Гамілія на XVI ЗН, год В
"Пан — пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы, Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах."
Дарагія браты і сёстры!
Адным з найбольш простых спосабаў праверыць сапраўдную любоў ёсць клопат аб адпачынку для любячай асобы. Напрыклад у сям’і: як доўга муж заўважае стомленасць жонкі, як доўга цікавіцца яе смапачуццем, так доўга яе па-сапраўднаму любіць.
З моманту, калі зацікаўленасць яе адчуваннем знікае, з тога моманту любоў як бы пачынае халаднець. Вядомая рэч, датычыць гэтая увага не толькі пытання: “як сябе адчуваеш, дарагая”. Хоць і гэтае пытанне ёсць важным… Гэтая увага датычыць асобы ўцэлым, што чалавек для нас не абыякавы.
Той хто па-сапраўднаму любіць, заўсёды цікавіцца запасам сілаў з якімі крочыць любімая асоба. Істота гэтай зацікаўленасці грунтуецца на тым, што для асобы, якая для нас дарагая але стомленая, адразу шукаецца магчымасць адпачынку. Бывае рабіць гэта прыходзіцца коштам уласнага часу, сілаў, але заўсёды гэтаму ўчынку спадарожнічае радасць, супакой, праўдзівая любоў.
Дарагія! Хрыстус нам аб’яўляе любоў, у якой Ён клапоціцца пра сваіх вучняў. Звярніце ўвагу на словы, якія мы з вамі чулі ў Евангеллі падчас таго як вучні моцна стаміліся Езус кажа: «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.»
Ведаеце, шкада, што заклік нашага Збаўцы адносна адпачынку не зусім у поўнай меры дайшоў да нашых дзён. Адпачынак можна сказаць з’яўляецца формай выбаўлення чалавека ад пэўных цяжкасцяў: знешніх, або нават унутраных. Езус як Збаўца клапоціцца пра тое, каб апосталы зноў набраліся сілаў. А здзейсніць гэта без адпачынку немагчыма. Трэба было абавязкова змяніць атмасферу безупынных размоваў і сустрэчаў з людзьмі.
Сёння трэба нам звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя словы Езуса: пайдзіце і крыху адпачніце. Хрыстус, ведаў наколькі чалавеку гэты адпачынак патрэбны, наколькі ён важны, нават неабходны для чалавека.
Таму ў школе Езуса, адпачынак займае далёка не апошняе месца. А каб навучыцца па-сапраўднаму адпачываць, трэба, каб у гэтым адпачынку быў парадак. І як паказвае практыка, апанаванне выдатнага адпачынку часамі займае шмат сілаў і часу.
Чаму так? Бо у нашым свеце усё ж такі большая ўвага звяртаецца на працу, на пэўную дзейнасць, актыўнасць, на ўменне добрай малітвы напрыклад, а вельмі мала удзяляецца часу каб навучыцца правільна адпачываць. Я не спаткаў яшчэ ніводнай кнігі, якая б распавядала аб адпачынку ў духу Евангелля. Дзіўная гэта рэч, што можна на тэму працы, ці на тэму дасканаласці малітвы знайсці цэлыя бібліятэкі матэрыялаў. Аднак што датычыць пэўных практычных увагаў хрысціянскага адпачынку, выхавання да такога адпачынку, такіх матэрыялаў вельмі мала, або наогул няма.
Дарагія! Важна ўсвядоміць сабе адну рэч: уменне карысна адпачыць, уменне арганізаваць такі адпачынак для іншых з’яўляецца фактам сапраўднай любові да бліжняга. Калі бачым, што нашыя бліжнія патрабуюць адпачынку, бо стомленыя, то любоў у нашым сэрцы клапоціцца аб тым, каб мы стварылі неабходныя ўмовы адпачынку для нашых бліжніх. Бо значна лягчэй захоўваць спакой сэрца перад абліччам цяжкіх сітуацый, калі чалавек поўны сілаў. Ён тады моцны, мае ў сабе раўнавагу. Сапраўдная любоў уплывае на тое, каб мы клапаціліся пра іншых і пра сябе ў справах сапраўднага выдатнага адпачынку.
Не абавязкова такім адпачынкам павінен быць отпуск ці вакацыі. Наадварот, бывае што чалавек больш стомлены ад отпуску чым ад працы. Больш карысным і якасным адпачынак будзе ў тым выпадку, калі напрыклад выходзім на прагулку, паасобку ці разам з сям’ёю. Адпачынак будзе тады, калі нам хапае гадзінаў сну, калі стараемся паслухаць цішыню, хоць пэўны час, каб засяродзіцца і знайсці самога сябе, якога так часта губляем у штодзённай мітусні. Ведаеце, часам хапае нават гадзінкі такога адпачынку, каб перамяніць смуткуючыя рысы твару на сапраўдную радасную ўсмешку.
Самым небяспечным ворагам адпачынку ў сучасным свеце з’яўляецца марнаванне часу на празмерны заробак грошай. Грошы сапраўды рэч вельмі патрэбная, але толькі без фанатызму, мае дарагія. Гэта ў тым выпадку, калі грошы зарабляюцца коштам цярпення блізкіх. Гэта нешчаслівыя грошы. І не пойдуць яны на карысць. Бо значна лепш той час прысвяціць мужу, жонцы, дзецям, сям’і ўцэлым, блізкім, сябрам. А не жыць толькі дзеля таго, каб увесь час перамяняць у грошы. Бо мудры адпрачынак мае не толькі вялікі ўплыў на іншых людзей, але таксама на рэзультат працы. Чалавек адпачыўшы, здольны стварыць вакол сябе вельмі выдатную атмасферу, у якой значна лепш працуецца і вынік працы адрозніваецца ад выніку працы чалавека стомленага, якому свет нямілы.
Дарагія браты і сёстры! Каб нашая сённяшняе разважанне над адпачынкам не засталося толькі пустым словам, варта спрабаваць у найбліжэйшы час, для сябе, для сваіх блізкіх, арганізаваць пэўны час адпачынку. Няхай гэта будзе такая форма правядзення часу, якая найбольш карысная і любімая нам і нашым блізкім. Амэн
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment