Гамілія на XXIX ЗН, год В

“Хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.”

Дарагія браты і сёстры! 

У сённяшнім нядзельным Евангеллі мы становімся сведкамі незвычайнай просьбы “сыноў грома”, так называў Езус апосталаў Якуба і Яна. Іх просьба датычыла будучыні і заключалася ў атрыманні ад Езуса месца ў Яго хвале: аднаму з правага боку, другому – з левага. Як бачым дзіцячае пытанне, якое нарабіла шмат шуму у коле апосталаў.

Гэтая просьба не была чымсьці новым для Езуса, бо Ён добра ведаў сваіх вучняў, але напэўна гэтае пытанне Яго вельмі здзівіла, прымусіла задумацца, каб даць адпаведна ўласцівы адказ. Таму пасля невялікай паўзы Езус кажа, што яны не ведаюць аб чым просяць. На гэтае пытанне Езус адказвае апосталам, што не да Яго, Езуса, прынамсі тут і цяпер, належыць даць ім месца з правага і левага боку. Але атрымаюць гэтае месца тыя, для каго яно падрыхтавана. 

Кажучы іншымі словамі Настаўнік з Назарэту дае да зразумення сваім вучням, што іх просьба не зусім карэктная і не можа быць выслухана. Гэтая просьба змяшчае ў сабе празмерны эгаізм і нездаровыя амбіцыі, што у сваю чаргу прыводзіць да жадання ўзвысіцца, а просьбы такога зместу Бог не выслухоўвае. Няма ў гэтым братняй любові, але толькі дагаджэння самому сабе. Тым больш, што ў выпадку апосталаў Якуба і Яна - гэта была не столькі просьба колькі жаданне, прымус Настаўніка ў нейкім сэнсе, каб за ўсялякі кошт выканаў для іх тое, што яны хочуць. Гэта быў сваеасаблівы дзіцячы капрыз апосталаў. 

Ведаеце, мае дарагія, падобная гісторыя нярэдка паўтараецца і ў наш час. Шмат хто прыходзіць да Бога не з просьбай, але з жаданнем. Шмат хто прымушае Бога выканаць тое ці іншае. Шмат хто робіць прэтэнзіі Богу: чаму так, а не інакш. Бывае так, што чалавек, прыходзячы ў касцёл маліцца і прасіць чагосьці ў Бога, паводзіць сябе не як у касцёле, а напрыклад, як у рэстаране, або кафэшцы. Там звычайна не столькі просяць афіцыянта, колькі яму загадваюць: прынесці заказ, абслужыць той ці іншы столік... 

Афіцыянт мае абавязак выканаць просьбу, бо гэта яго праца, а кліент мае права патрабаваць. Але нельга, мае дарагія, такім чынам трактаваць Бога. Ён не афіцыянт, якому можна рабіць прэтэнзіі ці заўвагі. Гэта Ён, Бог спакойна можа нас трактаваць як афіцыянтаў, але нават Ён, маючы на гэта права, так не робіць. 

З Евангелля можам даведацца, што Бог з пашанай і любоўю ставіцца да кожнага чалавека, ніколі не адносіцца да яго як да хлопчыка на пабягушках, хоць заўважце мае поўнае права так да чалавека адносіцца. 

Бывае, што нам хочацца звесці Бога да ўзроўня свайго слугі. Нам можа здавацца, што чым больш мы нечага загадваем, тым больш мы важныя. Чым больш маем падуладных, на тым большую пашану заслугоўваем. А ці так гэта насамрэч?

Чалавек ніколі не будзе сябе добра адчуваць, калі будзе рэалізоўваць сваё жыццё карыстаючыся вышэй узгаданым прынцыпам “Я вялікі, калі мне служаць іншыя”. Сапраўдная веліч умее займаць уласцівае месца. Кожны з нас мае падрыхтаванае Богам месца як на зямлі так і ў небе. І гэтае другое месца у небе залежыць ад таго як мы рэалізоўваем нашае першае – на зямлі. 

Калі мы здольныя прыняць з радасцю і рэалізаваць нашае жыццё так як хоча Бог, то і ў будучым жыцці мы будзем сябе адчуваць упоўні шчаслівымі. Каму не адпавядае месца, якое ён займае на зямлі у плане таго, што яно вельмі простае, малое, скромнае, а хочацца чагосьці большага, узвышанага, важнага, то атрымаецца так мае дарагія, што не будзем шчаслівымі ні тут, не там.

Як жа часта, менавіта нам, Езус можа сказаць: не ведаеш аб чым просіш. Бо нярэдка нашая малітва падобная да просьбы апосталаў з сённяшняга Евангелля. Мы хочам, каб Бог выконваў нашу волю, хочам Яго прымусіць, каб сваю волю дапасаваў да волі нашай. Толькі які ў гэтым сэнс?

Бог для нас з’яўляецца мудрасцю, якая схіляецца набліжаючыся да нас з любові. Для нас вельмі важна адкрыць паставу даверлівага дзіцяці, якое свядомае любові свайго айца і перакананае ў тым, што ён айцец, лепш ведае, што для нас з’яўляецца добрым. Вось гэтай праўдзе сёння нас вучыць Езус.

Дарагія! Можа ў нашым сэрцы існуе шмат розных просьбаў і прагненняў, але вельмі важна, каб мы яшчэ імкнуліся распазнаць, якія просьбы для нас насамрэч патрэбныя і карысныя, а якія – проста просьбы, або нават сваеасаблівыя капрызы. Напэўна будзе добрай справай, калі мы ў малітве да сваіх просьбаў далучым вельмі важныя словы, у якіх праяўляецца наш давер да Бога і нашая перад Ім пакора, а менавіта: “не мая, але Твая воля няхай станецца!” Калі гэтыя словы будуць прамоўлены сэрцам, то можам быць пэўнымі, дар мудрасці мы атрымалі, а разам з ім атрымаем і іншыя дары, якімі ўзбагацім сваю душу і дапаможам іншым. 

Дарагія браты і сёстры! Вельмі важна быць пакорным і цярплівым, бо тады я здольны прыняць усё тое, што дае мне Бог. Адносна пакоры вельмі добра некалі сказаў святы Аўгусцін: ”Дзе пакора там і веліч”. Таму, працягваючы ягоную думку можам сказаць, што сапраўдная веліч заключаецца ва ўменні быць пакорным. Вось якога дару не хапіла сёння “сынам грома”, яны веліч бачылі па-людску, а на самой справе ўсё значна прасцей, сапраўдная веліч заключаецца ў пакоры і ў служэнні бліжнім з любові. Гэта сёння кожнаму з нас хоча сказаць Езус. Амэн.




Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В