Гамілія на XIX ЗН, год В

«Я хлеб жывы, які сышоў з неба, — кажа Пан. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна.»

Дарагія браты і сёстры!

Вельмі часта логіка, якой карыстаецца гэты свет абсурдальная і прыводзіць чалавека ў тупік, або даводзіць яго да бязвыхаднай сітуацыі. І калі мы знаходзімся ў складанай сітуацыі, не заўсёды можам знайсці адэкватнае выйсце з яе. Асабліва цяжка знайсці такое выйсце, калі мы апынуліся у сваім жыцці сам на сам з сур'ёзнай праблемай, а нашыя блізкія, якія маглі б нас падтрымаць, не толькі не падтрымліваюць, але яшчэ больш павялічваюць нашу дэпрэсію. Гэта вельмі сумная рэчаіснасць, але нажаль яна такая, якая ёсць.

Калі сучасны чалавек, калі мы з вамі паддаемся логіцы гэтага свету, мы пачынаем адчуваць поўную самадастатковасць: што Бог нам непатрэбны, касцёл таксама, што можна выдатна жыць без сакрамэнтаў, без Імшы. Што ўсе гэтыя абавязкі веры, нядзельныя Імшы святары павыдумвалі.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Давайце прыслухаемся да словаў Езуса з сённяшняга Евангелля: « Я хлеб, які сышоў з неба.» На першы погляд гэтыя словы Хрыста распалілі абурэнне сярод натоўпу юдэяў. З большага яны былі знаёмыя з Езусам, магчыма некаторыя з іх памятаюць Езуса, калі ён быў маладым хлопцам і жыў у Назарэце. Калі з вуснаў Езуса яны пачулі гэтыя словы то адразу ж абурыліся кажучы: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа «Я сышоў з неба»? Вось да чаго прыводзіць звычайная людская логіка. Як можа якісьці там хлопчык з Назарэту, бацькоў якога мы ведаем, яго, якога мы таксама добра ведаем, казаць такія словы Я хлеб жывы?

Доказаў і аргументаў на гэты конт было больш чым дастаткова: аздараўленне хворых, выгнанне злых духаў, нават уваскрашэнне памерлых. Усё гэта наводзіла людзей не толькі на здзіўленне, але нават на тое, каб проста паразважаць над самім сабою, і над тым кім з’яўляецца Езус.

І хоць розных знакаў і цудаў, якія здзейсніў Езус было вельмі шмат, усё ж гэта да канца не магло пераканаць людзей у асаблівай надзвычайнасці Езуса Хрыста. Паглядзіце, нават апосталы не мелі дасканалай пэўнасці, адносна таго, кім з’яўляецца Езус. Аднак, калі прыгледзіцца да жыцця Настаўніка з Назарэту, то ўсё здзейсненнае Ім, наводзіла на сур'ёзныя разважанні і на пошукі Бога. 

Юдэі не разумелі, што хацеў ім сказаць Езус. Ім не хапала веры, ім вельмі перашкаджала звычайная чалавечая зайздрасць іўсё гэта спрычынілася да таго, што яны былі няздольнымі, каб скласці поўны вобраз таго, што казаў ім Езус. Калі б яны гэта склалі ў адзінае цэлае, магчыма іх абурэнне не было б такім вялікім, ці наогул падобнага абурэння не было бы. Або, што больш праўдападобнае Юдэі не жадалі успрымаць усю гэтую праўду, аб якой казаў Езус, бо з Ягоных словаў вынікала тое, што Ён з’яўляецца кімсьці большым чым толькі чалавекам. Таму Юдэі не маглі дазволіць што іх зямляк будзе кімсьці большым за іх саміх.

Мае дарагія! Калі мы пачынаем задумвацца аб Езусе то ў нас можа з’явіцца адна прынцыповая праблема: а менавіта мы таксама маем свае сумнівы і свае непаразуменні. Праблема заключаецца ў тым, які шлях мы выберым для сваіх разважанняў, да чаго мы будзем праз іх імкнуцца, каб адкрываць асобу Езуса Хрыста ў сваім жыцці. 

У асноўным магчымасці у нас дзве: або пойдзем дарогай гэтага свету, разважаючы толькі яго катэгорыямі і логікай, або заплюшчым вочы і дазволім, каб Айцец нас вёў за руку, праз увесь наш жыццёвы шлях. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец Мой, які паслаў Мяне, не прыцягне яго. - скажа Езус. 

Гэты свет імкнецца пераканаць нас у тым што Езус Хрыстус толькі звычайны чалавек. Можа больш паспяховы і здольны, больш харызматычны, чым іншыя яго сучаснікі, больш выдатны, спрытнейшы, па-чалавечы кажучы нават мудрэйшы, але звычайны чалавек такі як мы з вамі, не больш таго. 

І калі мы дазволім падобнага роду спакусам пераканаць нас, то ў нашым сэрцы нараджаюцца прыкладна такія пытанні: Чаму мне трэба слухаць Езуса, або што я магу Яму сказаць? Што Ён мне можа даць? Ці я сапраўды Езуса патрабую? Ці варта наогул верыць Яму і быць паслухмяным? Такія пытанні могуць узнікаць, у нейкай ступені яны нават карысныя, але калі мы зможам правільна на іх адказаць.

Дарагія! Існуе другі варыянт разважання: даверыцца Богу, які ёсць дарогай, праўдай і жыццём, даверыцца Яго слову. Бо Божае Слова – гэта слова жыцця, а дзякуючы яму чалавек пачынае больш упэўнена крочыць шляхам збаўлення. Такі чалавек пачынае свабодна дыхаць і проста лепш жыць. Калі даверымся Богу, перастанем баяцца і непакоіцца з-за кожнай дробязі. Наш непакой знікне — гэта толькі справа часу, бо мы цалкам давяраем свой ратунак Богу. 

Менавіта такім чынам прыцягвае нас Айцец: Ён нам паказвае шлях выйсця з тупіковай сітуацыі, з Ім заўсёды кожны можа выйсці з пасткі смерці. Бо дзеля гэтага паслаў Ён свайго Адзінароднага Сына Езуса Хрыста, каб праз Яго даць нам надзею на ўваскрасенне. Даць нам надзею на перамогу: над смерцю, грахом і шатанам.

Надзея, якую мы маем у Езусе Хрысце – гэта не матэматычная формула, гэта не фізічны доказ, гэта не геаметрычная тэарэма накшталт квадрат гепатэнузы роўны сумме квадратаў кацетаў. Надзея не з’яўляецца адназначным адказам. 

А некаторыя людзі робяць памылку, што замест даверу Богу, шукаюць нейкай пэўнасці і доказу, і адсюль узнікае шмат памылак і непаразуменняў, якія не прыводзяць чалавека да праўды, але зманліва ад яе адводзяць. Так дзейнічаюць напрыклад: гараскопы, парапсіхалогія, спірытызм, розныя тэорыі звязаныя з рэінкарнацыяй і г.д. 

Але, мае дарагія, гэтыя тэорыі марная праца. Бо: ніхто не бачыў Айца і даканца не ведае Яго таямніцаў – канешне апроч Езуса. А той, хто становіцца вучнем Бога, хто здольны падпарадкаваць Яму ўсё сваё жыццё, той не патрабуе, ані дакладных доказаў, ані формул, ані тэарэмаў. Дастаткова толькі веры. “Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.”

І самае галоўнае ў гэтым нашым другім шляху разважання: поўнасцю даверыцца Езусу. Гэты давер з’яўляецца простым і ясным крытэрыем збаўлення: або хтосьці выбірае Езуса і Яго праўду, Яго Слова Яго Касцёл, або адбываецца выбар супрацьлеглы. Або хтосьці патрабуе Бога, патрабуе насычацца Яго Словам, або не патрабуе гэтага. 

Дарагія браты і сёстры! Перад намі дзве дарогі. Мы ведаем, што вынікае з гэтых дарог, або па-іншаму куды вядуць гэтыя дарогі. Куды вядзе дарога без Бога, а куды вядзе Божая сцяжынка. Галоўнае - гэта наш свядомы выбар, каб пасля не мець сумніваў або прэтэнзій адносна нашай будучыні. “Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна.” Няхай гэтыя словы, якія прагучалі з вуснаў Езуса ў сённяшнім Евангеллі дапамогуць нам выразна бачыць той шлях на які нас запрашае Езус, і што вельмі важна, каб мы верна крочылі гэтым збаўчым шляхам Езуса Хрыста, усё сваё жыццё. Амэн.





Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В