Гамілія на XXVIII ЗН, год В

Дарагія браты і сёстры!

Сучаснаму чалавеку, як зрэшты і чалавеку мінулага, уласціва ўкладанне жыцця паводле пэўных шаблонаў ці ўзораў. Як мы можам заўважыць, такія шаблоны прысутныя ва ўсіх сферах чалавечага жыцця: ёсць яны ў моднай вопратцы, у паводзінах чалавека, у культуры і этыкеце і, канешне, у рэлігійным жыцці таксама. 

Напрыклад, калі паглядзець на імідж, знешні выгляд чалавека ў кантэксце гісторыі, то без вялікай цяжкасці мы можам адрозніць чалавека сярэднявечча ад чалавека эпохі рэнесансу і ў сваю чаргу на фоне іх з лёгкасцю — чалавека нашага часу. 

Так званыя шаблоны ствараюць пэўны парадак у жыцці чалавека, будуюць яго светапогляд, фармуюць меркаванне і густ. І ўсё гэта вельмі добра. Аднак ёсць і адваротны бок гэтага медаля. Заключаецца ён ў пэўным фармалізме, у які трапляе чалавек і гэты фармалізм можа пазбавіць яго істотнага зместу, які ўкладваўся ў рамкі тых ці іншых паводзінаў чалавека.

Дарагія! Давайце ўзгадаем сённяшні ўрывак Евангелля. Малады чалавек прыходзіць да Езуса і ўпаўшы перад Ім на калені ставіць хвалюючае пытанне: «Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?» Вельмі сур'ёзнае пытанне ставіць Езусу гэты малады чалавек,

Як бачым у гэтым юнаку заключаецца класічны вобраз жыцця паводле пэўнага ўзору. І гэтым узорам з'яўляецца выкананне запаведзяў. Па-іншаму можам сказаць, што ў жыцці юнака ёсць узнёслы шаблон рэлігійнага жыцця, які фармуе не толькі яго паводзіны, але цалкам мае ўплыў на ўсе сферы ягонага жыцця. І гэты ўзор паводзінаў юнак практыкуе ўжо вельмі даўно. Езус кажа яму, што адказ на тваё хвалюючае пытанне ёсць і заключаецца ў выкананні запаведзяў: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.

Гэты адказ Настаўніка з Назарэту ні сколькі не здзівіў юнака, бо ўсё гэта ён захоўваў з маладосці сваёй. Ягонае жыццё базавалася на верным і дакладным выкананні права Маісея і Божых запаведзяў. Але ўсцяж чагосьці юнаку не хапала. Здаецца ён рабіў усё як трэба, паводле традыцыі бацькоў, у якой выхоўваўся. Але ў душы юнака было штосьці, што  зараз нарадзіла пытанне, якое ён адрасаваў Езусу. Бо ведаў, што гэта чалавек мудры, славуты, незвычайны, і што самае важнае - у Яго можна знайсці адказ на гэтае набалелае пытанне. 

З боку Езуса бачым зацікаўленасць гэтым чалавекам. І хоць на пачатку Езус дае яму вельмі просты агульны адказ, то калі прыглядзеўся да яго бліжэй, то заўважыў сутнасць праблемы і прычыну ўзнікнення дадзенага пытання. І вось тады Езус кажа юнаку словы, якія той напэўна ніяк не чакаў. Гэтыя словы, кажучы сучаснай мовай проста абламалі юнака: «Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.»

Вельмі канкрэтны адказ, які ставіць кропку у вырашэнні дадзенага пытання. Але ёсць адно але: юнак адыходзіць моўчкі засмучаны і як далей працягвае Евангелле - бо ў яго была вялікая маёмасць. На самой справе, дарагія браты і сёстры, апрача гэтага яшчэ мінімум дзьве вельмі сур'ёзныя праблемы можна заўважыць у гэтым маладым чалавеку. 

Па-першае юнак, які верна выконваў прадпісанні Права і Божыя запаведзі ад сваёй маладосці, у пэўны момант згубіў тое, што істотна ў іх практыкаванні. Магчыма апошнім часам юнак выконваў запаведзі толькі дзеля таго, каб іх выконваць, а істотны, укладзены Богам змест, юнак ужо не заўважаў. Можам сказаць, што гэты хлопец трапіў у пэўнага роду фармалізм.

Па-другое практыкаванне запаведзяў і гэты фармалізм прыводзяць да таго, што юнак пачынае падманваць самога сябе. Праз паспяховы фармалізм ён дагаджае  самалюбству і хутчэй за ўсё юнак чакае пахвалы ад Езуса Хрыста. З аднаго боку практыкаванне запаведзяў яго радуе з іншага непакоіць. Таму вялікая верагоднасць таго, што гэты малады чалавек чакаў салодкіх дыфірамбаў у свой гонар: які ты малайчына, што гэтыя запаведзі выконваеш! Так і надалей рабі і атрымаеш у спадчыну жыццё вечнае. Такіх ці падобных словаў спадзяваўся наш малады чалавек, а пачуў тое, што датычыла ягонай трэцяй праблемы, а менавіта: празмернай прывязанасці да маёмасці. Гэта была свайго роду хвароба.

Напэўна маёмасці ў яго было шмат і гэта прывяло да таго, што ён ніяк не мог з ёй растацца, магчыма, што яна не была яму патрэбнай, але ён і ўявіць сабе нямог, каб жыць без падобных матэрыяльных дабротаў. Вось менавіта яны сталі прычынай яго духоўнай прыгнечанасці і корнем усіх ягоных праблемаў. Езус гэта адразу заўважыў і даў вельмі простую параду, дзякуючы якой, той юнак мог бы атрымаць унутраную свабоду і без праблемаў змог бы напоўніць зместам практыкаванне сваёй рэлігійнасці, а таксама стаць у праўдзе перад самім сабою, перад іншымі людзьмі і перад Богам.

Нажаль празмерная залежнасць не дазволіла юнаку зрабіць правільны выбар. І хоць адказ на сваё пытанне ён пачуў, нічога істотна не змянілася ў жыцці юнака.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Сённяшні ўрывак Евангелля - гэта наглядная перасцярога для нас, асабліва для нашага рэлігійнага жыцця. Езус нас заклікае да святасці і дасканаласці. Заклік Хрыста вельмі адказны для нас, можа нас часамі і палохаюць цяжкасці на шляху рэалізацыі гэтага Хрыстовага закліка. Вось паглядзіце, у сённяшнім Евангеллі, апосталы, якія былі сведкамі размовы Хрыста з багатым юнаком здзівіліся, калі той адыйшоў маркотны, хоць здаецца і атрымаў адказ на сваё пытанне. Таму яны запыталіся ў Езуса: Хто ж можа збавіцца?

Езус хоць і крытыкуе багатых, але не сцвярджае, што беднасць - гэта аўтаматычная спадчына вечнага жыцця, а багацце — вечная пагібель. Не. Езус кажа, што паколькі матэрыяльнае багацце адкрывае перад чалавекам шмат перспектываў і шляхоў, то беднасць больш выразна паказвае той шлях, які можа прывесці да мэты, каб мець скарб у небе. Таму тое, што немагчыма ў людзей магчыма ў Бога.

Дарагія! Сёння Езус звяртаецца і да нашых сэрцаў, падобна як да юнака з сённяшняга Евангелля. Глядзіць на нас не з асуджэннем, але са зразуменнем і замілаваннем. Збаўца жадае, каб мы, жывучы паводле Евангелля і выконваючы верна Божыя запаведзі, ніколі не згубілі з вачэй істоты, а менавіта любові, якую ўклаў у іх Бог, каб мы станавіліся ў праўдзе перад самім сабою, перад бліжнімі і перад Богам, і каб былі свабоднымі ад ўсялякага роду залежнасцяў. Тады мы зможам прыняць заклік Збаўцы Езуса Хрыста, калі пачуем у глыбіні свайго сэрца такія ці падобныя словы: «Ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.» Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на VII ВН,год В