Гамілія на ІІІ ЗН, год С
“Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.”
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшні пачатак Евангелля ад Лукі, які мы пачулі, перад тым як паказаць пэўныя падзеі з жыцця Езуса Хрыста, інфармуе нас аб аўтары Евангелля, а таксама называе імя адрасата, да каго гэтае Евангелле скіравана. Тут мы сустракаем імя Тэафіл, якое нам амаль нічога не гаворць.
Аднак гэтым “Тэафілам” у першую чаргу з’яўляемся мы з вамі, якія сустракаемся з Хрыстом, калі слухаем Евангелле. Калі казаць пра аўтара Евангелля, то ён ўзнікае перад намі як асоба, якая шукае праўду: “Паколькі многія браліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, хто ад пачатку быў відавочцам і слугою слова, вырашыў і я дакладна прайсціся па ўсім ад пачатку.”
Лука Евангеліст насамрэч змясціў у Евангеллі вельмі шмат падрабязнасцяў, якія сведчылі аб яго старанных пошуках, яго даследванні, якое мела на мэце пазнаёміць чалавека з Езусам Хрыстом, абудзіць веру у тых людзях якія яшчэ не спазналі Хрыста, а веруючыя сэрцы падбадзёрыць добрым прыкладам з жыцця Збавіцеля.
Наогул Евангелле паводле Лукі з’яўляецца сведчаннем чалавека, які трывае ў пошуках. Паколькі для яго самога, для Лукі пошук – гэта справа натуральная, магчыма таму на старонках Евангелля ён піша аб пастушках, якія шукаюць Езуса ў жолабе, аб Марыі і Юзафе, якія шукаюць Езуса ў святыні. Таксама калі ўзгадаем спатканне сястры Лазара Марыі з Езусам або вучняў з Эмаус, то таксама можам заўважыць тэндэнцыю шукання, якая стала жыццёвым крэдо евангеліста Лукі. А давайце успомнім некалькі прыпавесцей, адны іх назвы самі за сябе кажуць… прыпавесць аб добрым пастыры, які шукае згубленай авечкі, жанчына шукаючая драхму і канешне прыпавесць аб марнатраўным сыне, які шукаў шчасця, там дзе яго ніколі не змог бы знайсці…
Дарагія! Шуканне – гэта вельмі добрая якасць, якая дазваляе нам знайсці не толькі тое, што мы згубілі, але дазваляе нам адкрыць нешта новае, можа нават убачыць тую ж самую рэч, але ў іншым ракурсе. Калі чалавек у пошуках, то звычайна ён вельмі старанна пераглядвае матэрыялы, часта вяртаецца да таго, што ужо раней ніраз сустракаў. Тое ж самае ёсць і у справах веры. Мы шмат разоў чытаем або слухаем Евангелле і, калі мы трываем у пошуках, то заўсёды для сябе адкрыем нешта новае.
Здаецца мы пачулі невялікі ўрывак Евангелля, які да гэтага часу вельмі шмат разоў трапляў у нашыя вушы, але напрыклад сёння мы нешта адкрылі наноў, мы пачулі словы Езуса ў іншым кантэксце нашага жыцця. Вось таму, мае даражэнькія, у духоўным жыцці вельмі патрэбныя пошукі, для таго, каб адкрыць праду, якую аб’яўляе Езус, каб гэтую праўду прысвоіць і ёй жыць.
Сёння мы становімся сведкамі пачатку місіі Езуса Хрыста, сведчаць аб гэтым Ягоныя словы прамоўленыя ў Сінагозе: “Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным, і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана.” Пасля таго, як Езус прачытаў гэтыя словы, ён сеў. Ведаеце, пастава чалавека седзячага на адпаведным месцы ў сінагозе азначала ягоны настаўніцкі аўтарытэт і дазваляла яму вучыць, настаўляць ці прапаведваць. Менавіта таму Евангеліст Лука піша далей: “А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго.”
Езус пачынае тлумачыць прачытанае Божае слова і дае найбольш верагодную інтэрпрэтацыю гэтым словам: “Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі.” Бачыце, перад тым як вытлумачыць, Езус кажа, што дадзенае прароцтва, якое змяшчалася ў гэтых словах выканалася. Такім чынам, карыстаючыся прывілегіяй настаўніцтва, Езус урачыста абвясціў, што з’яўляецца Месіяй, аб якім напісана у кнізе прарока Ісаі, што Ён прыйшоў, каб абвесціць Год ласкі Пана. Езус меў на ўвазе не толькі юбілейны год, які ізраэліты адзначалі раз у 50 год, дарэчы гэта быў час, калі дараваліся даўгі і пакаранні, найбольш гэты год быў карысны для беднякоў, для тых, хто быў вялікім даўжніком. Езус меў на ўвазе юбілейны год у больш шырокім значэнні, бо прыйшоў да людзей, якія знаходзіліся ў патрэбе, асаблівым чынам у патрэбе Божай міласэрнасці.
Таму Езус сёння і нам паведамляе аб сваёй місіі, аб тым, што мы таксама маем магчымасць дасведчыць Год ласкі Пана, бо нам таксама неабходная Божая міласэрнась. Даўгі і правіны абцяжарваюць нас, а Хрыстус прапануе аблегчыць нашую ношу. Ён згодны на тое, каб мы свае цяжары пераклалі на Яго плечы, гэтым самым становячыся свабоднымі ад граху і зла. Хрыстовы Касцёл вучыць нас, што мы можым быць на столькі свабоднымі, на колькі сваё жыццё здольныя падпарадкаваць Божай волі. Калі мы запросім да свайго сэрца Езуса Хрыста, то гэта нас робіць свабоднымі. Бо ў сваёй місіі Езус жадае ўчыніць нас людзьмі свабоднымі.
Дарагія! Нельга ніколі аддзяляць Бога ад свайго жыцця. Гэта сур’ёзная памылка. Наадварот сваё жыцц нам трэба збудаваць на еднасці з Богам, дзе нашая вера і штодзённасць цесна пераплятаюцца, толькі тады нашыя пошукі будуць удалымі, а нашая свабода сапраўднай. Бог прысутнічае з намі не толькі ў нядзелю пад час святой Імшы, і не толькі ў глыбіні нашага сэрца, асабліва калі нас прыцісне гора і тады мы ўспомнім, што Бог ёсць, але найбольш поўна Ён прысутнічае сярод нас, калі мы яго шукаем, калі знаходзім у іншым чалавеку, калі старанна выконваем абавязкі веры, вось тады можам быць упэўнены, што Бог не толькі прысутнічае сярод нас, але нам благаслаўляе, дазваляе нам адчуць радасць Свайго сяброўства.
Умілаваныя браты і сёстры! Бог вельмі жадае ўвайсці ў нашае жыццё, Ён горача прагне, каб нашыя пошукі не былі дарэмнымі, але ўвайсці ў нашае жыццё Ён можа толькі тады, калі мы самі гэтага прагнем.
Апошнім часам можам заўважыць, што чалавек вельмі часта ігнаруе права, якое ўпісана ў яго натуру, і гэтым самым стварае сваё права. Магчымагэта адбываецца па той прычыне, што чалавек нашай эпохі ўсё радзей і радзей слухае, больш любіць сам гаварыць, чым кагосьці слухаць. Таму, мае дарагія, вельмі важна навучыцца слухаць, а ў духоўным жыцці слухаць Божае слова. Бо з гэтага слухання нараджаецца вера. Божае слова жывое і дае сведчанне аб жыцці. Менавіта таму Божае слова - гэта адначасова і дар, і заданне для нас. Каб нам не згубіць таго багацця, якое змяшчаецца ў Божым слове, вельмі важна яго слухаць. Бо нашыя жыццёвыя пошукі ў большай ступені залежаць ад нашага стараннага слухання. Бо тое, што мы чуем мы разважаем, перажываем у сабе і выконваем. Год ласкі Пана, аб якім мы сёння чуем у Евангеллі – гэта дар Божай міласэрнасці, з якой мы можам, а нават павінны скарыстацца. Амэн.
Чытанні: Нядзельная Літургія Слова

Comments
Post a Comment