Гамілія на ўрачыстасць Хрыста Валадара

"Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства."

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя ўрачыстасць Хрыста Валадара адкрывае нам Ягонае аблічча на прыканцы вякоў, калі Хрыстус прыдзе з анёламі ў славе сваёй, каб судзіць жывых і памерлых.

Але Хрыстус з'яўляецца валадаром не толькі будучага свету. Ён - Валадар нашых сэрцаў тут і цяпер. У Евангеллі мы чуем просьбу звернутую да Хрыста, аднаго са злачынцаў, які перажыў навятранне. Перад гэтым ён папракае іншага злачынцу ў тым, што ён няслушна выказваецца ў бок паміраючага Езуса, а потым звяртаецца са словамі мальбы: "Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства!" Езус выслухоўвае ягоную просьбу і з апошніх сілаў прамаўляе ўзрушаючыя словы: "Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі." Па-іншаму Я забіраю Цябе сёння ў сваё Валадарства - кажа яму Хрыстус.

Дарагія! Ведаеце, кожны хрысціянін мае над сабою дзве ўлады: як грамадзянін, ён падпарадкоўваецца ўладзе краіны ў якой жыве, а як чалавек ахрышчаны падлягае ўладзе Касцёла. У асобных выпадках здараецца так, што рашэнне адной улады супярэчыць рашэнню другой, а чалавек павінен выбраць штосьці адно. І у сітуацыях, дзе нельга пайсці на кампраміс, вельмі цяжка зрабіць канкрэтны адказны крок.

Таму ў такіх канфліктных сітуацыях, каб выбар здзейсніць беспамылкова, існуе толькі адно выйсце, каб рашэнне было слушным і справядлівым. Трэба ўзяць пад увагу трэцюю ўладу. Бо насамрэч апрача грамадскай і рэлігійнай улады, існуе Бог і Яноная ўлада. І толькі Яго вымаганні і права па-сапраўднаму слушныя і справядлівыя. Бог выконвае ўладу ў імя праўды.

Кожны, хто прымае рашэнне ў імя праўды, заўсёды паступае слушна, нягледзячы на тое, ці яго непасрэдная улада – свецкая ці рэлігійная- вырашыць пакараць яго ці ўзнагародзіць.

Паглядзіце, дарагія браты і сёстры! Хрыстус таксама меў над сабою тры ўлады. Грамадскую ўладу прадстаўляў у Галілеі- Ірад, у Юдэі- Пілат, а далёка ў Рыме - Тыберый. Другая ўлада рэлігійная і яе прадстаўнікамі былі У Ерузалеме Каяфа з Сінедрыёнам. І калі Езус з гэтымі ўладамі меў канфлікт, абедзьве гэтыя ўлады падпісалі Езусу смяротны прысуд. Аднак Езус даканца застаўся верны свайму Айцу. Чаму? Бо толькі гэтая ўлада заўсёды верная і справядлівая.

Умілаваныя! Вернасць праўдзе заўсёды чыніць чалавека ўнутранна свабодным ад усялякай зямной улады, бо праўда пераўзыходзіць усякую зямную ўладу. Бо толькі праўда можа насамрэч асуджаць або мілаваць, прысуджваць пакаранне або ад яго вызваляць. Калі б Каяфа і Пілат апраўдалі Хрыста, то ўмацавалі б сваю ўладу і ўзвысілі яе аўтарытэт. Паколькі яны гэтага не зрабілі, выдалі на Езуса несправядлівы прысуд, то сама праўда вякамі абвінавачвае іх і будзе надалей вінаваціць у вечнасці.

Кожная ўлада ведае, што аб вартасцях яе падуладных сведчыць узровень таго, наколькі гэтыя ж падуладныя любяць праўду. Ведае пра гэта нават тады, калі за абвяшчэнне праўды, якая ёй перашкаджае, яна нішчыць падуладнага. І нягледзячы ні на што, вернасць падуладных праўдзе заўсёды знаходзіцца ў інтарэсе ўлады.

Вельмі часта кажуць, што ўлада мае ўплыў на падуладных, забываючы, што і яны падуладныя, маюць таксама на ўладу свой ўплыў. А іх вернасць праўдзе ў стане так падзейнічаць на людзей, якія маюць нейкую ўладу, каб і ўладары лічыліся з праўдаю. Вядомая рэч, што адзін ў полі не войн і таму адзінкі верных у праўдзе можна ігнараваць, але групы людзей, якія паважаюць і жывуць паводле праўды нельга не заўважыць і да іх не прыслухацца. Такія людзі становяцца голасам сумлення ў грамадстве.

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Варта нам заўважыць, што Хрыстус не заклікае ані Пілата, ані Каяфу да вернасці праўдзе. Адзінае Ён вызнае перад імі робячы пры гэтым націск на тое, што Ён застанецца верным праўдзе, нават калі заплаціць за яе цаною свайго жыцця. “Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой.”

Таксама, чытаючы Евангелле мы не знойдзем ні адзінага выказвання Езуса, у якім Ён прапанаваў бы змену грамадскай або рэлігійнай ўлады. Езус ніколі не выступаў з заклікам рэвалюцыі, хоць гэтага закліку многія чакалі. Сваёй паставай вернасці праўдзе Езус паўплываў на тых людзей, якія мелі ўладу, паўплываў шляхам асабістага умілавання праўды. Сваёй паставай Езус прымусіў абудзіць сумленні многіх, а таксама стаў накірункам да шацунку і вернасці праўдзе.

Дарагія! Пілат і Каяфа мелі самага каштоўнага падуладнага, які толькі мог быць на зямлі. А паколькі яны здрадзілі праўду, то выдалі Езуса на смерць. Але па-сапраўднаму гэта праўда выдала на іх прысуд. Там дзе праўда парушаецца, там справа яшчэ канчаткова не закрыта, нават у такім выпадку, калі абаронца праўды губляе сваё жыццё. Бо астатняе слова належыць не да ўлады, але да праўды.

Езус Хрыстус Валадар Сусвету – кіруе светам у імя любові, судзіць свет у імя праўды. Таму Ён і толькі Ён з’яўляецца адзіным, справядлівым Уладаром Свету, які вучыць кожнага з нас быць верным праўдзе. Калі мы гэта прызнаем, калі у сваім жыцці будзем імкнуцца быць вернымі праўдзе, то Хрыстус будзе Валадаром нашага сэрца і мы таксама пачуем Ягоны голас. "Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі." Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В