Гамілія на XIV ЗН, год В

«Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі?»

Дарагія браты і сёстры!

Чытаючы Евангелле паводле Марка, мы можам даведацца, кім быў Езус для Бога Айца, для Яна Хрысціцеля, для нячыстых духаў, для жанчыны якая цярпела на крывацечу, для сотніка, які стаяу пад крыжам, і г.д. Для жыхароў Назарэту – паводле Марка – Езус быў цесляром. Толькі так большасць тых людзей Яго ўспрымала. Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі –казалі. Іх вельмі здзіўлялі цуды, якія чыніў Езус. А ведаеце, што ў гэтым усім здзіўляла Езуса?  Яго здзіўляла іх недаверства і сумніў, менавіта таму Ён казаў: "Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім."

У сённяшнім урыўку з Евангелля, святы Марк выдатна фармулюе адказ на пытанне: Кім з’яўляецца Езус? У сваіх паслядоўных запісах св. Марк Евангеліст, крок па кроку, адкрывае нам таямніцу Хрыста.

Езус, калі выхоўваўся ў коле сваіх блізкіх, дзелячы лёс сваіх равеснікаў, нічым не адрозніваўся ад іншых хлопцаў з Назарэту. Ён проста быу адным з жыхароў невялікага мястэчка Назарэт. 

А калі і звярнуў на сябе ўвагу, то толькі тады, калі яму споўнілася трыццаць год. Ён не шукаў жонкі, не імкнуўся закладваць сямейнае вогнішча. Аднак быў вядомым ў Назарэце цесляром. Цясляр, менавіта так часта называлі Езуса яго землякі, якім чамусьці цяжка было Яму паверыць. Таму  вельмі складана Езусу было ўчыніць які-небудзь цуд, з-за іхняга бязвер'я. 

Напэўна за свае гады працы ў майстэрні, Езус шмат зрабіў рознага роду вырабаў: дзвярэй, крэслаў сталоў і г.д. Шкада, што не засталося памяткі для нас веруючых. Наогул, у жыхароў мястэчка Назарэт было шмат рэчаў зробленых Езусам. Бо Ён працаваў на працягу больш менш пятнаццаці год. Да нашых часоў не дайшлі гэтыя каштоўныя рэчы. Але нягледзячы на гэта, мы маем значна большы дар. Вячэрнік, дзе святар бярэ у свае рукі хлеб і віно і сам Хрыстус праз вусны святара прамаўляе словы: “Бярыце і ешце, гэта ёсць Цела Маё”

Дарагія! Варта нам ўсвядоміць, што добрую палову жыцця Езус правёў на працы будучы цесляром. Існуе шмат людзей, якія Яго асабліва ў гэтай справе могуць выдатна наследваць. Святарскае пакліканне - гэта пэўнае выключэнне, але таксама належыць да наследвання, якое паказвае Езус праз сваё жыццё.

Кожны з нас можа выдатна сабе ўявіць, як Божы Сын, доўгія гадзіны праводзіў ў майстэрні, апрацоўваючы нялёгкі матэрыял, якім з’яўляецца дрэва. Канешне, калі б мы прыйшлі ў Яго майстэрню і ўбачылі Езуса падчас працы, то хіба нашая рэакцыя была б такой: мы забралі б Яму належныя інструменты, а Яго самога ўсімі сіламі выцягнулі б адтуль. Бо, каб зрабіць дзверы ці стол не абавязкова быць Божым Сынам. Гэтую працу можа выканаць кожны салідны сталяр. Такая праца не зусім адпавядае Божай годнасці – можам так сабе разважаць.

Але ж не! Гэта не зусім так. Мы звыкліся толькі святкаваць з Богам, у той момант, калі Ён хоча з намі працаваць. І замест таго, каб адцягваць Яго ад працы, лепш запытацца, чым я магу Яму дапамагчы. 

І яшчэ мае дарагія! Варта радавацца з нагоды таго, што ў Божай майстэрні мы можам шмат чаму карыснаму навучыцца. Праз гэтую працу мы праслаўляем Творцу, у якім знаходзім сябе і бліжніх. 

Дарагія браты і сёстры! Калі хрысціянін не спаткаецца з Езусам у Яго сталярскай майстрэрні, не правядзе з Ім некалькі год працы, ніколі даканца не адкрые наколькі праўда з жыцця чалавека цесна звязана з Евангельскай праўдаю. Публічнае навучанне, абвяшчэнне Божага валадарства, якое здзяйсняў Езус Хрыстус, трывала агульна тры гады і канешне было вельмі блізка звязана з яго рэмяством, якое Езус пераняў ад святога Юзафа.

Гэта цудоўна разумелі апосталы і вучні. Пасля ўваскрасення Езуса яны надалей працавалі ловячы рыбы на возеры. А Павел Апостал ніколі не развітваўся са сваім рамяством, шыючы намёты. 

Евангелле можа нам прынесці багаты духоўны плён ў тым выпадку, калі злучана з жыццём, з працаю, з канкрэтнай дзейнасцю чалавека. Бо калі гэтага не будзе, прынцыпы Евангелля застануцца толькі прыгожымі словамі, якія выдатна гучаць, але не прымяняюцца ў жыцці. А калі не прымяняюцца, то праўда Евангелля застанецца толькі правілам і не больш таго. А паколькі Евангелле жывое і дзейснае, то кожнаму з нас, дарагія браты і сёстры, варта ўважліва прыслухацца да Божага слова і тое, што чуем, старацца верна выконваць у нашым жыцці кожнага дня. Так як гэта рабіў Настаўнік з Назарэту. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В