Гамілія на ІІ НА, год С
Дарагія браты і сёстры!
Калі паглядзець на нашае жыццё, то яно падобна дарозе, па якой мы ідзем да пэўнай мэты. У кожнага розны адрэзак дарогі, але мэта аднолькавая. Ёсць канешне шмат іншых мэтаў, якія мы ставім, ідучы па гэтай дарозе, але самую галоўную мэту нам паставіў Езус Хрыстус.
Мэта веруючага хрысціяніна — вечнае збаўленне. І вось менавіта да гэтай мэты мы імкнемся. Часам лепш, часам горш, змагаючыся з уласнай лянотай, абыякавасцю ці стомленасцю; часамі крочым з радасцю, з энтузіязмам, бадзёра і лёгка — гэта жыццё.
Як заахвоту для нашай жыццёвай вандроўкі мы сёння чуем словы прарока Ісаі, якія неаднойчы паўтараў у сваіх прамовах Ян Хрысціцель, а сёння гэтыя словы дакранаюцца і нашых сэрцаў: «падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне.»
Божае слова, асабліва ў гэты перыяд, запрашае нас да асаблівага чування, каб мы больш свядома перажывалі не толькі цяперашні час Адвэнту, але нашае хрысціянскае жыццё наогул. Каб мы з большай сілай аднавілі ў сабе прагненне і мэту, да якой крочым. Бо вельмі часта, мы, пагружаныя ў мітусню і жыццёвыя справы, забываем пра галоўнае, а засяроджваемся на зямным і прамінальным. І таму бывае вельмі цяжка адарваць сябе ад розных залежнасцяў і ўпадабанняў, якія насамрэч не прыносяць нам ніякай карысці, наадварот у асобных выпадках з'яўляюцца вельмі шкоднымі і небяспечнымі.
Дарагія! Як жа лёгка на гэтай дарозе жыцця згубіць уласцівы напрамак. Колькі ворагаў ды злачынцаў падсцерагаюць нас, дастаткова нам толькі трошкі збочыць з галоўнай дарогі, управа або ўлева. Канешне на нашай дарозе вельмі шмат узгоркаў як таксама далінаў і можа на нейкі перыяд мы аказваемся пазбаўлены святла на сваім шляху, аднак, мае дарагія, дзякуючы веры мы здольныя крочыць нават праз цемру нашага жыццёвага досведу. І нашая моцная аўтэнтычная вера, дзякуючы інтэрвенцыі Бога, дапаможа зраўняць кожны пагорак, засыпаць даліны, зрабіць наш жыццёвы шлях простым, нягледзячы на тое, што жыццё само па сабе не з'яўляецца простым.
Час Адвэнту, які мы зараз перажываем, гэта чарговая нагода, каб моцна даверыцца Хрысту, які нас вядзе па дарозе жыцця. Нам варта яшчэ раз зразумець, што на жыццёвай дарозе мы ніколі не знаходзімся аднымі, якбы нам гэта не здавалася. Бог са сваёй ласкай заўсёды побач і вядзе нас, нягледзячы на тое, што мы часамі гэтага можам не адчуваць, або не разумець. Таму Бог праз сваё слова жадае нас пераканаць у тым, што мы для Яго не абыякавыя, што Ён дае святло, якое для нас з'яўляецца арыенцірам, але таксама Ён блізка нас, побач з намі, калі нам здаецца, што цемра акутала нас з усіх бакоў.
Ведаеце, кожнае чаканне характарызуецца цярплівасцю і мэтаю чакання. Калі чагосьці з гэтага не стае, чаканне становіцца чымсьці цяжкім невыносным, а нават губляе сэнс. Дык вось, мае дарагія! Адвэнтавае чаканне — гэта вялікая міласць Бога, скіраваная для нас, якія зараз трываем у чаканні, каб мы ў гэты час набраліся цярплівасці і аднавілі прагненне, імкнуцца да мэты, якую перад кожным з нас паставіў Хрыстус.
Святы апостал Павел у пасланні да Філіпянаў, фрагмент якога мы сёння пачулі, сваім уласным прыкладам заахвочвае нас да малітвы, бо праз яе мы ўдзельнічаем у абвяшчэнні Евангелля, таксама праз гэтую ж малітву ў нашых сэрцах Бог даў пачатак добрай справе і жадае яе завяршыць. Мае дарагія, гэта вельмі лагічна: калі ёсць А, то павінна быць і Б. Калі ёсць пачатак, то павінна быць і заканчэнне.
Вельмі важна, як адзначае святы апостал Павел, каб у нашых сэрцах узрастала любоў, зрэшты нашае чаканне накіравана перш за ўсё, каб мы, імкнучысмя да мэты, памножылі цноту любові: «каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.»
Умілаваныя браты і сёстры! Няхай пачутае намі сёння Божае слова заахвоціць нас да перамены жыцця, бо навяртанне патрэбнае кожнаму і ў кожны час. Нашая пілігрымка да вечнасці, нашае жыццё будзе зусім па іншаму перажывацца, калі мы паставім не толькі на колькасць пражытых дзён, але на якасць іх перажывання.
У жыцці нас могуць сустрэць розныя выпрабаванні, часамі яны ўзнікаюць так хутка, што мы за імі не паспяваем, самае галоўнае, мае дарагія, каб ва ўсім гэтым мы не згубілі з вачэй Езуса Хрыста і Яго прысутнасць у нашым жыцці, часамі па-людзку кажучы трэба ісці на рызыку, дазволіць, каб нас вяла Божая ласка, калі мы не бачым ані святла, ані нават дарогі. Таму, калі мы адпаведна падрыхтуем дарогу Пану, то Ён узмоцніць нас на нашай жыццёвай дарозе і дапаможа, каб нашае адвэнтавая чаканне, даўжынёй з жыццё, было радасным спатканнем прыходзячага Пана ў славе Ягонай. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment