Гамілія на XXXII ЗН, год В:


«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.»

Дарагія браты і сёстры!

Тыдзень таму мы адзначылі ўрачыстасць Усіх Святых, затым у дзень успаміну усіх верных памерлых, удзельнічалі ў супольнай Эўхарыстыі і малітвах, падчас якіх маліліся за нашых блізкіх, якія знаходзяцца за мяжою вечнасці. Пры гэтым ствараецца добрая нагода і атмасфера, каб і нам задумацца над прамінальнасцю ўласнага жыцця, што гэтае жыццё нам дадзена толькі адзін раз як каштоўны дар, які нельга змарнаваць. Праз веру нам Езус адкрывае гэтую праўду.

Сёння разам з вамі хачу крыху засяродзіцца і паразважаць над словамі з сённяшняга другога чытання з паслання да Габрэяў: «Людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага – суд.» 

У гэтых словах змяшчаюцца дзве вельмі важныя праўды: адна, можна так сказаць, даказана вопытным шляхам. Кожны чалавек адыходзіць з гэтага свету. Мова тут ідзе як вы ужо здагадаліся пра смерць. І ўрэшце другая праўда: тое, што чакае кожнага чалавека пасля смерці - суд, ёсць праўдай аб'яўленай. Мы верым у гэта. 

Смерць з'яўляецца той рэчаіснасцю, якая калісьці настане ў жыцці кожнага чалавека. Можна сказаць нічога на зямлі няма больш пэўнага за тое, што некалі кожны з нас пакіне гэтае зямное жыццё і перайдзе праз брамы смерці да жыцця вечнага. Аднак парадокс усяго гэтага заключаецца менавіта ў тым, што гэтая відавочная нямае вялікага ўплыву на нашае штодзённае жыццё. Канешне ніхто не лічыцца са смерцю калі жыве, і ніхто не хоча загаддзя пра яе думаць. І гэта нармальна. Больш думаюць пра яе людзі цяжка хворыя, хто адной нагой стаіць на парозе смерці, або тыя, хто выразна губляюць свае сілы ў глыбокай старасці. Аднак ці ў першым ці ў другім выпадку усё роўна чалавек павінен мець свядомасць свайго адыходу з гэтага свету. І свядомасць гэтага факту, мае дарагія, вельмі добра ўплывае на чалавека, фарміруючы яго у праўдзе і пакоры. Свядомасць смерці і уменне быць да яе прыгатаваным робіць чалавека жыццёва мудрым.

Не значыць гэта, што я не магу планаваць штосьці на будучае, не значыць гэта, што свядомасць смерці павінна закрыць мяне перад знешнім светам і я замкнуты ў сабе павінен сядзець і думаць, калі ужо гэтая смерць да мяне прыдзе? Зусім не! Кожны чалавек мае магчымасаць запланаваць праграму свайго жыцця няменш чым на 80 год, але рэалізуючы гэтую праграмму свайго жыцця нам трэба мець на ўвазе тое, што у кожны момант гэтая праграмма можа быць спынена, а мы пакліканы да вечнасці. Мудрага чалавека ніколі смерць не палохае, не здзіўляе, не сустракае знянацку, бо мудры чалавек заўсёды здольны сваечасова да яе прыгатавацца.

Наступная праўда, якую мы чулі з другога чытання - гэта суд, той астатні рахунак, які кожны з нас павінен будзе прадставіць Богу, гэта значыць уменне браць поўную адказнасць за ўсё сваё пражытае жыццё на зямлі. За чыны, думкі, словы, нават за нейкія свае рашэнні, парады, меркаванні… 

Важна не толькі тое, што адбылося ў выніку маіх канкрэтных дзеянняў, але яшчэ вельмі істотным з’яўляюцца мае магчымасці, дадзеныя мне Богам, а менавіта як я гэтыя магчымасці выкарыстаў і ці наогул іх выкарыстаў. Бог кожнаму дае адпаведную колькасць дароў і чакае калі мы іх творча выканаем, чакае калі нашыя дары прынясуць плён. Вось чаму так важна памнажаць нават самы просты і звычайны дар, які мы атрымалі ад Бога. 

Напэўна нямала людзей, якія дасведчылі смерці і апынуліся на апошнім судзе, будуць вельмі здзіўлены, калі адкрыюць нялёгкую праўду аб сваіх змарнаваных магчымасцях, якія яны мелі ў сваім жыцці і не выкарысталі. Ужо нават, калі падумаць аб змарнаваным часе, то можа дрэнна зрабіцца, а калі такім чынам усё узважыць і задумацца над сваім жыццём больш глыбока. Што тады? Галоўнае задумваючыся аб гэтым не кідацца ў крайнасці але мудра і разважліва крок па кроку задумваючыся над сваім духоўным жыццём імкнуцца яго палепшыць.

Калі паназіраць за пасажырамі ў цягніку, або аўтобусе можна прыйсці не адзін раз да высновы, што нават у дарозе можна выдатна марнаваць час, а можна яго выкарыстоўваць разумна і плённа. Вось некаторыя напрыклад у цягніку ці ў аўтобусе, калі едуць кудысьці, чытаюць кнігі ці часопісы, хтосьці вучыць замежную мову, ці проста слухае музыку праз маленькія навушнікі. А бываюць і такія, хто губляе час на пустую балтаўню, на бессаромныя размовы ці штось падобнае. Канешне ёсць і тыя, хто проста адпачывае. 

А калі прыглядзецца чалавечай працы: колькі часу чалавек затрачвае на працу, колькі гэтага часу чалавек праводзіць у экранаў тэлевізараў? Але, мае дарагія, час гэта не адзіная дадзеная нам рэчаіснасць з якой будзем перад Богам разлічвацца. Ёсць іх яшчэ вялікае мноства між іншым да іх належаць: мае асабістыя здольнасці, фізічныя сілы, сілы духоўныя і г.д.

Дарагія браты і сёстры! Вялікая колькасць дароў і як вынік гэтага саліднае разлічэнне перад Богам, не павінна нас палохаць. Свядомасць такога роду разлічэння павінна нас мабілізаваць да правільнага выкарыстання ўсяго таго, што па сваёй волі дае нам Бог. Ці мы можам да гэтага разлічэння прыгатавацца? Вельмі добра на гэтае пытанне адказаў адзін малады чалавек, у якога была свая крама. Апавядаючы пра сябе ён казаў, што кожнага дня больш за гадзіну ён прызначае на тое, каб дакладна пералічыць з дапамогаю кампьютара кошты ўсіх тавараў, якія былі на працягу дня прададзены ці набытыя. Гэтым ён кантралюе сваю дзейнасць і калі здараюцца памылкі стараецца хутка іх выправіць, каб наступны дзень запланаваць нягоршым папярэдняга. 

Такое ж разлічэнне датычыла яго духоўнага жыцця: рахунак за мінёны дзень перад Богам. Мая, як казаў, недакладнасць, часамі хлусня, несумленнасць, а таксама выкананыя лепш ці горш абавязкі бацькі і мужа, яго малітва і іншае. Толькі калі зроблены вынік дня, калі падведзена апошняя рысачка і зроблены канчатковы вынік, той чалавек казаў: вось толькі цяпер можна спакойна заснуць, а нават і памерці. І ніякі суд не будзе такому чалавеку страшным. Калі краму наведае нейкая інспекцыя ці падатковая камісія, то няма чаго баяцца, бо усё сваечасова зроблена, калі справы вядуцца сумленна. 

Дарагія! Падобным чынам і жыццё, калі добра пражытае, калі разлічэнні адбываліся сістэматычна у форме рахунку сумлення, то такое жыццё можа быць спакойна праверана Богам у любы час і гадзіну. І нам няма чаго баяцца. Амэн.


Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В