Гамілія на XXIII ЗН, год В

«Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве і 

лячыў усялякую немач у людзей.»


Дарагія браты і сёстры!

На пачатку сённяшняга нядзельнага разважання хочацца ўзгадаць той момант, калі Езус, вярнуўшыся ў свой радзімы Назарэт, у дзень суботні, прачытаў у сінагозе ўрывак з кнігі прарока Ісаі і гэтым самым вельмі здзівіў сваіх землякоў.Чаму здзівіў? Паслухайце, калі ласка гэтыя словы: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую Навіну ўбогім, вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб абвясціць год ласкі Пана…”.

Хачу адзначыць, што Езус не толькі здзівіў слухачоў, якія сабраліся тады ў сінагозе і са здзіўленнем глядзелі на “харызматычнага” свайго земляка, але вельмі важна тое, што Езус абвесціў ім пачатак сваёй місіі: настаў той месіянскі час, аб якім напісана ў кнізе прарока Ісаі і не толькі ў ёй.

І вось сённяшняе першае чытанне ў пэўным сэнсе працягвае прэзентацыю місіі Езуса Хрыста: “Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш. Ён сам прыходзіць і збавіць вас. ”. І каб не быць галаслоўным далей аўтар прароцтва кажа: “Тады вочы сляпых будуць бачыць, і вушы глухіх адкрыюцца. Тады кульгавы, як алень, падскочыць, і язык нямых усклікне радасна.” Мае дарагія, цудоўным падцвярджэннем гэтага з’яўляюцца словы, якія мы сёння знаходзім ва ўрыўку Евангелля, у сцэне аздараўлення глуханямога. 

У межах Дэкаполісу, дзе ў гэты момант знаходзіўся Настаўнік з Назарэту, як апавядае сённяшні урывак Евангелля ад Марка, звярніце ўвагу, прыносяць да Езуса глуханямога і просяць, каб яго аздаравіў. Тут Евангеліст кажа аб веры шматлікай колькасці людзей, магчыма гэта родныя і блізкія тога хворага чалавека. 

Затым адбываецца наступнае: Езус адводзіць глуханямога ад шэрагу іншых людзей, магчыма, каб пераканацца ў яго асабістай веры. І калі Езус, зрабіўшы пэўныя жэсты уздыхнуў і прамовіў Эффата, адбылося проста штосьці неверагоднае: чалавек, які дагэтуль нічога не чуў і як вынік гэтага нямог размаўляць, у адно імгненне пачаў гаварыць выразна. Ці не адбіліся рэхам у гэтым цудзе словы сённяшняга першага чытання: “вушы глухіх адкрыюцца і язык нямых усклікне радасна.”

Мае даражэнькія! Вось практычна пачалі здзяйсняцца словы Езуса, якімі Ён аб’явіў волю свайго Айца. Дух Пана на Мне! Збыліся словы, якія прагучалі толькі што тут – скажа сваім землякам Езус і ў хуткім часе адбудзецца шмат практычнага доказу у разнастайных цудах і аздараўленнях. Таму што прыходзячы на гэты свает Езус прыносіць нам свабоду: свабоду ад граху і адначасова свабоду да Божай ласкі. “Я прыйшоў абвесціць год ласкі Пана!” Па-іншаму Езус кажа, што скончыліся ўсялякія падзелы, цемра безнадзейнасці знікла і настаў час збаўлення. Таму ў Езусе Хрысце мы маем сапраўдную свабоду. Адзінае, што нам зараз патрэбна – гэта практыка веры, гэта ўмелае карыстанне з часу ласкі Пана.

Божае слова, якое мы чуем сёння, асабліва падкрэслівае важнасць у імкненні быць міласэрным, справядлівым, чыніць дабро іншым людзям, іншымі словамі пазбывацца маладушнасці. “Скажыце маладушным: Будзьце адважнымі! Не бойцеся! Вось Бог ваш!” Па-іншаму: Не будзьце ж маладушнымі! Дазвольце Божай ласцы пашырыць межы вашага сэрца!

Дарагія, гэты заклік з першага чытання, таксама звернуты і да нас сучасных людзей. Таму што так часта нашае сэрца становіцца абыякавым не толькі да іншых людзей, але нават да саміх сябе. Як жа часта мы забываем пра тое, аб чым некалі пісаў апостал Якуб: вера без учынкаў мёртвая. Значна прасцей у сучасным свеце быць веруючым тэарэтыкам, а не практыкам, бо практыка шмат ад нас патрабуе. Яна нас як бы прымушае адкрыцца, выйсці з уласнага кокану, у які мы вельмі часта трапляем у выніку свайго эгаізму і маладушнасці.

Ці здольныя мы сёння, у дваццаць першым стагоддзі годна называцца "хрыстовымі вучнямі сучаснасці"? Гэта не рытарычнае пытанне. Ад адказу на яго шмат што залежыць. Я мяркую што можам... Толькі нам самім з рознага роду перашкодамі ўласнымі сіламі не справіцца. Патрэбныя аднадумцы, патрэбны той, хто таксама падзяляе наш ідэал і да яго імкнецца, патрэбны ўрэшце чалавек, які да нас адносіцца не абыякава, які здольны аказаць міласэрнасць.

Паглядзіце штосьці падобнае як з тым глуханямым чалавекам. Аднаму яму было б цяжка прыйсці да Пана. Можа не было гэта чымсьці немагчымым, аднак сваімі сіламі было б гэта вельмі складана і таму яго прыносяць да Езуса іншыя блізкія для яго людзі. Гэтым самым яны яму дапамагаюць. У нейкім сэнсе тыя людзі разам з Езусам Хрыстом чыняць цуд аздараўлення, усе разам з хворым чалавекам уключна. Бо ў іх ёсць вера, якую яны рэалізуюць практычна. Мяркую кожнаму з нас ёсць чаму павучыцца ад тых людзей.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Магчыма і сёння нам патрэбныя такія людзі, якія будуць гатовыя аказаць міласэрнасць іншым, дапамагчы ў больш ці менш складанай сітуацыі, людзі, якія гатовыя знайсці такога “глуханямога” і прынесці яго да Езуса. І вельмі добра, каб кожны з нас мог апынуцца сярод такіх ахвочых людзей міласэрнасці, каб дапамагчы Езусу Хрысту і сёння абвяшчаць год ласкі Пана: тут і цяпер. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В