Гамілія на XXI ЗН, год В
“Я ж і мой дом будзем служыць Пану!”
Дарагія браты і сёстры!
Гэтыя словы з першага чытання варта нам паўтарыць і сёння. Нам можа здавацца, што яны вельмі далёкія і сягаюць даўніной Старога Запавету, калі Езус Навін збіраў вакол сябе плямёны Ізраэля, каб ачысціць веру выбранага народу.
Але і ў сённяшні час варта прыслухацца да гэтага закліка. Можна толькі яго крыху перафразаваць, каб лепш зразумець увесь ўзнёслы і адначасова вельмі важны яго змест. Каму хочаце служыць, у што сёння хочаце верыць, ці ў Хрыста, жывучы паводле Ягонага Евангелля, ці хочаце быць паслядоўнікамі гэтага свету, і жыць так як сённяшні свет нам дыктуе.
Вось гэта менавіта той выбар, які веруючы чалавек здзяйсняе вельмі часта. Хрыстовае Евангелле, жыццё паводле запаведзяў стварае канешне пэўную схему паводзінаў, але галоўнае ў гэтым Божая любоў. Яна напаўняе сабою жыццё веруючага чалавека, таму сведкі Хрыста, вучні Хрыста не маркотныя ці панурыя, але радасныя і аптымістычныя.
Сучасны свет і яго стыль жыцця хоць і здаюцца выглядаць прывабна і прыгожа, пры гэтым адкрываючы перад чалавекам шмат зялёнага святла, аднак вельмі часта чалавек, у гэтым мностве святла пачынае проста губляецца. А любоў, якую дае яму свет у лепшым выпадку з’яўляецца толькі копіяй Божай любові і то не заўсёды удалай.
Таму, мае даражэнькія, варта аднавіць у сабе прагненне вернага служэння Пану! Ён нам дае свае абяцанні, якія дасягаюць перспектываў вечнасці. Хрыстус не абяцаў, што нам будзе лёгка ў гэтым жыцці. Наадварот – зямное жыццё - гэта сваеасаблівая пілігрымка да вечнасці, якая не пазбаўлена працы і клопату, а часам і пераследу з боку іншых. Але хто вытрывае да канца – будзе збаўлены. Па-іншаму, хто паверыць да канца і прыме навуку Божага Сына, той ужо мае ў сабе задатак вечнага жыцця. Божае слова і Эўхарыстыя – гэта дзейсныя сродкі, якія нас тут на зямлі падтрымоўваюць у пілігрымцы да вечнасці.
Так як некалі Езус Навін у Сіхеме сабраў усе плямёны Ізраэля, так усіх нас сёння збірае Хрыстус у сваім Касцёле, каб мы чарговы раз здзейснілі свой выбар, каб нашае вера была свядомым і дабравольным вызнаннем. Каб тое, што мы вымаўляем вуснамі, мы таксама прамовілі сэрцам у штодзённым жыцці. Нашая вера няможа быць абмежавана касцёльным будынкам, або часам, калі мы збіраемся на святой Імшы. Веру мы павінны вызнаваць не толькі ў нядзельнай літургіі пасля гаміліі, але ўвесь час: калі мы працуем, калі адпачываем, калі выяжджаем у падарожжа і, у кожную хвіліну свайго жыцця. Калі мы лічым сябе вернымі вучнямі Езуса Хрыста, то ў нас няма адпачынку ці канікулаў ад вызнання сваёй веры.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Вызнаваць сваю веру – гэта канешне каштуе, часам нават жыцця, калі паглядзім на жыццё хрысціянаў на Бліжнім Усходзе. Але і ў нашых рэаліях па-сапраўднаму вызнаваць сваю веру, таксама далёка няпростая справа. Нягледзячы на тое, што даўно няма камунізму, а вызнаваць веру чалавек сёння мае магчымасць, аднак гэта не значыць што сёння няма з гэтым праблемаў.
Сучасны свет сваімі тэндэнцыямі, модай, новымі прынцыпамі выстудзіў сэрца сучаснага чалавека, камунізм і ўсё з ім звязанае падпорцілі глебу чадлавечага сэрца, таму так шмат існуе абыякавасці ў плане веры. Калі хтосьці думае, што вера вымагае абавязковай рыгарычнасці у жыцці чалавека, які яе практыкуе, то гэта не зусім так. Хоць свет так далёка адыйшоў ад прынцыпаў маральнасці, што нават маленькія вымаганні Хрыстовага Евангелля здаюцца быць для яго чымсьці неверагодным, чымсці, што нібы парушае яго свабоду.
Дарагія! Навука Езуса Хрыста складана разумеецца не толькі ў сучасным свеце. Прыгледзьцеся сённяшняму Евангеллю. Тут мы бачым, што шматлікіх вучняў паглынаюць мірскія справы, а Езус ім кажа пра духоўныя: “Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём.” І шмат вучняў проста нямогуць прыняць гэтай праўды. Чаму? Бо свету яны паверылі больш чым Хрысту. Дарэчы Езус у іх пытаецца: “Ці гэта спакушае вас?” І што адбываецца? Ад гэтага часу многія вучні адыйшлі ад Езуса і больш ужо з Ім не хадзілі. Сумна, але такі лёс людзей, якія вераць у гэты свет…
Сёння Езус ставіць сваім апосталам канкрэтнае пытанне: “Ці вы таксама хочаце адысці?”, заўважце яно вельмі падобнае да закліка Езуса Навіна з першага чытання. Адказ дае апостал Пётр: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.” Вось, мае дарагія, сапраўдны адказ веруючага чалаека: Толькі Ты, Пане, маеш словы вечнага жыцця. Толькі Ты, з’яўляешся нашым збаўленнем, таму я і мой дом будзем служыць Пану. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment