Гамілія на XXIV ЗН, год В
"Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго."
Дарагія браты і сёстры!
Як кажа добра вядомая ўсім прымаўка: “Словы павучаюць а прыклад заахвочвае.” З гэтага вынікае што як адно, так і другое вельмі важнае: спачатку трэба пачуць, а потым – выканаць.
Паглядзіце як гэта адбываецца ў чалавечым жыцці. Возьмем за прыклад малое дзіця. Яно ўважліва назірае за дарослымі, вучыцца гаварыць, пачынае капіраваць пэўныя жэсты ці паводзіны бацькоў, па-іншаму з часам дзіця развіваецца. І гэтае развіццё звязана перадусім з тым, што дзіця чуе ад бацькоў і што бачыць з іх канкрэтных паводзінаў. Дзіця бачыць, слухае і як вынік усяго гэтага - наследуе. Значыць наследванне мае вельмі вялікае значэнне ў нашым жыцці, можа нават большае, чым мы сабе ўяўляем.
Як было калісьці так ёсць і зараз: у сваім жыцці мы можам убачыць розныя прыклады або антыпрыклады. Вельмі важна, каб на сваім жыццёвым шляху мы маглі сустрэць добрыя прыклады і добры ўзор паводзінаў, каб дабро, якое мы здольныя ўбачыць у іншых людзях, натхняла нас да гарманічнага развіцця нашай асобы. Гэта датычыць усіх сфер нашай чалавечай дзейнасці.
Дарагія! Мы таксама можам быць добрым узорам для іншых людзей, бо сапраўдныя вартасці, якія мы прадстаўляем, маюць вялікі ўплыў на іншых людзей. Магчыма мы здольныя, каб і нас у чымсьці добрым наследвалі.
Ёсць адна легенда, якая апавядае аб святым Францішку з Асізі. Пайшоў ён калісьці ў нейкай справе да султана, які быў мусульманінам. І калі султан, паразмаўляўшы з ім, даў пазітыўны адказ, то гледзячы на простага пакорнага манаха сказаў яму ў след, калі той знойдзе яшчэ некалькі веруючых хрысціянаў такіх як ён сам, то султан і яго дваране прымуць хрысціянства.
Мае дарагія! Прыклад жыцця, асабліва жыцця веры вельмі важны для чалавека. Эталонам гэтага прыкладу для кожнага з нас з’яўляецца жыццё Езуса Хрыста, жыццё Яго Маці, жыццё святых, якія дайшлі да Бога менавіта наследуючы Хрыста. Аднак кожнаму з нас таксама трэба на меру сваіх магчымасцяў станавіцца прыкладам для іншых. Прыкладам да наследвання. Гэта ёсць важным заданнем кожнага веруючага хрысціяніна.
Ведаеце, сучасны свет не любіць павучэнняў. Чаму? Бо ён энцыклапедычны або “прагуглены” і ” ўсё ведае”. Можа так яно і ёсць, але аднаго ведання мала. Адна справа гэта веды, другая - мудрае выкарыстанне гэтых ведаў. Толку з такіх ведаў, калі чалавек іх не выкарыстоўвае. Які скажыце мне сэнс з таго аб чым мы ведаем як нельга паступаць, а ўсё роўна паступаем. Праз такога роду сучасную “прагугленасць” мы можам згубіць адвечныя каштоўнасці, палічыць іх устарэлымі і пакласці іх на паліцу са сваімі іншымі энцыклапедычнымі дадзенымі. А вось гэта бяда.
Божыя Запаведзі, уменне прабачаць, быць ахвярным і міласэрным – гэта тое багацце, якім так часта пагарджае сучасны свет. Значна лепш і прасцей сучаснаму чалавеку наследваць бессаромную моду, непрыстойныя паводзіны, чым наследваць вартасці якія паказвае Езус.
Мы можам падумаць што хрысціянскія вартасці ў чымсьці могуць нас абмежаваць. Наадварот, яны не абмяжоўваюць, але ўпрыгожваюць чалавечую асобу, напаўняюць яе зместам, дапамагаюць нам больш шырэй глядзець на свет, а менавіта становяцца для нас перспектываю вечнага жыцця.
Дарагія! Езус Хрыстус заклікае нас да наследвання, даючы нам канкрэтны евангельскі ўзор жыцця. Ён запрашае кожнага веруючага, кожнага з нас, каб мы адказалі на Яго заклік, каб не заставаліся раўнадушнымі да Яго словаў, каб мы маглі выбраць Езуса як свайго Настаўніка, як таго, хто паказвае шлях і накірунак гэтага зямнога жыцця. “Хто не бярэ крыж свой і не ідзе за Мною, няварты называцца вучнем маім” і г.д.
Звярніце ўвагу на тое, што ў коле вучняў Езуса не было эрудытаў ці інтэлігентаў, такіх хоць бы якія былі сярод фарысеяў ды кніжнікаў. Вучні Езуса былі простымі людзьмі, значная частка якіх была самымі звычайнымі рыбакамі. Езус, як бачым, не імкнуўся развіць інтэлектуальныя здольнасці сваіх вучняў. Ён стараўся адукаваць іх сэрцы. А гэта можна было зрабіць толькі праз прыклад уласнага жыцця, прыклад да наследванне. Калі прадмет наследванне вядзе да шчасця, тады значна лягчэй ісці шляхам такога наследвання.
На сённяшні момант мы можам заўважыць мноства розных шляхоў, розных героеў, якіх людзі імкнуцца наследваць. Самае важнае гэта не згубіцца ў гэтым мностве, каб не заблукаць на гэтых шляхах. І таксама няменш важна разабрацца куды які шлях вядзе. Адзіным выйсцем з гэтай складанай сітуацыі, каб канчаткова не згубіцца ва ўсім гэтым мностве “прыкладаў ды ўзораў” варта наблізіцца да Езуса, каб бачучы Яго жыццё, мець у сабе сілы і жаданне Яго наследваць.
Бо наследуючы Яго мы фарміруем нашыя сэрцы на ўзор Ягонага сэрца. І Ён, Езус, калі мы па-сапраўднаму Яму даверымся і пачнем жыць паводле Ягоных словаў, прывядзе нас да свабоды, праўды, любові і шчасця. Хоць шлях да гэтага не будзе лёгкім.
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Кожнаму з нас варта задаць сабе пытанне: паводле якога ўзору мы будуем сваё жыццё або які ідэал мы імкнемся наследваць у сваім жыцці? А каб паспяхова адказаць на пастаўленыя пытанні добра было б паглядзець на сябе і свае паводзіны з боку. Ці вынікаюць яны з наследвання Езуса Хрыста, ці з наследвання кагосьці іншага. І не хопіць нам толькі слухаць прыгожыя навукі Божага Сына, якія мы чуем у Евангеллі, яшчэ трэба мець у сабе адвагу фарміраваць сваё жыццё абапіраючыся на ўзор, які кожны з нас мае ў Езусе Хрысце. Бо словы нас павучаюць, а прыклад заахвочвае да наследвання. “Сучасны свет больш патрабуе сведкаў чым настаўнікаў, а калі нават і патрабуе настаўнікаў, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі.” Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment