Гамілія на ІІ НВП, год С

"З воблака светлага пачуўся голас Айца:
Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце."

Дарагія браты і сёстры! 

Вышэй пачутыя словы ў кантэксце сённяшняга Евангелля заахвочваюць нас да перамены і паслухмянасці. Тыдзень таму мы спрабавалі разважаць аб тым, як нам належыць перамагаць спакусы. Сам Божы Сын прайшоў гэтыя няпростыя выпрабаванні. Калі мы наследуем Езуса Хрыста у Яго замілаванні і вернасці Божаму слову, то разам з Ім мы здольныя таксама перамагчы ўсялякія спакусы. Дзеля гэтага нам трэба перамяніцца, пакінуць старога чалавека з яго слабасцю і грахоўнасцю і апрануцца ў новага, поўнага ласкі і дзейнасці Божага Духа. 

Гара Перамянення — гэта не толькі гара Табор, на якой як чуем сёння Езус перамяняецца. Яшчэ гарою перамянення можам смела назваць Галгофу. Ведаю, гучыць гэта крыху незвычайна, але Галгофа таксама спрычынілася да вялікіх пераменаў. А перад тым, як вучні дасведчылі гэтыя драматычныя падзеі і ганьбу Крыжа, яны ўбачылі незвычайнае перамяненне свайго Настаўніка і ў глыбіні іх сэрцаў з’явіліся хвалебныя плёны гэтага перамянення. Да гэтага моманту Езуса амаль нічога не адрознівае ад іншых людей, апрача палымяных навукаў, прасякнутых сілаю Духа і цудаў, якія вучні паспелі пабачыць. 

Здаецца Настаўнік нічым істотна не адрозніваецца ад іншых людзей і вось надыходзіць той момант, калі Ён прапануе Пятру, Яну і Якубу ўзысці на гару, каб там памаліцца. Каб прыгожы краявід, панарама палестынскай зямлі спрыяла глыбокай спантанічнай малітве, якую вучні хацелі наследваць ад свайго Настаўніка. І ў той час знешні выгляд Езуса Хрыста істотна змяняецца, як піша Евангеліст Лука: “Калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай.” Вучні ад гэтай пары становяцца навочнымі сведкамі фізічнага перамянення свайго Настаўніка. Апача гэтага да іх далучаюцца Маісей і Ілля. Гэтая з’ява не толькі абудзіла змораных сном вучняў, але нават іх спалохала. Нічога дзіўнага тут няма, невядома як бы мы паступілі ў такой сітуацыі, калі б аказаліся на месцы апосталаў. 

Дарагія! У першую нядзелю Вялікага посту Евангелле наводзіць нас на думку, што час посту павінен стаць для нас адкрыццём і практычным сцвярджэннем таго, што Богу належыць першае месца ў нашым жыцці. Сёння мы працягнем гэтую думку, але засяродзімся над тым, ці мы выпадкова не рызыкуем, калі самі сабе ствараем уласны вобраз Бога, асабліва такі вобраз, які нам карысны? Рызыка ёсць, але тады, калі Бог будзе для нас абстрактным і далёкім. Калі мы створым такі вобраз Бога, які будзе дагаджаць усім нашым жаданням і капрызам, то гэта пагражае сур’ёзнай небяспекай нашага духоўнага жыцця.

Перамяненне Езуса з’яўляецца гістарычнай і адначасова сімвалічнай падзеяй: праз канкрэтныя гістарычныя «сімвалы» — воблака, галасы, сон — апосталы пазнаюць Божую таямніцу. Бо такім чынам праз гісторыю, у якой прысутныя знакі і сімвалы, аб’яўляе сябе сам Бог. Ужо сёння Езус Хрыстус заклікае нас да ўдзелу ў Найсвяцейшай Ахвяры, якая з’яўляецца прадвесцем Нябеснай Ахвяры ў доме нашага Айца. Няхай Божая ласка напоўніць нашыя сэрцы любоўю, каб плёны гэтай Ахвяры паспрыялі нашаму духоўнаму узросту.

Дарагія! Сённяшні фрагмент Евангелля з’яўляецца хіба адным з такіх, якія паказваюць наколькі нашая чалавечая мова можа быць слабой і недасканалай: “Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў.” Паглядзіце наколькі слабой можа быць нашая мова, каб праз яе выразіць усю веліч, належную Богу, усю хвалу, на якую Ён заслугоўвае. Аднак нават і гэтая нашая слабая чалавечая мова можа натхніць нас да глыбокіх разважанняў, а перадусім схіліцца над сваёю слабасцю і грэшнасцю і аддаць яе Богу, каб Ён воблакам сваёй хвалы ахінуў і перамяніў нас. 

Дзеля гэтага нам трэба належным чынам гэты змест паўкладаць, найлепш пачынаючы ад найважнейшых падзеяў. Такім чынам асноўны змест гэтай незвычайнай падзеі на гары Табор заключаецца ў тым, што Езус з’яўляецца праўдзівым Богам, Божым Сынам, які ўцелавіўся, прыняў чалавечую натуру, стаў падобным да нас. А ў сваім зямным жыцці Езус мог паказаць сваю Божую хвалу менавіта тым, каму яе паказаць хацеў. У гэтым жаданні Езуса не было ані ценя самалюбства, ані спробы ўзвысіцца або пахваліцца сваімі незвычайнымі магчымасцямі.

Тое, што Езус перамяняецца перад сваімі вучнямі мае вельмі важнае значэнне. Чаму? Бо Езус гэта робіць гледзячы далёка ў будучыню. Такі наглядны прыклад быў патрэбны Апосталам, а праз іх усяму Касцёлу. І вось тут мова ідзе аб другой гары перамянення, а менавіта пра Галгофу. Аб ёй напэўна Езус думаў, у той момант, калі перамяніўся перад сваімі вучнямі. Ён ведаў, што свядомасць Боскасці Езуса дапаможа вучням у цяжкую хвіліну, калі іх вера будзе паддадзена суровым выпрабаванням і досведу Крыжа. Такім чынам Езус умацоўвае веру сваіх вучняў, гэта значыць і нашу з вамі веру. Не ведаем якія цярпенні могуць выпасці на наш лёс, але аднаго мы можам быць пэўныя, у кожным нашым досведзе прысутны Бог, які нас узмацняе, які перамяніўся дзеля таго, каб мы не гублялі адвагі і не траплялі ў роспач. Хрыстус паказаў выйсце з пачалавечы безвыхаднага становішча, а гэта значыць, што і ў нас ёсць шанс, ёсць выйсце.

Толькі важная рэч, дарагія браты і сёстры, вера з якою мы прымаем Божае аб’яўленне павінна быць жывой, моцнай і сапраўднай. Традыцыйна мы вельмі прывязаныя да такога меркавання, што вера – гэта толькі моўная дэкларацыя тыпу “я веруючы католік”. І вельмі часта гэтае сцверджанне з’яўляецца не больш чым нашым светапоглядам. Канешне сцверджанне, што я веручы католік з’яўляецца безумоўна важным, гэта нават адзін з аспектаў веры, але хіба найменш істотны. А справа ў чым: для веруючага чалавека на першым месцы будзе жыццё паводле сваёй веры, у якой ён прымае хрысціянскую сістэму вартасцяў: хрысціянскую маральнасць, лад жыцця, той жа светапогляд. Веруючы чалавек прымае Евангелле і будуе сваё жыццё абапіраючыся на іерархію каштоўнасцяў паводле навучання Езуса Хрыста. Таму сапраўды веруючы хрысціянін, каталік, які ведае і сур’ёзна адносіцца да свайго ладу жыцця ніколі не стане марксістам або крайнім лібералам.

Якой жа павінна быць нашая вера? Самым галоўным і важным аспектам веры з’яўляецца жывая і дынамічная сувязь чалавека з Богам, сувязь цалкавітая, якая ахоплівае ўсе сферы чалавечай дзейнасці і быту. Верыць – гэта значыць з поўным даверам без ніякай боязі даручыць сябе Богу. Дазволіць, каб Ён заняў самае галоўнае месца ў маім жыцці. Каб Ён вырашаў аб тым, што са мною будзе. Не давяраць сваю будучыню нейкім сумніўным людзям, якія штосьці нібы “бачаць”, але даверыць Богу. Рэцэпт просты: калі я цалкам даверуся Богу, то мне няма чаго баяцца, бо Ён не хоча маёй пагібелі, але каб я навярнуўся і меў жыццё. І зараз, калі мы ведаем гэта ці перакананыя ў тым, што мы людзі цалкам веруючыя?

Напэўна, калі мы будзем разважаць далей, то прыдзем да высновы, што вера не такая і лёгкая справа, як нам на першы погляд здаецца. І адной фразы: я веруючы каталік будзе мала ў нашым жыцці, для таго, каб сапраўды быць веруючым чалавекам. Вера звязана з саліднай працай, калі дакладней казаць, то вера – гэта нават “мая вялікая Справа”, як гэта акрэсліў апостал Павел у лісце да Тэсаланікійцаў. У чым істотны сэнс гэтай справы?

На гэтае пытане вельмі выдатна адказвае сённяшняе Евангелле. Каб паверыць спачатку трэба асабіста перажыць сустрэчу з Богам, увайсці з Ім у кантакт, які мовай рэлігіі акрэсліваецца як візія, бачанне. Трэба ўбачыць Бога. Але можна з гэтым не згаджацца, кажучы, што Бога нельга ўбачыць. І часткова я з гэтым згодны: фізічна зрокам – не, але духоўна сэрцам – можна! Аднак такога роду бачанне патрабуе ад нас вялікіх намаганняў і працы, як ў сённяшняй сцэне Перамянення. 

Спачатку трэба ўвайсці на вяршыню самотнай гары. Адарваць сваю увагу ад штодзённых клопатаў, справаў і жыццёвых турботаў. Потым трэба маліцца. Маліцца не толькі адмаўляючы пацеры, але трываючы з Езусам сам насам у супакоі сэрца. Нашыя пачуцці тады павінны быць суцішаны нібы ў глыбокім сне. Што гэта за малітва, калі адмаўляем яе у пакоі, дзе уключаны тэлевізар або радыё, а нашыя думкі блукаюць дзесьці далёка ад нас. Трэба супакоіцца і засяродзіцца на малітве. І ўрэшце нам трэба пастарацца быць падрыхтаванымі, каб прыняць Бога, каб застацца пры Ім, зрабіць Яму месца ў сваім жыцці, паставіць для Яго шацёр. Гэта значыць пажадаць пастаяннай Яго прысутнасці ў нашым жыцці. Вось гэта глыбокая малітва, якая нас вядзе да перамянення, да ўмацавання нашай веры. 

Дарагія браты і сёстры! Для таго, каб быць веруючым чалавекам, каб быць блізка Бога, зусім не трэба пазбягаць суровых рэаліяў жыцця і акунацца ў нейкі іншы свет, які нас адгародзіць ад усяго і ўсіх. Наадварот, трэба жыць нармальным жыццём, якое Езус заўсёды здольны перамяняць дзеля нас, каб нашая шэрая штодзённасць была больш боскай, каб свядомасць прысутнасці Бога ў нашым жыцці ўзрастала з дня на дзень. І каб нашая вера, асабліва ў абліччы выпрабаванняў, заўсёды як мага лепш здавала экзамен з жыццёвай сталасці і вернасці Езусу Хрысту. Таму, як піша апостал Павел, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану. Амэн.

Чытанні: Catholic.by

Comments

Popular posts from this blog

Гамілія на XXVI звычайную нядзелю, год А

Гамілія на IX звычайную нядзелю, год С

Гамілія на 3 ВН, год В