Гамілія на ІІ ЗН, год С
“Пан паклікаў нас праз Евангелле,
каб мы атрымалі славу Пана нашага Езуса Хрыста.”
Дарагія браты і сёстры!
Адметнасць сённяшняй літургіі заключаецца у тым, што ўжо распачаўся звычайны перыяд. У літургіі слова ад наступнай нядзелі і аж да папяльцовай Серады, а таксама ад Спаслання Духа Святога аж да наступнага Адвэнту спадарожнічае нам Евангелле паводле св. Лукі. Толькі сённяшняя нядзеля выключэнне, бо Евангелле, якое мы пачулі - паводле св. Яна, вельмі знаёмы для нас урывак менавіта вяселле ў кане Галілейскай і цудоўнае перамяненне вады ў віно. Але перш чым паразважаць над гэтым урыўкам з Евангелля варта яшчэ ўзгадаць словы з першага і другога чытання.
Урывак з кнігі прарока Ісаі, які мы чулі, паведамляе нам аб Божым збаўленні. Вобраз гэтага збаўлення малюецца наступным чынам: Бог нібы жаніх, а выбраны народ – прыгожая нявеста. Стварыцель сам будзе жаніхом для свайго народу: «як юнак бярэ замуж дзяўчыну, так узрадуецца табою твой Бог». І гэты вобраз цесна пераплятаецца з сённяшнім Евангеллем. Выбраным народам у перспектыве становяцца ўсе хто прымае Хрыста і верыць у Яго. І ў гэтым народзе Божым, кожны мае сваё месца і свае харызматы. Аб гэтым мы з вамі чулі ў другім чытанні.
Апостал Павел кажа, што кожны атрымаў дар і ласку Духа Святога. Дзякуючы смерці і ўваскрасенню Езуса кожны чалавек мае сваё заданне, сваю ролю ў жыцці. Гэтае заданне вынікае з нашых адносінаў да Езуса. І толькі Дух Святы, які размяркоўвае розныя дары, забяспечвае адзінства ўсіх у Хрыстовым целе, якім з’яўляецца Касцёл. Кожны з нас павінен выконваць сваю «місію», якую мы атрымалі не з нараджэння, але як дар Хрыстовага Духа. Таму Хрыстус жаніх радуецца нявесце –супольнасці верных –супольнасці, якая называецца Касцёлам. І ў гэтай супольнасці дух Хрыста няспынна дзейнічае. Таму Хрыстус гэта надзея для кожнага веруючага чалавека. Гэта мая і твая надзея, а таксама радасць.
Вобраз вяселля, які прысутнічае ў першым чытанні, таксама актуальны і для Евангелля. Тэмай якога становіцца вяселле ў кане галілейскай. Для большага разумення сённяшні урывак Евангелля варта распачаць ад канца. Для нас будзе больш храналагічна і больш зразумела. Канешне інтэрпрэтацыя гэтага урыўку вельмі багатая. І у гістарычнвм кантэксце можна інтэрпрэтаваць і ў сацыяльным, маральным, у духоўным і г.д. Нас канешне больш цікавіць апошняе. Духоўнае тлумачэнне. Таму варта распачаць нашае разважанне ад словаў:
“Такі пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.” Менавіта ў гэтым кантэксце трэба нам разумець гэты ўрывак евангелля. Бо калі пойдзем іншым шляхам можна заблукаць у шматлікай разнастайнасці усялякага роду тлумачэнняў гэтага тэксту і напрыклад не зусім адэкватна зразумець цуд Езуса Хрыста падчас вяселля ў Кане: напрыклад памылкова можна падумаць, што Езус заахвочваў людзей, каб яны ўжывалі віно, а Маці Божая прымусіла Яго нават учыніць цуд у гэтым напрамку.
Мае дарагія! Насамрэч, цуд у Кане Галілейскай быў спачатку знакам для вучняў, а потым стаў знакам для ўсяго Касцёла. Знакам ці па-іншаму тым, што мае глыбокае павучальнае значэнне. Зрэшты кожны цуд Езуса можна лічыць таксама знакам. Бо Езус не здзяйсняў цуды проста так, каб бессэнсоўна паказаць сваю незвычайную моц. Езус не рабіў з сябе супермэна. Але кожны цуд Езуса заўсёды звязаны з верай чалавека і меў глыбокае тэалагічнае значэнне.
І менавіта змест, значэнне цуда, здзейсненага Настаўнікам з Назарэру з’яўляецца найважнейшым. Часцей за ўсё мы звяртаем увагу на нейкі незвычайны чын, феномен, але вельмі рэдка задумваемся над яго значэннем у жыцці. Так было ў часы, калі жыў Езус, так ёсць і зараз. Перамяненне вады ў віно перамяніла таксама меркаванне вучняў аб Езусе. Да гэтага Яго ведалі як красамоўнага Настаўніка, чалавека уражлівага на цярпенні і патрэбы бліжніх, а зараз вучні адкрываюць у Ім нешта большае: Ён мае незвычайную моц панавання над сіламі прыроды.
Гэтае адкрыццё паклала пачатак нараджэнню веры у сэрцах вучняў. З гэтага моманту яны вераць што Езус з’яўляецца Месіяй, мае даручанае Богам Айцом заданне ажыццявіць збаўленне. Тое, што чакаў і на што спадзяваўся многімі вякамі Ізраэльскі народ. І вось Месія прыйшоў, Яго можна ўбачыць, да Яго можна дакрануцца, з Ім можна паразмаўляць тварам у твар. Ён разм з усімі на вяселлі пье тое ж віно, якое асабіста сваім словам перамяніў з вады. Не зрабіў гэтага, каб яму хлопалі ў далоні і крычалі брава. Езус здзейсніў гэты цуд, каб абудзіць у сваіх вучнях веру. Каб яны пазналі і паверылі.
І так як было падчас вяселля у Кане Галілейскай, так ёсць і па сённяшні дзень. Езус хоча, каб мы паверылі. Ён хоча абудзіць нашую веру. Каб у нас была сапраўдная іерархія каштоўнасцяў: спачатку нашая вера, а потым усе нашыя штодзённыя справы і патрэбы. Вельмі важна аб гэтым памятаць падчас асабістай малітвы. Вельмі часта мы просім Бога, каб Ён нам дапамог у розных жыццёвых справах. Магчыма гэты момант з Каны Галілейскай ёсць нагодай, каб Бога ў нейкім сэнсе “зачапіць” нашымі просьбамі. Так ёсць. Маем на гэта права. Але ёсць адна рэч. А менавіта кожнаму з нас варта памятаць, што самым важным для нас нягледзячы не на што, ёсць нашая асабістая вера, наш безумоўны давер Езусу. Давер нягледзячы на тое ці нашая вада пераменіцца ў віно ці застанецца надалей толькі вадою. Нельга Бога рабіць залежным ад нашых просьбаў і жаданняў. А таксама нельга ацэньваць нашыя адносіны да Бога колькасцю нашых выкананых просьбаў, якія мы заносілі да Бога на малітве.
Дарагія! Наш давер да Бога праяўляецца ў нашай паслухмянасці Божай волі, ва ўменні цярпліва пераносіць усё тое, што нам ў жыцці Бог спасылае. Так як тыя слугі, якія усё выканалі паслухмяна, хоць розумам магчыма і бунтаваліся. Вось паглядзіце: замест таго, каб спакойна адпачываць падчас вяселля, слугі тыя, на словы аднаго запрошанага прынеслі з аддаленай студні некалькі дзесяткаў вядзёр вады. Напэўна гэтая ідэя здавалася ім быць поўным абсурдам, але дзякуючы іх паслухмянасці і перадусім даверу, Хрыстус змог аб’явіць сваю Боскую моц. І вядома, калі б не было вады, то не было б таксама і віна. А для гаспадароў вяселля стала б гэта прычынай вялікага сораму.
Дарагія браты і сёстры! З намі таксама ёсць нешта падобнае як з тымі слугамі з сённяшняга Евангелля. Нам трэба быць гатовымі даверыцца Богу, нягледзячы на жыццёвы абсурд і без гарантыі на хуткі поспех. Магчыма яго нам трэба доўга чакаць. Ды наогул уся гэтая справа нямала нам будзе каштаваць, не адно вядро вады нам трэба будзе прынесці з далёкай студні, каб Езус меў што пермяняць, каб нам благаславіць у нашым жыцці.
Спрабуйма ж даверыцца Богу, а ўзорам гэтага даверу няхай будзе для кожнага з нас Марыя, маці Езуса і тыя паслухмяныя людзі, імён якіх не ведаем, якія выканалі даручаную ім справу. Калі даверымся, то і мы выканаем усё тое, што хоча ад нас Бог. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія Слова

Comments
Post a Comment