Гамілія на ІІІ НА, год С
Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Дарагія браты і сёстры!
Распачынаем з вамі трэцюю Нядзелю Адвэнту, якая яшчэ называецца «Нядзеля Gaudete» і характарызуецца асаблівым радаcным настроем. Гэта выражаецца ў выкарыстанні ружовага колеру ў літургіі, які сімвалізуе радасць чанання наражэння Месіі-Збаўцы і Валадара. Радасць, якой папярэднічае гармонія і супакой - гэта адметнасць Божага валадарства, да якога мы пакліканы і якое пачынаецца ўжо тут сярод нас.
Дарагія! Сёння літургія Божага слова заклікае нас прыслухацца да сведчання Яна Хрысціцеля ў сённяшнім Божым слове. Таму Хачу сёння разам з Вамі засяродзіцца і паразважаць аб жыцці і асобе св. Яна Хрысціцеля, як ў кантэксце сённяшняй літургіі, так і ў Евангеллі ўцэлым.
У сённяшнім Евангеллі Ян Хрысціцель прадстаўлены, як чалавек праведны, да якога прыходзяць людзі, дзеля таго, каб атрымаць канкрэтную параду: «пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае. Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік! Што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нічога, што больш за дазволенае вам, не патрабуйце. Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю.»
Сам Езус аднойчы звярнуў сваю ўвагу на гэтага славутага чалавека кажучы: “Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля.” А гэта ў сваю чаргу выразна сведчыць на колькі сам Езус шануе Яна Хрысціцеля. Ён аб ім дае канкрэтнае сведчанне, абапіраючыся на словы прароцтва са Старога Запавету : “Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу.”
Словы сённяшняга Евангелля і сведчанні самога Збавіцеля, падцвярджаюць той факт, што ў гісторыі чалавецтва, у гісторыі збаўлення, Бог заўсёды выбірае сабе людзей, якім вызначае асаблівае заданне. Адным з такіх людзей, з вялікай літары, без сумніву з’яўляецца Ян Хрысціцель. Яму Бог дае асаблівае заданне. Ён з’яўляецца тым, хто непасрэдна рыхтуе народ да прыходу Месіі, Божага Сына. Таму Ян Хрысціцель быў з самага пачатку даволі незвычайнай асобай.
Аднак гэта зусім не значыла, што ён быў кімсьці незвычайным. Нават, калі прыгадаць тыя моманты, дзе ён быў яшчэ ва ўлонні св. Альжбеты, ці ад моманту яго нараджэння, калі здзяйсняліся дзіўныя рэчы і цуды. Не столькі гэтыя цуды сведчыліі аб яго незвычайнасці, і нават не тое, што праз нейкі час ён вёў жыццё пустэльніка ў адасабленні.
Яго веліч заключалася хутчэй за ўсё ва ўсведамленні свайго пасланніцтва і задання, якое яму даручыў Бог і на дасканалай вернасці гэтаму заданню. Вось у чым можам сказаць заключаецца веліч асобы Яна Хрысціцеля.
Феномен незвычайнасці яго асобы - гэта вернасць Божаму Слову, якому Ян Хрысціцель даканца служыў і за якое аддаў сваё жыццё. І нават не так важна, што ён звяртаў увагу вяльможам і можным гэтага свету, але тое, што спаткаўшы Езуса, змог распазнаць у Ім Бога. Таго, хто спасланы Айцом, прыходзіць у свет дзеля збаўлення чалавека. І спазнаўшы Яго, змог падпарадкаваць Богу ўсё сваё жыццё.
Калі вучыў народ ля ракі Ярдан, то рабіў гэта ў духу Хрысціянскага Евангелля, Будучы ў вязніцы, пасылаў сваіх вучняў каб пераканацца ў тым, што Езус той адзіны Месія, аб якім сведчаць Пісанні, пра якога казалі прарокі, таму Ян пытаўся “ Ці Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага?”
А напрыклад давайце ўзгадаем той момант, калі Езус падыходзіць да Яна Хрысціцела і просіць яго аб Хросце. Ян усведамляе веліч Езуса і нават не адразу ўдзялее хрост, паколькі не лічыць сябе годным здзейсніць гэты абрад над Езусам, які не патрабуе хросту. Але чыніць гэта Ян у імя праўды.
Дарагія! Як жа сёння нам патрэбныя менавіта такія сведкі слова, сведкі на ўзор Яна Хрысціцеля: адважныя, бескампрамісныя і перадусім верныя. Якія выразна паказваюць нам сцежку Хрыста. Як жа нам патрэбныя такія людзі, якія не пашкадуюць нават свайго жыцця аддаць за Хрыста. Сучасны свет, асабліва сёння, патрабуе такіх сведкаў, бо апошнім часам гэты свет стаў бясплодным і сухім. Можа таму асабліва цяпер у час адвэнту нам трэба браць прыклад з Яна Хрысціцеля?
У гэты адвэнтавы час, час чування і падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, сёння да кожнага з нас прамаўляе Бог падобнымі словамі, якія Езус калісьці прамовіў у сінагозе на сваёй бацькаўшчыне: «Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім.» Бог і нам вызначае заданне ў веры, каб мы таксама на ўзор Яна Хрысціцеля ішлі перад Ім, каб у наш час, падрыхтаваць дарогу Езусу, які прыходзіць у свет, свет, які пра Яго даўно забыўся, у свет, які зранены грахом. Бог ад кожнага з нас жадае сведчання, як жадаў яго ад св. Яна Хрысціцеля. Бо менавіта праз нас Бог хоча падрыхтаваць шлях да збаўлення ў сучасным свеце.
Сёлетні Адвэнт, чарговая нагода, каб мы яшчэ раз задумаліся аб нашым пакліканні да святасці, аб сэнсе нашага хрысціянскага жыцця. Аб Божым Валадарстве, якое мы будуем, у сваім сэрцы, у сям’і, у парафіі і г.д. Таксама варта задумацца над нашымі адносінамі да Божага Слова, якое праяўляецца і дзейнічае у нас і сярод нас, у нашым простым штодзённым жыцці. Варта гэта кожнаму усвядоміць: што менавіта я павінен быць верным сведкам Хрыста, а не трысцінай, якая хістаецца на ветры.
Ставячы сёння ў цэнтр асобу Яна Хрысціцеля, Езус хоча кожнаму з нас паставіць некалькі пытанняў: якая ў нас вера і ці мы ёй жывем на кожны дзень? Ці мы імкнемся да Божага Валадарства, у якім нават найменшы з’яўляецца большым за Яна Хрысціцеля?
Дарагія браты і сёстры! Святы Ян Хрысціцель змог рэалізаваць тое заданне, якое даручыў яму Бог. Таму што Ян даверыўся Божаму слову і даканца застаўся верным праўдзе. Магчыма многія людзі яго лічылі Вялікім прарокам, або нават месіяй, аднак Ян Хрысціцель, стоячы ў праўдзе сцвярджае: «Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным.»
Гэтае сведчанне раскрыла праўду аб тым, кім з'яўляецца Ян Хрысціцель і адначасова паказала яго харызму, тую дзейнасць якой займаўся Ян і мэту гэтай дзейнасці. Ян Хрысціцель выдатна зразумеў сваю місію і прыклаў усе намаганні, каб яе паспяхова выканаць. Таму, нам трэба браць узор з гэтага вялікага святога чалавека, каб адвэнтавае чаканне і падрыхтоўка да сустрэчы з прыходзячым Езусам у таямніцы Божага Нараджэння, дапамагла кожнаму з нас лепш усвядоміць сваю жыццёвую місію, місію вернага вучня Хрыста, сэрца якога напаўняецца радасцю чакання Пана. Каб мы таксама у сваім жыцці далі вернае сведчанне праўдзе, да якой паклікаў нас Бог. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія слова

Comments
Post a Comment