Гамілія на І НА, год С
«Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць і дай нам сваё збаўленне.»
Дарагія браты і сёстры!
Першая Нядзеля Адвэнту адкрывае перад намі новы літургічны год. Можа на дадзены момант у нашым жыцці няма амаль ніякіх сур'ёзных пераменаў, аднак час радаснага чаканне на прыйсце Божага Збаўцы, аднаўляе нашую надзею, дазваляе нам з новай сілай рыхтавацца да гэтай падзеі.
Таксама Адвэнт распачынае Год Міласэрнасці ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. На пытанне, чаму менавіта сёння патрэбны Год Міласэрнасці, сам Папа Францішак дае нам вельмі просты адказ: «Трэба няспынна разважаць аб міласэрнасці Бога». Адначасова Святы Айцец дае нам дэвіз гэтага Года Міласэрнасці: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны».
Другая, вельмі важная падзея, якую сімвалізуе Адвэнт, накіроўвае нашую ўвагу на другое прыйсце Езуса Хрыста, гэта тая перспектыва, якую мы таксама павінны ўзяць пад увагу і да якой нам трэба таксама быць падрыхтаванымі.
У сваім жыцці гэтыя падзеі нам неабходна аб'яднаць, каб нашае чуванне, каб нашая падрыхтоўка была заўсёды актыўнай. Мы як веруючыя хрысціяне заўсёды павінны быць чуйнымі, бо не ведаем ані дня ані гадзіны. Таму новы літургічны год, які мы распачалі — гэта добрая нагода, каб наноў адкрыць вядомыя для нас праўды, асаблівым чынам праўду аб Божай міласэрнасці.
Бог жадае ўмацаваць нашае хрысціянскае чаканне, чаканне ў веры, таму сёння скіроўвае да нас словы прарока Ераміі: «Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў пра дом Ізраэля і пра дом Юды». Бог выконвае свае абяцанні, Ён верны і таму ад нас таксама чакае вернасці, каб мы, жывучы на зямлі, чынілі правасуддзе і справядлівасць.
Дарагія! Атмасфера Адвэнту стварае вельмі добрыя ўмовы, каб спыніцца ад жыццёвай мітусні і затрымацца над сваім духоўным жыццём. Хоць час адвэнту вельмі хутка праходзіць, здаецца толькі што распачалі першы тыдзень а ужо і чацверты заканчваецца. Але нягледзячы на тое, што гэты час вельмі кароткі, для нашай душы ён можа прынесці вельмі шмат карысці і дабротаў. Адзінае - гэта трэба адпаведна гэты час перажыць, не прапусціць яго, не празяваць. Не змарнаваць. І тым больш не праігнараваць!
З дзяцінства ведаем, гэта для дзяцей вельмі шыкоўны чароўны час, але для дарослых таксама. Справы не толькі ў падарунках, або чаканні Новага Года. Без Езуса Хрыста — гэта нямае ніякага сэнсу. Хрыстус перамяняе любое чалавечае чаканне. Ён надае атмасферы чакання, тым жа падарункам, асаблівую цеплыню і ўтульнасць, асабліва ў коле сям'і. Таму так важна, каб гэтая атмасфера чакання Божага Нараджэння праходзіла ў сям'і. Па волі Божай сам Хрыстус рос і развіваўся ў сямейнай супольнасці. Для нас гэта заклік да таго, каб мы ўсімі сваімі сіламі змагаліся за еднасць сем'і, за дар жыцця, змагаліся супраць усяго таго, што дэвальвуе хрысціянскія каштоўнасці, нішчыць сям'ю. А менавіта сучасны свет падманлівым чынам пытаецца нас пераканаць, што ніякіх адвечных каштоўнасцяў няма, што гэта вымысел чалавека, або гэта перажыткі грамадства.
Дарагія! Калі на срэбра сказаць што гэта алюміній, яно стане алюмініем? Таксама і тыя вартасці, якія заклаў Бог у нашую натуру, а таксама якія нам аб'явіў, ніколі не стануць проста вымыслам чалавека, бо аўтар іх не чалавек. Нам трэба аднавіць свой давер да Бога, не быць абыякавымі. Бог нам даў жыццё як першы і асабліва каштоўны дар, а ведаеце дзеля чаго? Каб навучыць нас адказнасці не толькі за сябе, але за таго, хто побач.
Мы не перажываем сваё жыццё па-асобку але жывем разам, прынамсі павінны жыць па-братэрску. Таму Хрыстус праз свой Касцёл, хоча нас кансалідаваць, аб'яднаць. Каб нашыя сэрцы з аднаго боку былі злучаныя ў чуванні з Богам, з другога — гатовыя аказаць міласэрнасць бліжнім. Вось гэту праўду нам адкрывае адвэнтавае чаканне, каб мы не баяліся тых з'яў і знакаў, якія сімвалізуюць другое прыйсце Хрыста ў славе, але ў справядлівасці і супакоі жылі на зямлі, вучачыся ад Бога міласэрнасці. Тады з лёгкасцю ўзнясем сваю душу да Пана, якая будзе напоўнена любоўю, паводле словаў апостала Паўла, і сэрцы нашы будуць умацаваны ў беззаганнасці і святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.
Умілаваныя ў адвэнтавым чаканні браты і сёстры! Няхай гэты невялікі перыяд стане для кожнага з нас незвычайным часам чакання, няхай не будзе для нас ён звычайнай фармальнасцю, але багатым духоўным вопытам на дарозе хрысціянскага ўдасканалення. Няхай сам Хрыстус нас удасканаліць, а прыклад Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна Зачатай стане натхненнем, з якога мы будзем чэрпаць духоўныя сілы ў нашым жыцці. Таму на час адвэнту і на далейшы час няхай нам спадарожнічаюць словы Хрыста: « Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны!» Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment