Гамілія на XII ЗН, год В

«Вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў свой народ.»

Дарагія браты і сёстры!

Калі паразважаць над пачутым сёння ўрыўкам Евангелля і добра ўявіць сабе гэтую сцэну, калі Езус спіць сярод бушуючых хваляў, а вучні, спалоханыя гэтай з'явай, імкнуцца захаваць знешнюю раўнавагу, то мы можам у гэтых вучнях добра ўбачыць саміх сябе. Дакладней кажучы сваю мітусню і боязь, якія нам прыходзіцца нярэдка перажываць.

Як жа часта ў нашым жыцці ўзнікаюць падобныя сітуацыі, да той, якую мы сёння пачулі ў Евангеллі: бушуючае мора жыццёвага досведу напаўняе нас бояззю, ці нават у асобных выпадках робіць нас бязраднымі. І мы тады як вучні задаем пытанне Пану, які на нашу думку у такіх складаных жыццёвых сітуацыях якбы «спіць»: «Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?» Так усклікнулі Апосталы. Так ці падобным чынам магчыма калісьці ўсклікалі і мы. Можа не адразу мора нашых праблемаў было суцішана, але калі мы дасвядчалі супакою, то і ў нас магло нарадзіцца пытанне, якое сённня вельмі выразна прагучала ў Евангеллі: «Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?»

Дарагія! Справа ў тым, што падобнае пытанне нараджаецца ў сэрцы кожнага веруючага хрысціяніна, які дасведчыўшы супакою свайго сэрца, захапляецца Тым, хто гэты супакой дае. Боязь нараджае мітусню, а можа часам паралізуе, мы становімся нерухомымі і здаецца нічога няможам зрабіць перад абліччам сур'ёзных жыццёвых выпрабаванняў. Паглядзіце, штосьці падобнае адбывалася і з вучнямі. Іх моцна спалохала бура, так спалохала, што яны моцна замітусіліся і пачалі непакоіцца, нягледзячы на тое, што разам з імі быў Езус Хрыстус. Заўважце, што Ён з імі быў у адным чаўне. Хтосьці можа сказаць паўжартам, але ж і моцныя нервы меў Езус, што спаў нягледзячы на такі моцны шторм. Але справа не ў гэтым. Вучні згубілі ўнутраную раўнавагу, хоць з імі быў разам Настаўнік, яны ж усё роўна моцна перапалохаліся і пачалі думаць, што хутка загінуць. 

Менавіта таму, калі Езус суцішыў буру і настала вялікая ціша на моры, якое перастала хвалявацца, Ён дакараючы казаў ім: «Чаго вы такія баязлівыя? Яшчэ не маеце веры?» Дарагія! Гэтыя словы сёння Езус паўтарае для кожнага з нас. Бо ёсць шмат сітуацый, калі мы таксама вельмі часта губляем раўнавагу, і нашая вера неаднойчы бывае слабой і хісткай. Толькі гэтымі словамі Езус нас хоча не столькі дакараць, колькі падтрымаць, падбадзёрыць наш дух. Каб звярнуць нашую ўвагу на тое, што Ён, Езус заўсёды побач з намі, у тым жа чаўне, што і мы. Таму нам вельмі важна перастаць панікаваць, а ўбачыць Езусавы спакой пастарацца ўсвядоміць, што гэты спакой хутка настане і ў нашым сэрцы. Адзінае чаго трэба — гэта моцнай веры.

Сёння Езус асаблівым чынам запрашае нас да таго, каб мы перамагалі ўласную боязь, тую боязь, якая сее непакой і мітусню. Езус кажа: «Пераправімся на той бок.» Думаеце Езусу проста так на чаўне паплаваць захацелася. Не, Ён пажадаў узмоцніць веру сваіх вучняў, а нам даць прыклад, што няма ў жыцці бязвыхадных сітуацый, калі верыш, што Хрыстус побач і, калі дазволіш Яму суцішыць усялякія буры свайго жыцця. 

Запрашэнне Езуса пераправіцца на другі бок, гэта выразна звернуты заклік да нас з вамі, умілаваныя браты і сёстры, каб мы пакінулі усялякую боязь на гэтым беразе, а пераплылі на другі, набіраючыся адвагі і мужнасці. Езус хоча каб мы пазбавіліся той боязі, якая з'яўляецца для нас перашкодай у наследванні Хрыста. 

Таксама гэты заклік датычыць не толькі, каб мы пакінулі на гэтым беразе сваю боязь, але каб змянілі паставу малавер'я на паставу моцна веруючага Хрыстовага вучня. Гэта вельмі важна і без жыццёвага досведу проста немагчыма. Калі б не было моцнага шторму на галілейскім моры і, вядомая справа, прысутнага Езуса Хрыста у чаўне, то як вучні даведаліся б аб сваёй паставе адносна веры. Дагэтуль яны лічылі сябе адважнымі, «крутымі» - калі казаць сучаснай мовай, ну а вось калі сустрэліся сам насам з выпрабаваннем, убачылі сябе кім яны ёсць больш аб'ектыўна. І, мае даражэнькія, кожны жыццёвы досвед, які б ён складаны не быў, гэта нагода ўбачыць насамрэч, кім мы з'яўляемся. Менавіта таму пытанне, якое сёння задаюць апосталы, а разам з імі і мы: «Хто Ён такі?» нараджае яшчэ адно сустрэчнае пытанне: а хто я такі? Калі я магу шчыра сказаць, што Ён з'яўляецца маім Богам, які клапоціцца пра мяне, які мяне любіць, то ці я з'яўляюся сапраўдным Яго вучнем, калі ў сваім жыцці паступаю так ці інакш? 

На гэтае пытанне святы Апостал Павел сёння ў другім чытанні дае вельмі выразны адказ: «Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.»

Дарагія ў Хрысце! Гэтае пытанне, якое ўзнікае ў кантэксце сённяшняй літургіі слова, прыводзіць нас да адказу, што Ён, Хрыстус, які з любові аддаў за нас сваё жыццё, жадае, каб гэтая ахвяра не была дарэмнай. Хрыстус хоча, каб адгэтуль кожны з нас не жыў толькі для сябе, але для Таго, хто памёр і ўваскрос. І гэты адказ спрычыняецца да таго, што паміж сённяшнімі пытаннямі Хто Ён такі, а таксама хто я такі, мы можам правесці паралель, злучыць гэтыя пытанні ў адно цэлае. І калі гэта паспяхова ўчынім, зможам пазітыўна адказаць на заклік Езуса Хрыста, і пераправіцца на другі бок, пакінуўшы страх, мітусню і бязвер'е. Амэн. 









Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В