Гамілія на Х ЗН, год В

Дарагія браты і сёстры! 

Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса, які супрацьстаіць маніпуляцыям злога духа. Наогул, калі казаць аб стратэгіі д'ябла, то яна з большага вельмі простая: распачынаецца ад звычайнага бяскрыўднага жадання весьці выгодніцкі стыль жыцця, а вось заканчваецца неўмеркаванай хцівасцю і пагоняй за грашыма, славай і г.д. 

Жыццё можа быць камфортным, дапасаваным да магчымасцяў чалавека, да яго статусу, заробку, але калі гэтае жаданне выходзіць з-пад кантролю, то адбываецца свайго роду дэградацыя маральных і духоўных каштоўнасцяў чалавека. Вось гэтай дэградацыі і дабіваецца злы дух.

Вы думаеце, што толькі сёння ў наш час злы дух выкарыстоўвае такую стратэгію. Калі прыглядзецца, гэтая стратэгія была папулярнай ва ўсе часы і эпохі і таму бярэ свой пачатак ад моманту спакушэння першага чалавека ў раі. Дарэчы сёння ў першым чытанні бачым вынік таго, што першы чалавек паддаўся зманлівай спакусе злога духа і здзейсніў грэх, а віну за гэты ўчынак пачаў перакладваць на іншага: мужчына на жанчыну, жанчына на змея. 

Можам падумаць, што яму гэтая стратэгія ўдалася, але гэта не зусім так. Ужо ў момант грахоўнага упадку, Бог дае надзею чалавеку, кажучы што устанаўлю варожасць паміж патомствам жанчыны і патомствам змея. “За тое, што ты зрабіў гэта, ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі. На жываце сваім поўзаць будзеш і пыл будзеш есці праз усе дні жыцця свайго.Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву, а ты сатрэш яго пяту.” Гэты прыклад першага чалавека, яго драматычнага упадку у нейкім сэнсе паўтараецца увесь час, бо па сваёй натуры чалавек схільны да граху і, калі паддаецца зманлівым прапазіцыям злога духа, то трапляе ў яго стратэгічную гульню, у якой такі чалавек становіцца марыянеткай. Д’ябал мае ўплыў на такіх людзей і трымае іх у няволі.

Дарагія! Калі паразважаць над сённяшнім Евангеллем, то можам убачыць тых марыянетак злога духа ў вобразе кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема і казалі, што Езус мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў. Вядомая справа – гэта было блюзнгерства і паклёп, спроба дыскрэдытаваць Настаўніка з Назарэту, перад мноствам людзей, якія слухалі Божае слова і дасвядчалі аздараўлення са сваіх хваробаў. Як бачым праз кніжнікаў вырываўся дзікі крык шатана, які напэўна першы раз за гісторыю чалавецтва не ведаў, якую прымяніць стратэгію супраць Езуса і выкарыстаў стандартную стратэгію хлусні і фальшывага сведчання праз людзей, на якіх меў уплыў. І таму, адныя казалі, што Езус страціў розум, а іншыя – што Ён супрацоўнічае з моцамі зла.

Але, дастаткова прымяніць да гэтай сітуацыі хоць кроплю логікі, то ўзнікае сур’ёзная супярэчнасць: калі Езус Хрыстус выганяе з людзей злых духаў, то як можа са злымі духамі сябраваць? Гэты факт, ну ніяк не ўкладваецца. Наколькі трэба было страціць розум, каб штосьці падобнае сцвердзіць, як гэта ўчынілі ерузалемскія кніжнікі. Іх пыха, да якой яны дайшлі, цалкам іх засляпіла, бо шукаючы кампрамат на Хрыста, яны гэтым самым знайшлі кампрамат на сябе саміх. Іх мэтай было не толькі прынізіць Езуса, але цалкам Яго знішчыць. 

Ці так павінны паступаць сапраўдныя шанавальнікі маісеевага права? Таму Езус ім кажа: ” Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму.” А ў дачыненні да паклёпу Хрыстус справядліва сказаў, што дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.

Умілаваныя! Хрыстус прыйшоў на гэты свет, каб перамагчы моц злога духа, а чалавека перанесці ад смерці да жыцця. Пакуты і смерць Езуса Хрыста на крыжы і Ягонае ўваскрасенне – гэта і ёсць перамога над грахом і д’яблам, над моцамі зла, якія трымалі чалавецтва ў стане безнадзейнасці і роспачы. Хрыстус – гэта новы Адам, патомак жанчыны, які перамог патомства змея. Хрыстус паказвае, што той, хто становіцца Ягоным сапраўдным вучнем, таксама ўдзельнічае ў гэтай перамозе. Нягледзячы на хітрую і падманліваю стратэгію д’ябла, хрыстовы вучань здольны яе распазнаць і пазбегнуць. Важна мы дазволілі Езусу Хрысту стаць нашым настаўнікам, каб так як Ён, адважна і мужна мы маглі абараняць сапраўдныя каштоўнасці, якія добра ўплываюць на развіццё нашага хрысціянскага жыцця. Нам нельга баяцца хлусні і айца хлусні, але трэба гэта перамагаць Божаю моцай. 

Калі прыгледзімся малітве, якой нас навучыў Езус Хрыстус “Ойча наш”, то напрыканцы гэтай малітвы ёсць такія словы: “і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”. Словы гэтыя інфармуюць нас аб тым, што ў свам жыцці мы сустракаемся з рэчаіснасцю злога духа, што неаднойчы ён нас спакушае. Таму нашай малітвай, звернутай да Бога у духу Езуса Хрыста, мы просім Бога аб дапамозе у змаганні з усялякімі праявамі злога духа: каб мы не паддаліся спакусам, каб ён нямеў на нас ніяка ўплыву і, каб мы не сталі ігракамі ў д’ябальскай стратэгіі, але каб трывалі ў вернасці Божым Запаведзям і Хрыстоваму Евангеллю.

Дарагія браты і сёстры! Не бойцеся спакусаў! Яны здольныя з нас зрабіць сапраўдных хрыстовых вучняў, калі мы стараемся заўсёды быць вернымі Богу. Бо ўсё дзеля вас, - як піша апостал Павел - каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы…Часовае лёгкае цярпенне нашае дае нам бязмернае багацце вечнай славы, калі мы зважаем не на бачнае, а на нябачнае. Таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае! Амэн.




Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В