраны народ, але усё чалавецтва з няволі смерці, граху і д'ябла да свабоды Дзяцей Божых, спадчына якіх - вечнае жыццё ў валадарстве Айца.
Калісьці Хрыстус скажа сваім вучням вельмі важныя словы, якія яны можа не адразу зразумеюць, але толькі пасля: калі зерне, падаючы ў зямлю не памрэ, то застанецца само, а калі памрэ, то прынясе багаты плён. І вось у падзеях святога Трыдуум: Вялікага Чэцвера, Пятніцы і Пасхальнай Вігіліі, гэтыя словы, сказаныя Збаўцам, рэалізоўваюцца. Сам Езус Хрыстус - тое найкаштоўнейшае зерне, якое паміраючы, паказвае ўсім нам уласцівы шлях да поўні жыцця. Смерць не стала драматычным заканчэннем жыцця Езуса Хрыста, але накіравала Яго, а разам з Ім і нас, да Велікоднага ранку. І ўрачысты спеў Экзультэт, які мы сёння чуем, заклікае нас сёння да радасці, якую прыносіць Уваскрослы Езус Хрыстус. Жыццё затрыумфавала, жыццё перамагло смерць!
І не патрэбная тут вялікая філасофія, або прафесарскі розум, бо перад Пасхальнай таямніцаю, усё гэта становяцца бязрадным. Патрэбна толькі зразумець важнасць усяго, што ўчыніў дзеля нас Хрыстус, прыняць сэрцам Яго Евангелле, а гэта значыць у Яго паверыць. Бо калі ў Хрысце паміраем, то і з Хрыстом уваскрэснем. «Не бойцеся. Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрос...»

Comments
Post a Comment