Гамілія на ХХХ ЗН, год В

”Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною”

Дарагія браты і сёстры! 

Гэты заклік, які мы чуем у сённяшнім Евангеллі поўны надзеі, бо з’яўляецца просьбай, з якой бедны чалавек звяртаецца да Збавіцеля, просячы аб аздараўленні. Нам таксама трэба наследваць гэтую малітву сэрца, каб Езус Хрыстус аздаравіў нас ад духоўнай слепаты, ад якой мы так часта церпім, а разам з намі іншыя.

Каб наследваць гэтую малітву, варта яшчэ раз прыгледзіцца асобе сляпога жабрака. Спачатку нам трэба ўвайсці ў стан душы гэтага чалавека, паставіць сябе на яго месца, бо з пункту гледжання чалавека задаволенага жыццём, нельга адчуць тую неабходнасць, той крык душы, тую малітву поўную веры, з якой звярнуўся да Езуса сляпы жабрак.

Як любы іншы сляпы жабрак, сын Тэмэя быў пазбаўлены усяго: спачатку зроку, а з гэтага ўжо вынікала іншая бяда: недахоп сродкаў на жыццё, але разам з гэтым і недахоп чалавечага разумення і літасці. Асаблівай зычлівасцю тады людзі не адрозніваліся, бо нават сёння чуем, як сярод натоўпу раздаюцца воклічы, якімі хочуць суцішыць крык сэрца гэтага сляпога чалавека. Паглядзіце: калі ён кліча Езуса, многія загадваюць яму замоўкнуць. Дзе тут зычлівасць людзей, імкненне дапамагчы чалавеку ў яго бядзе? Па волі лёсу Бартымэй быў вымушаны жабраваць, бачыць толькі цемру, адчуваць насмешкі іншых, або літасць тых, хто яго бачыў і быў у стане паспачуваць яму. Напэўна гэта нялёгкі досвед і ніхто з нас не хацеў бы апынуцца на месцы таго жабрака.

Але насамрэч мы вельмі часта становімся падобнымі да яго. Калі мы губляем духоўны зрок, які нам дае асвячальная ласка, то становімся сляпымі жабракамі. Шмат каго з сучасных людзей ахоплівае ўнутраная цемра душы: сумніўная ідэалогія, рэклама, фальш або няпраўда, засляпенне ў выніку граху; а таксама роспач, нянавісць, пажадлівасць і г.д. Усё гэта спрычыняецца да таго, што у сваёй душы мы становімся сляпымі. Вось тады існуе істотнае падабенства нас да сённяшняга Бартымея.

Самае горшае ва ўсім гэтым гэта тое, што вельмі часта нашая духоўная цемра можа прывесці нас да роспачы або безнадзейнасці, ці падштурхнуць да той ці іншай залежнасці: тытунь, алкаголь, наркотыкі… Гэта вельмі часта вынікі духоўнай слепаты і нежадання яе пазбавіцца. Вось тут варта наследваць сляпога Бартымея, няхай з нашага сэрца раздаецца вокліч: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною!»

Бо нерухомае седжанне на дарозе свайго жыцця, жыццёвая пасіўнасць -ніколі да дабра не давядуць. Што можа змяніцца ў маім жыцці, калі мая бяздзейнасць прымушае мяне жабраваць: замест таго, каб мне самому рашаць за сябе, я з працягнутай рукой чакаю поўнай дапамогі з боку іншых, каб яны ўсё за мяне вырашылі, а мне добра так як ёсць. Сяджу і далей жабрую. 

Чамусьці нам не хапае адвагі стаць на ногі, каб быць самастойнымі, пачаць думаць як адказныя дарослыя людзі, рашаць таксама за сябе, не лічачы, што за нас зробіць гэта нехта іншы. І хто ведае ці сітуацыя Бартымэяў 21 стагоддзя не з’яўляецца больш складанай за тую, з сённяшняга Евангелля?

У сваёй безнадзейнай сітуацыі Бартымэй аднойчы пачуў, што побач праходзіць Хрыстус. Напэўна ён калісьці чуў пра яго, верыў, што Настаўнік з Назарэта мае моц яго аздаравіць і зараз настаў той выдатны момант, калі яго надзея можа рэалізавацца. Ён пачынае крычаць з усіх сілаў, каб Езус пачуу яго. 

А ўявіце сабе, калі мы заблукалі зімою ў лесе, дзе падае снег і дзьме моцны вецер. Мы пачынаем клікаць на дапамогу: ад таго ці нас пачуюць ці не, залежыць нашае жыццё. Менавіта так трэба маліцца: з такой руплівасцю і надзеяй, як бы ад гэтага залежыла нашае жыццё. Таму Бартымэй пачаў моцна крычаць, бо фактычна ад гэтага залежыла яго жыццё.

Вокліч гэты быў адначасова вызнаннем веры ў Езуса – Месію. Аднак не ўсім такое гучнае вызнанне веры падабалася: шмат хто з натоўпу быў абураны смелымі паводзінамі жабрака. Можа справа была ў тым, што для некаторых гучны крык Бартымэя быў крыкам іх уласнага сумлення, якое яны хацелі заглушыць, можа быў нейкі непакой у выніку іх слабой веры, цяжка сказаць, што менавіта палохала іншых. Адно яны жадалі, каб Бартымэй хуценька замоўк і не парушаў ідэальнага спакою, пануючага сярод людзей, якія крочылі з Езусам. 

Але калі камусьці залежыць на тым, каб жыць, а не каб існаваць, каб мець жыццё ў поўні; калі хтосьці ведае, што толькі Хрыстус можа даць паўнату жыцця, то насамрэч меркаванні іншых палохаць нас не будуць, а тым больш стрымліваць. Гэта ў нейкім сэнсе добрая праверка нашай веры: ці лепш сядзець ціха і нічога не рабіць, ці ісці за голасам веры напралом. 

Дарагія! Бартымэй зрабіў свой выбар, ён не дазволіў, каб яго суцішыў натоўп, але давяраючы Богу усё сваё жыццё, паўтарыў перад Ім тую адзіную просьбу з якой увесь час звяртаўся гучным голасам: Настаўнік, хачу зноў бачыць! Звярнуўся да Езуса і не памыліўся, бо Ён выслухаў просьбу сляпога жабрака: ідзі –адказаў яму -твая вера вылечыла цябе. Так як выслухаў Езус просьбу Бартымэя, выслухае таксама і нашую просьбу, калі прасіць будзем з цярплівасцю і верай.

Дарагія браты і сёстры! Як мы бачым прыклад гэтага аздароўленага чалавека, сына Тымэя вучыць нас змагацца з грахом і спадзявацца на Езуса, не гледзячы на абставіны. Можа хтосьці ці штосці і хацелі б суцішыць голас нашай веры, але нам гэтага дапусціць нельга. Прыклад з Евангелля паказвае нам сёння наколькі важна, нават здаецца ў безвыхаднай сітуацыі даверыцца Збавіцелю і сказаць ад сэрца: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною.”Амэн.











Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В