Гамілія на XXXIII ЗН, год В

«У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.»

Дарагія браты і сёстры! 

Набліжаецца заканчэнне літургічнага году, гэта ў сваю чаргу адлюстроўваецца ў Божым слове багатай апакаліптычнай тэмай. Марк Евангеліст запісаў некалькі словаў Езуса Хрыста, якія датычаць канца света. Вобразы, якія пералічвае Езус будуць з'яўляецца свайго рода арыенцірам, тое што будзе папярэднічаць парузіі. г. зн. другому прыйсцю Езуса Хрыста.

Калі браць тэму канца свету, то ў кожны час яна была інтрыгуючай і заўсёды цікавіла людзей, зрэшты такая яна і зараз. Усё ж такі глабальны лёс свету не пакідае абыякавым чалавека, які ў ім жыве. Часткова, зацікаўленасць феноменам канца свету выклікана вельмі яскравымі і маляўнічымі вобразамі, існуючымі ў Святым Пісанні. Ад пэўных з’яваў ды катаклізмаў проста стыне кроў у жылах. На гэтую тэму нават узнік асобны жанр у літаратуры – апакаліптычны жанр, а таксама характэрыстычная іканаграфія ў Касцёле. Адначасова з біблійнай апакаліптыкай пачалі з’яўляцца псеўдапрароцтвы, якія паведамлялі канкрэтную дату канца свету, або шматлікая колькасць сектаў такога ж характару. А колькі кінастужак знята на апакаліптычную або пост апакаліптычную тэму, можа яны недакладна выражаюць праўду, якая змяшчаецца ў Святым Пісанні, але паведамляюць аб канкрэтнай рэчаіснасці, якая чакае чалавецтва.

Калі казаць пра псеўда прароцтвы, якія існуюць па сённяшні дзень, то для веруючага хрысціяніна такія прароцтвы з'яўляюцца не больш чым хлуснёй або шарлатанствам. Бо шмат хто з іх спрабаваў прадказаць дату канца свету, і сто год назад і больш, аднак мы з вамі перажылі ўжо не адзін паводле іх «канец свету». 

Мае дарагія, Святое Пісанне паведамляе нам сам факт канца свету, а не яго дату, калі ён будзе. Аднак не на гэтым сёння я хачу засяродзіцца. Сёння хачу разам з вамі паразважаць над мэтай гэтых крыху жахлівых апакаліптычных вобразаў, якія мы з вамі чулі ў Евангеллі. Дазвольце яшчэ раз узгадаю словы Езуса з сённяшняга Евангелля: «У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе.» 

Перадусім, праз апісанне гэтых з’яваў, Езус Хрыстус не жадае нас напалохаць, Ён таксама не вызначае дату канца свету: «А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец.» Самае важнае, тое, што наш Збавіцель пажадаў пераказаць нам важную праўду, якая датычыць нашага збаўлення і таго як нам трэба сябе паводзіць, каб належным чынам быць падрыхтаваным да гэтай сустрэчы з Богам. Яна і вырашыць у індывідуальным парадку лёс кожнага з нас. Калі гэта настане не так важна, бо заўсёды трэба быць чуйным і прыгатаваным, па-іншаму жыць паводзіць сябе як належыць веруючаму хрысціяніну. Езус нас заахвочвае да гэтага прагатавання: «Чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі стаць перад Сынам Чалавечым.»

Безумоўна для кожнага з нас момантам сустрэчы з Богам будзе адыход да вечнасці – тобіш момант смерці. Але, мае дарагія, Бог не хоча, каб мы ведалі гэты момант загаддзя. Гэта таямніца, якая ў пэўным сэнсе належыць да чалавечай натуры, і належыць гэтая таямніца да такой ступені, што нават Сын Божы, які стаў чалавекам, прыняў чалавечую натуру, таксама нямае моцы аб’явіць гэта людзям. 

Аднак нікому з нас не трэба па гэтай прычыне хвалявацца. Праз святло натуральнага розуму мы здольныя зрабіць пэўную выснову, якая датычыць чалавечага жыцця, смерці і збаўлення. А там дзе наш з вамі розум не ў стане ўвайсці ў глыбіню таямніцы чалавечага быту, там на дапамогу прыходзіць Божае аб’яўленне. Бог сам адкрывае чалавеку не ўсё, але неабходную частку, тое, што лічыць патрэбным для нас. Дарэчы, калі глянуць шырэй, то перад намі ўсё адкрыта, самае галоўнае і актуальнае – перад намі адкрыта збаўленне, а дробязі няхай нас не цікавяць. Яны для нас насамрэч не столькі істотныя.

Калі даследваць прыроду, усе з’явы звязаныя з ёю, калі паназіраць над парадкам на зямлі ці ў космасе, калі вывучаць праблематыку развіцця грамадстваў, гісторыю народаў, калі паглыбіць свае веды у галінах псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі і г.д. то мне здаецца гэтага дастаткова аж занадта, каб жыць на зямлі сэнсоўна і шчасліва. І зусім неабавязкова быць такім як Платон, Сакрат ці Арыстоцель, галоўнае быць добрым і сумленным чалавекам, каб спазнаць мудрасць. Ведаю нямала старэйшых асобаў, нават непісьменных, якія у жыццёвай мудрасці не горшыя за інтэлігентаў сярэдняга пакалення з вышэйшымі адукацыямі. Уся справа ў тым, што сучасны чалавек не хоча вучыцца на чужых памылках, ён лічыць сябе самым разумным, таму няхай ад яго вучацца іншыя, якія ў сваю чаргу прытрымліваюцца той жа жыццёвай пазіцыі. 

Магчыма таму так шмат несправядлівасці ў свеце, а многа чаго можна было б і пазбегнуць калі б чалавек больш прыслухоўваўся да свайго сумлення і імкнуўся шукаць праўду ў сваім жыцці. Гэтаму нас сёння вучыць Хрыстус, каб кажны з нас імкнуўся адкрываць праўду і дабро, каб кожны імкнуўся жыць сумленна паводле адвечнай праўды, усталяванай самім Богам.

Дарагія браты і сёстры! Нам з вамі трэба трываць няспынна ў пошуках праўды і дабра, быць у пошуках жыццёвай мудрасці. Але і гэтага яшчэ мала! Трэба не толькі шукаць, але і дапасаваць сваё жыццё да прынцыпаў Хрыстовага Евангелля. А гэта, як паказвае практыка, значна цяжэй. Тэарэтычна мы здаецца і шмат чаго ведаем, але чамусьці не заўсёды жывем паводле ўсіх нашых тэарэтычных ведаў. І як бачым праблема заключаецца не столькі ў няведанні, колькі ў недахопе жадання. 

Магчыма карысна для кожнага з нас было б прытрымлівацца такога правіла: а менавіта перад тым як я пачну тэарэтычна пазнаваць нейкую жыццёвую мудрасць, лепш паспрабаваць рэалізаваць у сваім жыцці тое, што я ўжо ведаю. Толькі тады, калі мудрасць практычна прыменяецца ў жыцці, яна па-сапраўднаму МУДРАСЦЬ. Бо мудрасць тэарытычная гэта як рэцэпт на шыкоўны пірог. А як ведаем нельга выпіць кавы з кавалачкам смачнага рэцэпту. 

Таму няхай нас сёння не палохаюць словы з Евангелля, якія прадвяшчаюць канец свету. Лепш давайце задумаемся ці мы выкарсталі ўсе магчымыя сродкі, каб імкнуцца спазнаваць мудрасць і жыць ёй кожнага дня; ці не зрабілі мы сёння нейкую памылку; і што рабіць, каб не паўтарыць яе заўтра. Амэн.

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В